Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лютага 1999 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньня раніцай прадстаўнічая дэлегацыя зь Вялікай Брытаніі, у склад якой уваходзяць члены суду прысяжных, адвакаты, супрацоўнікі Скотлэнд-Ярду ды шматлікія журналісты, што асьвятляюць судовы працэс у справе абвінавачаньня Андрэя Саванюка ў ваенных злачынствах, накіраваліся ў мястэчка Дамачава за 52 кілямэтры ад Берасьця.

На працягу некалькіх гадзінаў удзельнікі гэтага працэсу аглядалі месца, дзе падчас Другой сусьветнай вайны адбываліся масавыя забойствы мірных жыхароў, ва ўчыненьні якіх цяпер асабіста абвінавачваецца былы камэндант дамачаўскай паліцыі Андрэй Саванюк.

Паводле папярэдніх зьвестак, судовае рашэньне ў справе гэтага 77-гадовага жыхара Лёндану можа быць абвешчанае напрыканцы сакавіка. Але ўжо цяпер можна сьцьвярджаць, што гэтая справа будзе лічйыцца ўнікальным выпадкам у гісторыі судовай сыстэмы Вялікай Брытаніі. Упершыню ў сваёй практыцы брытанскі суд прысяжных прыняў рашэньне ў поўным складзе выехаць на месца злачйынства, якое знаходзіцца па-за межамі каралеўства. На мэтазгоднасьці гэтай «камандыроўкі» настойвалі адвакаты абвінавачванага, якія падчас судовага разбору спрабуюць давесьці, што іхнага падабароннага блытаюць зь іншым паліцыянтам, які таксама паходзіць з Дамачава.

Акрамя агляду месца масавых забойстваў суд прысяжных заслухаў сьведку - мясцовага жыхара Фёдара Заня, які дарэчы ўжо выклікаўся ў брытанскую сталіцу і даваў там свае паказаньні. Між тым у Дамачаве засталося яшчэ нямала жыхароў, якія памятаюць пра жудасныя падзеі 1942 году, калі было ліквідаванае мясцовае гета, і якія гатовыя пацьвердзіць, што менавіта паліцэйскі атрад пад кіраўніцтвам Андрэя Саванюка прымаў непасрэдны ўдзел у зьнішчэньні амаль 3 тысячаў гэбраяў. Адпаведныя доказы на працягу 3-гадовага сьледзтва былі сабраныя супрацоўнікамі Скотлэнд-Ярду, якія прад'явілі асабіста Саванюку абвінавачаньне ў забойстве як найменей 5 грамадзянаў.

Яшчэ напярэдадні сёньняшняй паездкі суду прысяжных у Дамачава журналісты былі папярэджаныя аб шматлікіх абмежаваньнях, якіх трэба прытрымлівацца пры асьвятленьні гэтай падзеі. Так, тэлеапэратарам і фотакарэспандэнтам забаронена здымаць прадстаўнікоў судовай інстанцыі ў твар. Акрамя таго, журналісты пазбаўлены магчымасьці браць у гэтых асобаў інтэрвію. Гэтыя жорсткія абмежаваньні ўводзяцца дзеля таго, каб суд прысяжных, які 8 лютага пачаў заключны этап разгляду гэтай справы, змог вынесьці свой вэрдыкт аб'ектыўна, не зважаючы на рэакцыю грамадзкасьці і прадстаўнікоў мас-мэдыя.

Як паведаміў пасьля прыбыцьця ў Берасьце кіраўнік прэсавай службы Міністэрства Юстыцыі Вялікай Брытаніі Майк Ўікстэд, паводле законаў гэтай краіны, абвінавачваны не абавязаны прысутнічаць падчас разгляду асабістай справы судом прысяжных, а таму сам Андрэй Саванюк на сваю былую радзіму не прыехаў. Вядома толькі, што цяпер ён фактычна знаходзіцца пад хатнім арыштам, а дагэтуль катэгарычна адмаўляўся ад сустрэчаў з журналістамі.

Што да беларускіх праваахоўных ворганаў і ў прыватнасьці адказных супрацоўнікаў берасьцейскай абласной пракуратуры, дык яны ўпэўненыя, што віна Саванюка будзе ўрэшце даказаная і ён будзе пакараны. Дарэчы, магчымасьць правядзеньня самога суду зьявілася ў 1991 годзе - пасьля прыняцьця ў Вялікай Брытаніі адмысловага Закону аб ваенных злачынствах. Згодна з гэтым законам, 77-гадоваму ўраджэнцу мястэчка Дамачава Андрэю Саванюку пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

XS
SM
MD
LG