Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 лютага 1999 г.


На долю Свабоднага прафсаюзу Менскага трактарнага заводу выпала чарговае выпрабаваньне ягонага жыцьцёвага рэсурсу. Адміністрацыя прадпрыемства ажыцьцявіла яшчэ адну спробу здушэньня прафсаюзнай арганізацыі.

Гэтая спроба выявілася на бягучым тыдні, хоць, як цяпер можна меркаваць, выношвалася даўно. Рабочыя заводу, што ўваходзяць у Свабодны прафсаюз мэталістаў, якім днямі адміністрацыя раздала разьліковыя квіткі аб заработнай плаце за студзень, раптам высьветлілі, што бухгальтарская служба заводу ня ўзяла зь іх сяброўскіх складак. Гэтыя складкі цягам усяго існаваньня прафсаюзу рэгулярна браліся ў памеры 1% ад месячнага заробку. Цяпер яны апынуліся на руках сяброў арганізацыі. Першапачатковая вэрсія пра бухгальтарскую памылку хутка разьвеялася, паколькі яна закранула ўвесь колькасны склад прафсаюзнай суполкі МТЗ, у якую ўваходзяць 250 рабочых - працаўнікоў самых розных структурных падразьдзяленьняў заводу.

Пацьвердзілася іншая вэрсія пра сьвядомы характар бухгальтарскіх дзеяньняў у дачыненьні да сяброў Свабоднага прафсаюзу. Намесьнік галоўнага бухгальтара заводу Людміла Гілеп патлумачыла старшыні прафсаюзнай суполкі Вячаславу Козелу, што прыпыненьне фінансавай апэрацыі са складкамі сапраўды мела форму сплянаванае акцыі, але дзеля гэтага, нібыта, былі юрыдычныя падставы, а менавіта: адсутнасьць адмысловага пагадненьня паміж адміністрацыяй і Свабодным прафсаюзам МТЗ на 1999 год. Гэтае пагадненьне, у сваю чаргу, павінна, паводле тлумачэньня сп-ні Гілеп, грунтавацца на калектыўнай дамове паміж названымі бакамі, якая пакуль таксама не заключаная.

Дзіўна, але ўсе гэтыя юрыдычныя падставы, нават калі пагадзіцца зь іхнай аб'ектыўнасьцю, ня існуюць і для бухгальтарскіх дзеяньняў са складкамі трактаразаводзкай арганізацыі афіцыйнага прафсаюзу. Між тым, ніякага фінансавага байкоту гэтаму прафсаюзу бухгальтэрыя заводу не зрабіла. Спроба Вячаслава Козела атрымаць тлумачэньні і дапамогу ад вышэйшага начальства заводу ня мела посьпеху. Фінансавы дырэктар прадпрыемства Аляксандр Бойка заявіў лідэру свабоднага прафсаюзу, што яму, нібыта, нічога не вядома пра гэтую справу.

Паводле вынікаў праведзенага расьследаваньня, прадстаўнікі Свабоднага прафсаюзу МТЗ зрабілі цьвёрдую выснову пра тое, што адміністрацыя заводу зрабіла чарговы крок у справе ліквідацыі на прадпрыемстве іхнай арганізацыі. Сапраўды, выснова абгрунтаваная, паколькі новы крок лягічна ўкладваецца ў ланцуг папярэдніх захадаў кіраўніцтва трактарнага заводу, накіраваных супраць існаваньня тут гэтай арганізацыі. Варта нагадаць, што паводле меркаваньня ейных сяброў, ініцыятарам расправы выступіў сам прэзыдэнт краіны Аляксандар Лукашэнка, які падчас знаходжаньня на МТЗ 1 сьнежня летась мусіў выслухаць непрыемную для сябе прамову Вячаслава Козела аб заганнасьці сёньняшняй сацыяльна-эканамічнай палітыкі ў дзяржаве. Адмова бухгальтэрыі трактарнага заводу абслугоўваць фінансавую дзейнасьць Свабоднага прафсаюзу, на думку ягоных актывістаў, можа адмоўна паўплываць на колькасны склад арганізацыі. Справа ў тым, што цяпер ствараецца сытуацыя калі грашовыя складкі рабочыя мусяць прыносіць у арганізацыю самі. У выніку, паводле прагнозу трактарабудаўнікоў, пасіўная частка суполкі Свабоднага прафсаюзу можа спыніць матэрыяльную падтрымку арганізацыі і наагул адыйсьці ад удзелу ў ейным жыцьці. Між тым, колькасьць сяброў прафсаюзу, як вядома, адыгрывае не апошнюю ролю ў ягонай дзеяздольнасьці. Значных прафсаюзных мэтаў як правіла дасягаюць толькі масавыя арганізацыі.

Зрэшты, ня гледзячы на ўзьніклыя складанасьці, Свабодны прафсаюз МТЗ, як заявіў нашаму радыё ягоны лідэр Вячаслаў Козел, паміраць пакуль не зьбіраецца.

Міхал Стэльмак, Менск

XS
SM
MD
LG