Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 15 лютага 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Менску адбыліся суды над удзельнікамі ўчорашняй акцыі «Беларусь - у Эўропу», прымеркаванай да дня Сьвятога Валянціна. Паводле дадзеных «Маладога Фронту», які праводзіў учорашняе шэсьце па амбасадах, судамі папярэджаныя 10 чалавек, 2 аштрафаваныя і адзін - намесьнік старшыні «Маладога Фронту» Яўген Скочка - атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

На суды Цэнтральнага й Савецкага раёнаў Менску лёг сёньня цяжар судзіць юнакоў і дзяўчатаў - удзельнікаў учорашняга шэсьця па амбасадах заходніх краінаў. Да вечара ўсе суды з гэтай ганаровай місіяй супраць закаханых пасьпяхова справіліся. Усяго паводле дадзеных «Маладога Фронту», якія пацьвярджае інфармацыя з прэс-службы менскай міліцыі, у суды было прывезена 13 паўналетніх грамадзянаў Беларусі. Некаторыя зь іх, як Алесь Пяткевіч, былі папярэдне зьбітыя і правялі ноч у ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, а сёньня з раніцы ўжо патрапілі да судзьдзяў.

Аб тым, як затрымвалі Алеся Пяткевіча, распавядае ўдзельнік учорашніх падзеяў Сяргей Міхальчук, які таксама быў схоплены ўчора на праспэкце Скарыны:

(Міхальчук:) «Было вельмі шмат людзей у цывільным. Яны хадзілі па натоўпе і чапляліся да моладзі, а пад канец акцыі пачалі хапаць людзей. Накідваліся на людзей, выхоплівалі іх з натоўпу і запіхвалі ў машыны, не паказваючы дакумэнтаў. Тактыка ў іх была звычайная: тут на Алеся накінуліся людзі ў цывільным, ён, вядома, аказаў ім супраціў, яны яго павалілі і сталі біць нагамі».

Паводле словаў Сяргея Міхальчука, яго спрабавалі абвінаваціць у зьневажаньні міліцыянтаў ды аказаньні супраціву падчас арышту. Ужо меліся адпаведныя рапарты міліцыянтаў, аднак выратавала журналісцкае пасьведчаньне, атрыманае напярэдадні ў адной зь незалежных беларускіх газэтаў. Відаць, прыйшоў загад зьверху, і празь некалькі гадзінаў усіх затрыманых журналістаў і падлеткаў пачалі адпускаць на волю. А вось астатнім удзельнікам шэсьця «Беларусь - у Эўропу» ня так пашанцавала. Супраць іх учорашнія рапарты спрацавалі сёньня - у судах. Як распавядаюць асуджаныя, большасьці быў інкрымінаваны той самы набор парушэньняў: удзел у несанкцыянаваным шэсьці, зьнявага міліцыянтаў пры затрыманьні. З трынаццаці дзесяцёра атрымалі за гэта папярэджаньні, а двое, паводле зьвестак «Маладога Фронту» - грашовыя штрафы. Больш за іншых дасталося кіраўніку акцыі - Яўгену Скочку. Намесьніку старшыні «Маладога Фронту» вядомы судзьдзя Анатоль Барысёнак з Цэнтральнага Суду даў 10 сутак арышту. З будынка суду Яўген Скочка быў завезены ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна.

Нагадаем, што і паводле афіцыйных дадзеных за ўдзел ва ўчорашняй акцыі было пакарана 13 чалавек. Аднак міліцыя не паведамляе пра тое, што на шэсьці затрымваліся таксама непаўналетнія. «Малады Фронт» сьцьвярджае, што ўсяго было схоплена да двух дзясяткаў падлеткаў. Некаторыя зь іх жорстка зьбітыя. Да прыкладу, быў зьбіты Алесь Пікула з Баранавічаў. Пасьля «знаёмства зь міліцыянтамі Алесь яшчэ здолеў дабрацца дадому, але сёньня ён адчувае сябе настолькі дрэнна, што нават не ўстае.

«Малады Фронт» зрабіў спэцыяльную заяву з прычыны рэпрэсіяў: «Мы разглядаем рэпрэсіі ў дзень Сьвятога Валянціна як ганьбу рэжыму і патрабуем неадкладнага вызваленьня аднаго з нашых лідэраў - Яўгена Скочкі - ды спыненьня перасьледу ўсіх юных апазыцыянэраў».

XS
SM
MD
LG