Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 1999 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Юбілейная 10-я гадавіна вываду савецкіх войскаў з Афганістану стала чароднай порцыяй ханжаскіх спачуваньняў і расповедаў аб «інтэрнацыянальным абавязку». У былым саюзе, прамой пераемніцай якога, на жаль, зьяўляецца сёньняшняя наша афіцыйная Беларусь, не прынята каяцца аб учыненым.

Прэзыдэнт краіны Аляксандр Лукашэнка заснаваў нават мэдаль у знак 10-годдзя вываду савецкіх войскаў, улічваючы, як сказана ва ўказе, «вялікі ўклад воінаў-інтэрнацыяналістаў у патрыятычнае і інтэрнацыянальнае выхаваньне грамадзянаў». Што ж думаюць самі афганцы пра свой «вялікі ўклад»?

Анатоль Мароз:

«Тады думалі - можа, правільна, а зараз - бяруць сумненьні, магчыма, дарма».

Старшыня Гомельскай гарадзкой Рады ўдзельнікаў Афганістану Міхаіл Жукевіч:

«Я толькі магу сказаць адно - трымаць 10 гадоў войскі ў Афганістане было бессэнсоўна».

Вялікае расчараваньне афганскай кампаніяй адчуваецца ў словах Сяргея Несьцяровіча:

«Канечне, трэба ахоўваць межы свааёй Бацькаўшчыны. Так, калі мы езьдзілі на апэрацыі, над намі лунаў сьцяг, на якім было напісана «За нашу Советскую Родину!» Але памятаю зьдзіўленьне і непаразуменьне - дзе ж тут мая «савецкая Радзіма?»»

Прыгаданыя інтэрвію я браў сёньня ўранку, калі прыблізна каля двухсот былых афганцаў сабраліся на плошчы Працы, каб ускласьці вянкі і кветкі да помніку салдату-вызваліцелю Вялікай Айчынай Вайны. Палеглым у Афганістане помніка ў горадзе няма. Гадоў восем таму высілкамі гарадзкіх уладаў быў усталяваны камень з адпаведнаю шыльдаю побач з кінатэатрам «Кастрычнік». Міналі гады, а сродкаў на збудаваньне абэліску не было. Урэшце, маці палеглых афганцаў заявілі, што калі тут і будзе ўзьведзены помнік, сюды яны ня прыйдуць. Бо, як высьветлілася, у 1941-1943 гадох менавіта ў гэтых месцах былі могілкі нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў.

Летась улады гораду і Савецкага раёну адшукалі новае месца для помніка афганцам, у 5-м мікрараёне, і заклалі нават першую цагліну. А пакуль афганцы зьбіраюцца менавіта на плошчы Працы. Адсюль яны, перш чым разьехацца на могілкі сяброў, накіраваліся ў сабор Пятра і Паўла. Тут адбылася паніхіда па юнаках, забітых у Афганістане. Іх у нашым рэгіёне шмат - ажно 119. Яшчэ двое загінулі ў свой час у Сірыі і Эгіпце. Два дзясяткі гамельчукоў- афганцаў памерлі ад раненьняў пасьля вываду войскаў. 87 назаўсёды засталіся інвалідамі. А ўсяго праз агонь бессэнсоўнай вайны прайшлі 3719 хлапцоў і з нашае вобласьці.

Чэчэнскіх магілаў у рэгіёне, падаецца, толькі дзве - гэта тых салдатаў, што нарадзіліся на Гомельскай зямлі, але жылі ў Расеі і служылі ў расейскім войску. Уратавала нас ад чэчэнскіх магілаў менавіта незалежнасьць Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG