Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 18 лютага 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Прыняцьцём заявы ў абарону незалежных газэтаў і стварэньнем аргкамітэту па сьвяткаваньні Дня Кантытуцыі і угодкаў БНР завяршылася ўчора ўвечары кансультацыйная нарада апазыцыйных партыяў, якая адбывалася ў менскай штаб-кватэры БНФ.

Паводле ініцыятывы камуністаў з апазыцыйнай ПКБ, якія баяцца публічна пашыраць інфармацыю аб кансультацыях з дэмакратамі, нарада насіла закрыты характар. У ёй прынялі ўдзел старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі, віцэ-сьпікер Генадзь Карпенка, ад Беларускага Народнага Фронту - Лявон Баршчэўскі і Юры Хадыка, ад сацыял-дэмакратаў «Народнай Грамады» - Мікола Статкевіч, ад Грамадзянскай Партыі - Станіслаў Багданкевіч і Аляксандар Дабравольскі, ад камуністаў - сп-ня Алена Скрыган. У нарадзе ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі Партыі Працы.

Кампрамісу ў асноўным пытаньні - ператварэньні кансультацыйнай нарады ў Кансультацыйна-Каардынацыйную Раду - як пастанавіў Кангрэс Дэмакратычных Сілаў, дасягнута не было. Кіраўніцтва БНФ лічыць, што межы цяперашняй кансультацыйнай нарады цалкам прымальныя, прынамсі да траўня сёлета, і каардынаваць дзеяньні апазыцыя можна ў межах гэтага воргану. Гаворка найперш вядзецца пра каардынацыю дзеяньняў падчас прэзыдэнцкай кампаніі. У мясцовых выбарах ніхто, апрача камуністаў, ня ўдзельнічае.

Разам з тым кіраўніцтва БНФ паінфармавала, што на апошнім сойме гэтай арганізацыі была зацьверджаная плятформа, якую выпрацаваў Кангрэс Дэмакратычных Сілаў. Найбліжэйшай акцыяй, у якой возьмуць удзел усе апазыцыйныя сілы - зноў-такі апроч камуністаў - стане сьвяткаваньне Дня Канстытуцыі 15 сакавіка і Угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка. Плянуецца, што аргкамітэт па сьвяткаваньні ўзначаліць вядомы беларускі гісторык Анатоль Грыцкевіч.

На нарадзе была зацьверджаная заява ў абарону беларускіх незалежных газэтаў, якія атрымалі папярэджаньні ад Дзяржкамдруку. У заяве асабіста старшыня Дзяржкамдруку Міхаіл Падгайны папярэджваецца пра адказнасьць, якую ён панясе за ціск на незалежныя сродкі масавай інфармацыі.

Як паведаміў нашаму радыё ініцыятар прыняцьця заявы Аляксандар Дабравольскі...

(Дабравольскі:) «У гэтай заяве адзначаецца, што Вярхоўны Савет прызначыў выбары прэзыдэнта. Пра гэта пачалі пісаць незалежныя газэты, а чынавенства спалохалася таго, што народу можа быць дадзенае права выбару, і яны, напэўна, ня ўпэўненыя, што захаваюць свае крэслы. І на фронце змаганьня супраць права выбару і супраць свабоды слова вызначыўся сп. Падгайны, які пачаў пасылаць папярэджаньні сродкам масавай інфармацыі, якія друкуюць дакумэнты аб выбарах прэзыдэнта. У заяве сказана, што ў парыве жаданьня паказаць сваю адданасьць ён пачаў адшукваць у гэтых публікацыях парушэньні закону, якіх на самой справе няма. І паўстае пытаньне, што рашэньне аб правядзеньні выбараў - гэта заклік да захопу ўлады, як думае сп. Падчайны, ці намаганьне даць народу права выбару? А пазбаўленьне народу права выбару, чаго дамагаецца сп. Падгайны - якраз пярэчыць закону. Таму мы выказваем рашучае абурэньне дзейнасьцю сп. Падгайнага ды іншых чыноўнікаў, якія імкнуцца пазбавіць людзей права самім выбіраць кіраўніцтва краіны, і папярэджваем, што ўсе тыя, хто парушае правы чалавека і свабоду слова, будуць непазьбежна прыцягнутыя да адказнасьці згодна з законам. Раней ці пазьней гэта адбудзецца».

Паводле словаў Аляксандра Дабравольскага, удзельнікі кансультацыйнай нарады ўсьведамляюць, якія наступствы для палітычнага сцэнару апазыцыі можа мець закрыцьцё незалежных газэтаў.

XS
SM
MD
LG