Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лютага 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Сёньня лідэры шэрагу няўрадавых арганізацыяў Беларусі паставілі свае подпісы пад супольнай заявай у падтрымку незалежных газэтаў, якія атрымалі папярэджаньне дзяржкамдруку.

У заяве, прынятай паводле ініцыятывы Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, гаворыцца, што абвінавачаньні Дзяржкамдруку на адрас газэтаў - быццам бы яны заклікалі да захопу ўлады - ёсьць фальсыфікацыя. Аўтары заявы нагадваюць, што ў адпаведнасьці з атрыкулам 3 Закону аб друку грамадзяне «маюць права бесьперашкодна шукаць, атрымваць, выкарыстоўваць і пашыраць інфармацыю пры дапамозе друку і іншых сродкаў масавай інфармацыі, свабодна выказваць празь іх свае думкі і перакананьні». У заяве выказваецца пратэст супраць чарговых спробаў уладаў задушыць незалежнае слова ў Беларусі і заклік да суграмадзянаў і міжнароднай дэмакратычнай грамадзкасьці выказаць салідарнасьць і падтрымку незалежнай прэсе Беларусі.

Цэнтар прававой абароны СМІ пры Беларускай Асацыяцыі Журналістаў выказаў гатовасьць аказаць падтрымку ў падтрыхтоўцы судовых скаргаў на незаконнае папярэджаньне ў адрас газэтаў. Сярод першых свае подпісы пад заявай сёньня паставілі старшыня назіральнай рады Беларускай Праваабарончай Канвэнцыі Патупа, прэзыдэнт Беларускага Гельсынскага Камітэту Процька, старшыня Беларускай Эўраатлянтычнай Асацыяцыі Грыб, сябра рады Беларускай Праваабарончай Канвэнцыі Кузьмін, кіраўнік выканаўчага бюро Асамблеі Дэмакратычных Няўрадавых Арганізацыяў Беларусі Роўда, віцэ-прэзыдэт Беларускага ПЭН-Цэнтру Шэрман.

У інтэрвію для Радыё Свабода яны выказалі сваю ацэнку дзеяньняў Дзяржкамдруку. Гаворыць дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня Мечыслаў Грыб:

(Грыб:) «Папярэджаньне Дзяржкамдруку рэдакцыям шасьці беларускіх газэтаў ня мае пад сабою юрыдычнае падставы, таму што ў гэтых аб'явах ніякай пагрозы, ніякіх заклікаў няма. Я ня думаю, што гэта сыходзіць ад самога Міхаіла Падгайнага. Ён выконвае нейкія загады ад вышэйшага кіраўніцтва, адміністрацыі ці можа нават самога кіраўніка краіны. Але калі гэта йдзе - гэта яшчэ раз пацьвярджае тое, што ў нас усё больш і больш усталёўваецца надзвычайнае становішча. У гэтай сытуацыі людзі не павінны апускаць галовы, не павінны замоўчваць усе гэтыя пытаньні, а павінны неяк аб'яднацца, каб заяўляць пратэст супраць гэтых парушэньняў заканадаўства».

Пазыцыю бюро Асамблеі Няўрадавых Арганізацыяў Уладзімер Роўда сфармуляваў так:

(Роўда:) «Цяпер назіраецца спроба задушыць апошнія свабодныя газэты. Гэта зразумела, і гэтага трэба было чакаць. Калі мы зноў-такі праявім пасіўнасьць ці нейкую неарганізаванасьць і ня выступім рашуча супраць - дык тады, як кажуць, грош нам цана будзе. Таму асамблея будзе актыўна ўдзельнічаць у зборы подпісаў дзеля таго, каб максымальную колькасьць арганізацыяў далучыць да гэтага пратэсту. Мы будзем друкаваць гэта ў газэтах, дасылаць па ўсіх сваіх каналах да замежных праваабарончых арганізацыяў, а таксама ў адміністрацыю прэзыдэнта».

Сваё абурэньне выказаў віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-Цэнтру Карлас Шэрман:

(Шэрман:) «Гэта поўнае беззаконьне, ніякага парушэньня з боку гэтых газэтаў няма. Гэта замах на свабоду слова ў Беларусі, гэта можа стацца апошнім замахам, калі мы застанемся без свабоднага слова ўвогуле».

Старшыня прафкаму Менскага падшыпнікавага заводу Мікалай Кузьмін лічыць:

(Кузьмін:) «Гэта вельмі жорсткі націск на прэсу. Калі гэтыя газэты будуць закрытыя, то свабоднае слова будзе вельмі рэдка даходзіць да нашага чытача, да нашых грамадзянаў, і таму трэба ўсім жорстка адстойваць інтарэсы свабоднай прэсы і прадпрымаць усе магчымыя крокі, каб не адбылося закрыцьця гэтых газэтаў».

Свой погляд на сытуацыю выказала старшыня Беларускага Гельсынскага Камітэту Тацяна Процька:

(Процька:) «Што робіцца з газэтамі? Ім выносяць папярэджаньне. Значыць газэты ў падвешаным стане: могуць закрыць, могуць не закрыць. Друкуйце тое, што трэба - і вас ніхто не закрые. А будзеце зноў друкаваць тое, што не падабаецца ўладзе - значыцца закрыем. Тактыка - ні вайны, ні міру, ні жывы, ні мёртвы. Гэта вельмі шкодна для ўсяго нашага грамадзтва».

Нагадаю, сваю ацэнку наступства чарговага наступу ўладаў на незалежныя СМІ выказвалі прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў Беларусі.

XS
SM
MD
LG