Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 1999 г.


Марыя Усьціновіч, Магілеў

Магілеўскія ўлады зрабілі чарговы наступ на свабоду слова. Учора ў другой палове дня галоўны рэдактар незалежнай дэмакратычнай газэты «Тыднёвік Магілеўскі» Генадзь Суднік быў выкліканы на сустрэчу з намесьнікам начальніка ўпраўленьня юстыцыі Магілеўскага аблвыканкаму.

Падставай для размовы паслужыў шэраг публікацыяў, якія датычылі ініцыятывы легітымнага Вярхоўнага Савету па правядзеньні 16 траўня сёлета прэзыдэнцкіх выбараў. Дарэчы, у апошнім нумары газэты было надрукаванае інтэрвію з каардынатарам па ўтварэньні абласной і рэгіянальных выбарчых камісіяў Уладзімерам Шарапавым, у якім у прыватнасьці сп. Шарапаў падкрэсьліў, што нават паводле зьменаў, якія ўнёс у канстытуцыю Аляксандар Лукашэнка, тэрмін знаходжаньня прэзыдэнта на пасадзе вымяраецца 5 гадамі, што сьведчыць пра законнасьць дзеяньняў ЦэнтарВыбарКаму. У «Тыднёвіку» быў надрукаваны і разьліковы рахунак для добраахвотных ахвяраваньняў на правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў.

Усё гэта не магло не напалохаць мясцовую вэртыкаль. Чыноўнік даводзіў галоўнаму рэдактару «Тыднёвіка Магілеўскага» і сябру гарадзкой асацыяцыі «Кола Сяброў», якая зьяўляецца заснавальнікам газэты, што падобныя публікацыі антызаконныя. Даводзіў, натуральна, на падставе таго, што так гэтыя выбары ахарактарызаваў Аляксандар Лукашэнка. Вядома, што сам дзяржаўны функцыянэр мусіць ведаць усю абсурднасьць такіх заяваў, але зразумела, што запярэчыць прэзыдэнту - значыць імгненна страціць пасаду. Яму даводзілі, што любыя спробы гвалтоўнага ўмяшаньня ў пазыцыю газэты самі па сабе незаконныя і кваліфікуюцца як парушэньне права на свабоду слова. Але само разуменьне слоба «свабода» ў лексыконе магілеўскага чыноўніка напэўна адсутнічае.

Заснавальніку газэты «Тыднёвік Магілеўскі», асацыяцыі «Кола Сяброў» было вынесенае папярэджаньне - пакуль у вуснай форме, на чым сустрэча была скончаная.

Але гісторыя на гэтым ня скончылася. Літаральна праз гадзіну ўзьнік канфлікт у друкарні, у якой набіраецца газэта. Падставай нібыта паслужыў непрацяг дамовы, тэрмін якой скончыўся 1 студзеня сёлета. Але ж газэта выходзіла паўтара месяцы пасьля сканчэньня кантракту, і да апошняга моманту ніякіх прэтэнзіяў не было.

Вынікам канфлікту сталася забарона надрукаваньня ў чарговым нумары наступнага артыкулу, які датычыў перадвыбарчых жарсьцяў. «Тыднёвік Магілеўскі» - адна зь нешматлікіх газэтаў у Беларусі, якая друкуецца ў дарэформавым правапісе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG