Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лютага 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Першымі ахвярамі сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі могуць стаць беларускія незалежныя газэты. Сёньня стала вядома, што шэсьць найбуйнейшых недзяржаўных беларускіх газэтаў атрымалі папярэджаньне ад Дзяржаўнага Камітэту па Друку. Папярэджаньне аднолькавага зьместу было вынесенае газэтам за тое, што яны надрукавалі на сваіх старонках матэрыялы ЦэнтарВыбарКаму па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Інфармацыю пра вынясеньне шасьці газэтам папярэджаньня ў інтэрвію нашаму радыё пацьвердзіў кіраўнік упраўленьня прававога забесьпячэньня Дзяржкамдруку Ігар Коваль. Ён паведаміў, што папярэджаньне накіраванае ў газэты «Свободные Новости», «Народная Воля», «Наша Ніва», «Пагоня» (Горадня), «Навіны», «Белорусская Деловая Газета». Паводле словаў чыноўніка Дзяржкамдруку, папярэджаньне вынесенае...

(Коваль:) «... паводле артыкулу 5 Закону аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі».

(Карманаў:) Скажыце, Ігар Мікалаевіч, калі гэтыя газэты і надалей будуць друкаваць паведамленьні ЦэнтарВыбарКаму Беларусі - што будзе ў гэтым выпадку?

(Коваль:) «Ну, у нас жа ёсьць і іншыя санкцыі. Мы, напрыклад, маем магчымасьць прыпыніць дзейнасьць газэтаў. Гэта па-першае. Па-другое - пасьля двух папярэджаньняў альбо аднаго папярэджаньня і аднаго рашэньня аб прыпыненьні дзейнасьці газэты мы маем права зьвярнуцца ў суд з зыскам аб прыпыненьні дзейнасьці наогул».

(Карманаў:) Сёньня некаторыя газэты - у прыватнасьці, «Навіны» і «Белорусская Деловая Газета» - выйшлі-такі з абвесткамі ЦэнтарВыбарКаму аб правядзеньні выбараў 16 траўня. Ці азначае гэта аўтаматычна, што Дзяржкамдрук будзе рабіць нейкія наступныя крокі ў дачыненьні да гэтых газэтаў і гаворка можа ісьці нават пра тое, што газэты могуць быць зачыненыя?

(Коваль:) «Ну, можа быць...»

(Карманаў:) А хто будзе прымаць гэткае рашэньне?

(Коваль:) «Старшыня...»

(Карманаў:) Скажыце, калі ласка, ці могуць гэтыя газэты, якія атрымалі сёньня папярэджаньне, абскардзіць яго, як зрабіла свайго часу «Наша Ніва»?

(Коваль:) «Так, вядома, праз суд».

Кіраўнік упраўленьня прававога забесьпячэньня Дзяржкамдруку Ігар Коваль, які адказаў на нашыя пытаньні, не паведаміў зьместу папярэджаньня, якое было дасланае поштай у пятніцу. Дарэчы, пакуль папярэджаньне атрымала на рукі толькі «Белорусская Деловая Газета». Галоўны рэдактар «БДГ» Пятро Марцаў паведаміў нашаму радыё:

(Марцаў:) «Гэта вельмі кароткае, самае кароткае папярэджаньне за гісторыю газэты. У папярэджаньні гаворыцца, што мы парушылі артыкул 5 Закону аб друку ў частцы закліку да захопу ўлады - за друкаваньне дакумэнтаў няіснуючых дзяржаўных арганізацыяў».

(Карманаў:) Тым ня менш газэта выйшла з абвесткай ЦэнтарВыбарКаму пра прэзыдэнцкія выбары, прызначаныя на 16 траўня. Ці зьбіраецца газэта і надалей друкаваць гэтую абвестку?

(Марцаў:) «Так».

(Карманаў:) Скажыце, а ці зьбіраецеся вы зьвярнуцца ў суд, каб абскардзіць рашэньне Дзяржкамдруку?

(Марцаў:) «Безумоўна. Як толькі мы атрымаем абгрунтаваньне гэтага рашэньня - бо там няма абгрунтаваньня, там кароткі зьмест - мы вывучым гэтае пытаньне і, натуральна, будзем абскарджваць у судзе».

(Карманаў:) Колькі папярэджаньняў ужо мае «БДГ»?

(Марцаў:) «Паводле артыкулу 5, гэта - першае папярэджаньне, а як галоўны рэдактар я маю два папярэджаньні за парушэньне артыкулу 5. Маю папярэджаньні ад пракуратуры».

(Карманаў:) І фактычна пасьля двух папярэджаньняў Дзяржкамдруку можа весьціся гаворка пра закрыцьцё газэты. Ці рыхтуецеся вы да тагога варыянту разьвіцьця падзеяў?

(Марцаў:) «Мы гатовыя да гэтага пачынаючы ад 1995 году».

Дагэтуль нявысьветленая застаецца сытуацыя з газэтай «Имя». Галоўны рэдактар «Имя» Ірына Халіп заявіла нам, што газэта пакуль нічога не атрымала, бо не друкавала абвестку ЦэнтарВыбарКаму. Разам з тым, як паведаміў нам намесьнік галоўнага рэдактара «Навінаў» Кастусь Тарасаў - а «Навіны» таксама яшчэ не атрымалі папярэджаньня - у сьпісе газэтаў, якім вынесенае папярэджаньне, фігуруе і газэта «Имя».

Нагадаю, што на мінулым тыдні папярэджаньне атрымала таксама баранавіцкая газэта «Шаг».

Між іншым, сёньня ў Менску другі дзень знаходзіцца старшыня Дзяржкамдруку Расеі Іван Лапцеў, які ўчора правёў супольную нараду зь беларускім Дзяржкамдрукам, а сёньня, як паведамляюць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, «у дружалюбнай атмасфэры» сустракаецца з прэзыдэнтам Лукашэнкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG