Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лютага 1999 г.


Аляксандр Лукашук, Прага

Сёньня брытанскі тэлеканал SKY, які прымаецца ва ўсім сьвеце, перадаў рэпартаж з Таліну пра знаходку ў архівах дакумэнту КГБ, у якім выкрываецца тайны агент ГБ сьвятар праваслаўнай царквы Драздоў. Дасьледнікі сьцвярджаюць, што за мянушкай «Драздоў» хаваецца цяперашні праваслаўны патрыярх Алексій ІІ.

Тэлерэпартаж брытанскіх журналістаў ня стаў у поўным сэнсе сэнсацыяй - першая публікацыя пра знаходку ў эстонскіх архівах «Справаздачы аб агентурна-апэратыўнай працы 4-га аддзелу КГБ пры Савеце Міністраў Эстонскай ССР за 1958 год» зьявілася ў маскоўскай «Новой газете». Гэта - выданьне малатыражнае. Але цішыня пасьля публікацыі была выкліканая зусім не малым накладам газэты. Калі расейскі незалежны тэлежурналіст зрабіў рэпартаж пра дакумэнты, ніводзін расейскі тэлеканал не захацеў яго паказаць.

У мінулую пятніцу брытанская Guardian прысьвяціла палову сваёй замежнай паласы рэпартажу з Таліну пад загалоўкам «Расейскі патрыярх быў агентам КГБ».

Газэта публікуе здымак «Справаздачы» эстонскага КГБ: у правым верхнім кутку грыф «Зусім сакрэтна, экзэмпляр 2, сэрыя К».

На старонцы 125 зьмешчаная кароткая справаздача пра вэрбоўку маладога праваслаўнага сьвятара, якому дадзеная мянушка «Драздоў». Сапраўднае імя не пазначанае, але ўся інфармацыя супадае зь біяграфіяй Алексія. Як і «Драздоў», Алексій нарадзіўся ў Таліне ў 1929 годзе, свабодна гаворыць па-эстонску і па-расейску, доктар тэалёгіі, займае сьвятарскую пасаду. КГБ адзначае жаданьне «Драздова» супрацоўнічаць, ягоную жывасьць, адкрытую манеру паводзінаў. Агент пачаў кар'еру з даносу на сьвятара ў гарадку Йыхві, якога абвінаваціў у скарумпаванасьці. Будучы патрыярх быў настаяцелем Багаяўленскай царквы ў горадзе Йыхві ад 1951 да 1957 году. У 1961, ва ўзросьце 32 гады, ён ужо дарос да пасады мітрапаліта. У справаздачы КГБ адзначаецца, што ягоны службовы рост браўся пад увагу падчас вэрбоўкі. У той самы год, калі Алексій стаў мітрапалітам, распачаўся і ягоны хуткі рост у Сусьветнай Радзе Цэркваў - арганізацыі, якую шчыльна кантралявала і выкарыстоўвала для сваіх мэтаў КПСС-КГБ.

РПЦ лічыць дакумэнт фальшыўкай, але не зрабіла ніякіх спробаў, каб яе абвергнуць. Патрыярх захоўвае маўчаньне. Афіцыйную пазыцыю патрыярхату прадставіў айцец Усевалад Чаплін: «Наколькі я разумею, нехта недзе знайшоў дакумэнт, у якім няма ні подпісу патрыярха, ні верагоднай інфармацыі пра ягоны удзел у такой дзейнасьці».

Абвінавачаньні на адрас Алексія ўпершыню прагучалі яшчэ ў 1991 годзе, калі парлямэнцкая камісія на чале са сьвятаром праваабаронцам Глебам Якуніным працавала ў архівах КГБ і знайшла дакумэнты пра супрацоўніцтва групы праваслаўных ерархаў з КГБ. Тады ўпершыню стала вядомая мянушка «Драздоў». Але камісія была хутка пазбаўленая доступу да архіву, ніякіх дакумэнтаў скапіяваць не ўдалося і ніякіх высноваў зроблена не было. Глеб Якунін у інтэрвью Guardian сказаў, што мянушка «Драздоў» у дакумэнтах КГБ сустракалася некалькі разоў. У адным з дакумэнтаў гаворыцца: «Агенты Драздоў і Перасьвет наведалі Англію ў складзе дэлегацыі Канфэрэнцыі Эўрапейскіх Цэркваў». Аднак Якуніну не ўдалося дабрацца да каталёгу, дзе пазначаныя сапраўдныя імёны агентаў.

Прадстаўнік Маскоўскага патрыярхату У.Чаплін заявіў, што апошнім часам зьявілася шмат розных дакумэнтаў, але асобы, якія там згадваюцца, ня мелі ўяўленьня, што такія дакумэнты пісаліся, і не давалі згоды на ніякае супрацоўніцтва. На думку Чапліна, ніводная аўтарытэтная сьвецкая ці царкоўная камісія не стане разглядаць такія дакумэнты ў якасьці доказу.

Аднак знаходка ў талінскім архіве, на думку эстонскага гісторыка Індрэка Юр'ё - першы дакумэнтальны доказ таго, што Алексій быў ня проста калябарантам, а актыўным і важным агентам, які скарыстаў КГБ для кар'ернага росту ў часе, калі афіцыйна КГБ перасьледаваў царкву.

Газэта Guardian прыводзіць словы айца Глеба Якуніна, які за савецкім часам адбываў тэрмін зьняволеньня: «Супрацоўнічаць зь дзяржавай, якая ставіць за мэту зьнішчыць рэлігію, ёсьць вялікім грахом і здрадай Хрысьціянству».

Guardian адзначае, што ў сёньняшняй Расеі патрыярх Алексій зьяўляецца важнай і ўплывовай палітычнай асобай: ягоную падтрымку цэняць у Крамлі, ён у блізкіх адносінах з адным зь верагодных наступнікаў Ельцына маскоўскім мэрам Юрыем Лужковым.

Беларускі прэзыдэнт таксама неаднаразова заяўляў пра сваю блізкасьць да Алексія ІІ. Нагадаю словы Лукашэнкі падчас адной зь нядаўніх сустрэчаў з Алексіем: «Не было ніводнай важнай падзеі ў жыцьці нашай краіны, наконт якой я не параіўся б з патрыярхам, і не было ніводнай парады патрыярха, якую б я ня выканаў».

XS
SM
MD
LG