Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 15 лютага 1999 г.


У Эўропе з зацікаўленьнем працягваюць сачыць за разьвіцьцём палітычных падзеяў у Беларусі. Пра абвешчаныя Вярхоўным Саветам прэзыдэнцкія выбары піша ў сваім сёньняшнім нумары нямецкая газэта Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Матэрыялам для артыкулу ў Frankfurter Allgemeine Zeitung паслужыла гутарка карэспандэнта газэты зь Міколам Статкевічам, лідэрам Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада», які на запрашэньне нямецкіх сацыял-дэмакратаў нядаўна наведаў Брусэль, Бон і Кіль, дзе вёў перамовы зь нямецкімі палітыкамі.

На думку Статкевіча, арганізаваць сапраўдныя поўнамаштабныя выбары будзе вельмі цяжка, бо арганізатарам давядзецца адолець зацяты супраціў уладаў, а таксама страх пэўнай часткі насельніцтва. Баючыся паліцыйных рэпрэсіяў сёньня людзі неахвотна падаюць свае пашпартныя зьвесткі і падпісваюць выбарчыя лісты. Выбарчым камісіям хутчэй за ўсё давядзецца літаральна хадзіць па кватэрах, бо ўлады наўрад ці дазволяць адчыніць выбарчыя ўчасткі.

Тым ня менш, беларускія сацыял-дэмакраты спадзяюцца, што супольнымі намаганьнямі апазыцыйных сілаў удасца вывесьці краіну з палітычнага тупіка. Кандыдатам Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада» на прэзыдэнцкіх выбарах будзе экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір. Сп. Статкевіч выказаў спадзяваньне, што кандыдатуру Чыгіра падтрымае й Аб'яднаная Грамадзянская Партыя.

Frankfurter Allgemeine Zeitung не абыйшла ўвагай і іншыя актуальныя палітычныя праблемы - выбары ў мясцовыя саветы, набліжэньне перарэгістрацыі палітычных партыяў, палітычныя спэкуляцыі вакол інтэграцыі Беларусі з Расеяй.

Напрыканцы гутаркі Мікола Статкевіч падкрэсьліў важнасьць заходняй дапамогі для Беларусі - як у гуманітарнай сфэры (прыкладам - дзейнасьць арганізацыяў для дапамогі дзецям Чарнобыля), так і ў палітычнай - пратэсты заходніх палітыкаў супраць палітычнага ўціску ў Беларусі. Калі б ня гэта, зазначае сп. Статкевіч у інтэрвію газэце Frankfurter Allgemeine Zeitung, дык я б сядзеў у турме не паўтара месяцы, а ўжо не адзін год».

XS
SM
MD
LG