Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Сёньня ў Гомельскую пракуратуру спрабавалі выклікаць старшыню абласнога аддзяленьня Беларускага Гельсынскага Камітэту Яўгена Мурашку.

Учора памяшканьне гомельскага аддзяленьня Беларускага Гельсынскага Камітэту наведаў пракурор агульнага аддзелу абласной пракуратуры Віталь Марозаў. Разам зь ім быў і ўласны карэспандэнт службы навінаў Беларускай Тэлевізіі Валеры Сідорчык. Апошні з апэратарам старанна здымалі пакойчык БГК, падаючы яго як рассаднік кампаніі па выбарах прэзыдэнта 16 траўня сёлета.

У памяшканьні БГК 12 лютага міліцыя ўчыніла перагляд. Былі забраныя 11 пачкаў плякатаў - па 1000 у кожным - з паведамленьнем аб травеньскіх выбарах прэзыдэнта. Старшыня рэгіянальнага аддзяленьня БГК Яўген Мурашка патлумачыў міліцыянтам, што запакаваныя плякаты пакінуў хтосьці з наведнікаў. Міліцыянты тлумачэньнямі задаволіліся і, забраўшы друкаваную прадукцыю, ад'ехалі змагацца з сапраўднай злачыннасьцю.

Пракуратура ж, як бачым, вырашыла працягваць расьсьледаваньне. Яе прадстаўнік Віталь Марозаў хацеў уручыць Яўгену Мурашку позву на 10 гадзінаў раніцы сёньня. Але сам сп. Мурашка адсутнічаў - у пакойчыку БГК дзяжурыў толькі сябра Леанід Удавенка, які ня ведаў, дзе знаходзіцца старшыня. Пакінуўшы позву, пракурорскі работнік разам з прадстаўнікамі Беларускай Тэлевізіі пайшлі з памяшканьня.

Сёньня я пацікавіўся ў пракуратуры - для чаго спатрэбіўся старшыня аддзяленьня БГК? Віталь Марозаў адмовіўся даваць якія-небудзь тлумачэньні, спаслаўшыся на тое, што без дазволу вышэйшага начальства рабіць гэтага ня мае права. Намесьнік пракурора вобласьці Алег Палавінка паведаміў, што пракуратура высьвятляе паходжаньне плякатаў пра выбары прэзыдэнта, а міліцэйскага пратаколу ёй недастаткова. Хутчэй за ўсё пракуратура спрабуе інкрымінаваць Яўгену Мурашку парушэньне артыкулу 167 часткі 2 адміністрацыйнага кодэксу - «карыстаньне плякатамі, зьмест якіх скіраваны на прычыненьне шкоды канстытуцыйнаму ладу». Пакараньне згаданы артыкул кодэксу прадугледжвае ажно трох відаў: папярэджаньне, штраф ад 10 да 100 мінімальных заробкаў і арышт да 15 сутак.

Нагадаю, што Яўген Мурашка летась у сьнежні ўжо сядзеў за кратамі 10 сутак за тое, што спрабаваў на рынку прадаць плякат «Злачынная тая дзяржава, якая парушае правы сваіх грамадзянаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG