Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Старшыня Цэнтральнай Камісіі па выбарах прэзыдэнта Беларусі Віктар Ганчар днямі быў афіцыйна папярэджаны ворганамі бясьпекі ў тым, што ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці за антыдзяржаўную дзейнасьць. Сёньня ў адказ на гэта ў Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі перададзены афіцыйны акт ад імя старшыні Цэнтральнай Камісіі, у якім дзеяньні КГБ кваліфікуюцца як парушэньне Канстытуцыі і законаў аб выбарах.

Нагадаем, што ў суботу раніцай Віктар Ганчар быў дастаўлены ў Камітэт Дзяржбясьпекі, дзе зь ім правялі «прафіляктычную гутарку». У той самы дзень Цэнтар інфармацыі й грамадзкіх сувязяў КГБ пашырыў паведамленьне аб афіцыйным папярэджаньні Ганчару. Прадстаўнік прэсавага цэнтру камітэту сп. Котаў адмовіўся сёньня ў размове з карэспандэнтам Радыё Свабода прывесьці нейкую дадатковую інфармацыю і заявіў, што ўсё ўжо сказана ў адпаведнай заяве. У гэтым дакумэнце згадваецца рашэньне Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня прызначыць прэзыдэнцкія выбары на 16 траўня сёлета. Асабіста Віктар Ганчар абвінавачваецца ў тым, што ён падрыхтаваў плян правядзеньня выбарчай кампаніі ды распачаў актыўную яго рэалізацыю.

Далей у паведамленьні гаворыцца: «Праведзеная праверка паказала, што дзейнасьць Ганчара і сяброў узначаленай ім Цэнтральнай Камісіі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь пярэчыць дзейнаму заканадаўству, правакуе дэстабілізацыю грамадзка-палітычнай абстаноўкі ў Рэспубліцы і можа прывесьці да зьдзяйсьненьня злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкулу 61 прым - «змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады» Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым Ганчару В.І. вынесенае афіцыйнае папярэджаньне і растлумачана, што падобная дзейнасьць у далейшым можа прывесьці да злачынства ды пацягне за сабой крымінальную адказнасьць. Аб вынесеным папярэджаньні паведамлена Пракуратуры Рэспублікі Беларусь».

Цікава, што ў інфармацыйных выпусках Белтэлерадыё 13 лютага гаварылася аб папярэджаньні Ганчару з боку Пракуратуры, а не КГБ - гэтая інфармацыя зьявілася пазьней.

Некаторыя падрабязнасьці аб тым, што здарылася ў той дзень, паведаміў сёньня намесьнік старшыні Цэнтральнай Камісіі па выбарах прэзыдэнта Барыс Гюнтэр. Зазначу, што Віктар Ганчар цяпер знаходзіцца ў службовай камандыроўцы. Са словаў Барыса Гюнтэра вынікае, што за старшынём ЦэнтарВыбарКаму ўжо даволі працяглы час вялося вонкавае назіраньне. 13 лютага зранку за ім сачылі асабліва пільна, а потым фактычна пад прымусам даставілі ў КГБ. Пры гэтым гутарка з Ганчаром прадстаўнікоў камітэту, імёны якіх пакуль не называюцца, запісвалася на відэакамэру. На думку Барыса Гюнтэра, усе гэтыя захады сьведчаць пра пэўную разгубленасьць уладаў:

(Гюнтэр:) «Гэта сьведчыць аб тым, што ў прынцыпе і ГБ і ўлады ня ведаюць - што ім сёньня рабіць з камісіяй ЦэнтарВыбарКаму, таму што сёньня практычна завершаная праца - мінуючы адміністрацыю прэзыдэнта і вэртыкаль - па стварэньні рэгіянальных камісіяў. І гэта вельмі небясьпечна для кіраўнічых ворганаў, таму што сёньня такая хваля ўлучылася ў працу, на якую мы нават не разьлічвалі».

Барыс Гюнтэр паведаміў таксама, што сёньня ён разам зь сябрам камісіі Баранавым даставіў у КГБ афіцыйны дакумэнт Цэнтральнай Камісіі па выбарах прэзыдэнта за подпісам Ганчара. У дакумэнце, перададзеным дзяжурнаму, гаворыцца, што дзеяньні кіраўніцтва КГБ пярэчаць Канстытуцыі і ствараюць незаконныя перашкоды для дзейнасьці камісіі, што трэба лічыць правапарушэньнем. Нагадаем, што раней падобныя акты былі прынятыя ў дачыненьні да супрацоўнікаў КГБ і ворганаў унутраных справаў Гомельскай вобласьці, якія канфіскавалі ў аднаго зь сябраў Цэнтральнай Камісіі па выбарах інфармацыйныя плякаты. Дарэчы, напярэдадні - у пятніцу - «Белорусская Деловая Газета» з спасылкай на паінфармаваныя крыніцы паведаміла, што пачаў зьдзяйсьняцца плян забесьпячэньня мерапрыемстваў, скіраваных на зрыў кампаніі прэзыдэнцкіх выбараў. У гэтым пляне важная роля адведзеная ворганам дзяржаўнай бясьпекі, якім, у адпаведнасьці з новым законам аб КГБ і зьменам у крымінальным кодэксе, нададзеныя шырокія паўнамоцтвы. У прыватнасьці, у арсэнал КГБ вярнулася практыка савецкага часу, калі грамадзянаў запрашалі ў «ворганы» і праводзілі зь імі «прафіляктычныя гутаркі», а таксама папярэджвалі аб яшчэ ня ўчыненых імі злачынствах.

XS
SM
MD
LG