Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лютага 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Сёньня ў Беларусі пачаўся перапіс насельніцтва.

Як было напярэдадні абвешчана, сёлетні перапіс насельніцтва будзе праведзены паводле ААН-аўскіх мэтодыкаў. Зь іх былі ўзятыя пытаньні адносна грамадзянаў і іхных жыльлёвых умоваў. Прычым сёлета будуць перапісаныя ня столькі ўмовы жыцьця, а жыльлёвы фонд, што ня ёсьць тоесныя паняцьці.

У перапісе задзейнічаныя каля 41 тысячы чалавек, 33 тысячы зь якіх будуць працаваць уласна лічыльнікамі. На кожнага ў гарадох прыпадае ў сярэднім 350 чалавек, на вёсцы - 250. Чатыры-пяць лічыльнікаў утвараюць інструктарскі ўчастак, дзесяць участкаў - перапісны аддзел; аддзелаў у раёне можа быць некалькі.

Уласна, перапіс пачаўся яшчэ да афыцыйна абвешчанай даты. З 11 да 14 лютага кожны лічыльнік мусіў абыйсьці свой участак і ўзгадніць зь яго насельнікамі зручны для іх час асноўнага вызыту.

Сёньня а 8 раніцы ў краіне пачаўся ўласна перапіс. Мне давялося паразмаўляць з двума лічыльнікамі. Імі былі студэнткі Беларускага Тэхнялагічнага Ўнівэрсытэту. Для ўдзелу ў гэтай грамадзкай кампаніі іх на месяц вызвалілі ад заняткаў. Падчас інструктарскай падрыхтоўкі іх вучылі, як запаўняць падпісныя аркушы, як паступаць у спрэчных пытаньнях. Галоўнае правіла, якое выкладалі лічыльнікам - як чалавек хоча, так і павінна быць пазначана ў аркушы.

Натуральна, што ніхто не інструктаваў наконт моўнага пытаньня - як дыфэрэнцыяваць мову: расейская, беларуская, дыялектная, ці трасянка. Як чалавек яе назаве - гэтак і запішуць. У гэтых лічыльнікаў было некалькі болей, чым паводле пляну, чалавек - 360 і 380, якіх яны мяркуюць абыйсьці на працягу некалькіх дзён. У асобныя кватэры, якія пазначаныя як «нядобранадзейныя», іх будуць суправаджаць участковыя. «Бамжоў» загадана перапісваць там, дзе сустрэнуць. Пасьля завяршэньня кампаніі іх працу праверыць інструктар, які зь імі абыйдзе 10% кватэраў, каб праверыць правільнасьць запаўненьня апытальных аркушаў. Пасьля кожная са студэнтак атрымае па тры «мінімалкі», што для іх складзе дзьве месячныя стыпэндыі.

Яны паведамілі гэтаксама, што перапісчыкаў зь ліку студэнтаў рыхтавалі цэлымі групамі, і праінструктавана было больш, чым неабходна, каб у выпадку хваробы была замена.

На пытаньне - як іх сустракаюць людзі, адказалі, што дабразычліва. Некаторыя прынцыпова патрабавалі блянкі на беларускай мове і толькі на ёй размаўлялі. Блянкі яны, дарэчы, мелі - і не выказвалі нежаданьня размаўляць на гэтай жа мове.

Іншае было ў выпадку, пра які распавёў фатограф Уладзімер Кармілкін. Да яго падчас папярэдняга абыходу прыйшоў лічыльнік. Яму Ўладзімер задаў два пытаньні.

(Кармілкін:) «На якой мове будзе праводзіцца перапіс насельніцтва і на якіх блянках? На гэта ён мне адказаў, што на расейскай мове. Калі так, кажу, дык мне з Вамі размаўляць няма пра што: вось Бог, а вось парог. Ён кажа: «Вы парушаеце закон».»

Дарэчы, законам не прадугледжаная якая-небудзь форма адказнасьці за адмову ўдзельнічаць у перапісе. Гэтая пагроза была ўжытая «на ўсялякі выпадак». І калі той жа лічыльнік прыйшоў да Кармілкіна празь некалькі гадзінаў, дык адбыўся іншы дыялёг.

(Кармілкін:) «Ён мне кажа: «Я прыйшоў, каб паказаць, што ёсць ужо блянкі на беларускай мове».»

(Лазоўскі:) Ён з Вамі на беларускай мове размаўляў?

(Кармілкін:) «На расейскай. Сьмешна, канечне. І трагічна».

Што да іншых парушэньняў падчас перапісу, дык іх пакуль не зафіксавана, як мне паведамілі ў Таварыстве Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны. Але фіксаваць такія факты там гатовыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG