Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 лютага 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

У Маскве адбылося паседжаньне выканаўчага камітэту беларуска-расейскага саюзу. На ім быў зацьверджаны бюджэт саюзу на 1999 год. Расейскі прэм'ер-міністар Яўген Прымакоў запэўніў, што нягледзячы на эканамічны крызыс, бакі будуць фінансаваць саюзныя праграмы.

Сёньняшні дзень пачаўся зь перамоваў Яўгена Прымакова і Сяргея Лінга сам-насам. Потым да іх далучыліся прадстаўнікі ўрадаў, і прайшло паседжаньне выканаўчага камітэту беларуска-расейскага саюзу.

На паседжаньні быў зацьверджаны саюзны бюджэт на 1999 год. І гэта бадай ці не адзіны вынік працы прэм'ер-міністраў. Як вынікае з дакумэнтаў, бюджэт саюзу Беларусі й Расеі будзе складаць 800 мільёнаў расейскіх рублёў. Плянуецца, што 520 мільёнаў выдзеліць Расея, а 280 – Беларусь.

На выніковай прэсавай канфэрэнцыі Яўген Прымакоў пакрыўдзіўся на журналіста, які спытаўся, чаму Расея недастаткова фінансуе саюзны бюджэт. «Вы адсталі ад жыцьця – заявіу Прымакоў журналісту – сёньня мы зацьвердзілі бюджэт з улікам дадатковага фінансаваньня».

Але гэтае выказваньне расейскага прэм'ер-міністра можна паставіць пад сумнеў. Сапраўды, у параўнаньні зь мінулым годам саюзны бюджэт павялічыўся. Але толькі ў рублёвым вылічэньні. Калі перавесьці ўсё ў даляры, дык зацьверджаны сёньня бюджэт у два з паловай разы меншы за леташні. 40 мільёнаў даляраў супроць 100 мільёнаў. Акрамя таго, варта нагадаць, што ў 1998 годзе бюджэт быў выкананы ня больш чым напалову. Пасьля жнівеньскага крызысу ўрады і Беларусі і Расеі амаль спынілі ягонае фінансаваньне. У выніку не былі прафінсаваныя шматлікія саюзныя праграмы. Напрыклад, спынілася рэалізацыя вельмі амбіцыйнага праекту фінансава-прамысловай групы «БелРусАўта».

Але Яўген Прымакоў заявіў сёньня, што нягледзячы на эканамічны крызыс і праблемы з уласным бюджэтам, Расея мае намер падтрымліваць саюзныя праграмы.

З вуснаў Яўгена Прымакова прагучала таксама падтрымка ідэі валютнага саюзу паміж Беларусьсю і Расеяй. «Але, - заявіў Прымакоу, - мы ня будзем ажыцьцяўляць гэта ў бліжэйшыя тыдні. Да гэтага трэба рыхтавацца». Расейскі прэм'ер-міністар таксама зазначыў, што цяпер ён не гатовы сьцьвярджаць, што адзінай валютай саюзу будзе менавіта расейскі рубель.

Тым часам як Прымакоў і Лінг праводзілі сваё паседжаньне, пра лёс саюзу ўспомнілі і дэпутаты расейскай Дзярждумы. Прадстаўнік дэпутацкай групы «Народаўладзьдзе» Сяргей Глотаў выступіу на паседжаньні Думы і заявіў, што трэба надаць большую галоснасьць таму, як выконваюцца пагадненьні, якія Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка падпісалі напрыканцы сьнежня ў Маскве. Прынамсі, паводле словаў расейскага дэпутата, ужо цяпер павінна быць вядома, калі і якім чынам будзе праводзіцца рэфэрэндум па пытаньні аб'яднаньня Беларусі й Расеі.

Па ўсім бачна, прыхільнікі аб'яднаньня пачынаюць праяўляць заклапочанасьць. Справа ў тым, што паводле расейскіх законаў, мінімальны тэрмін падрыхтоўкі фэдэральнага рэфэрэндуму – 250 дзён. Такім чынам, нават калі пачаць сёньня, да канца году можна не пасьпець. Гэта непакоіць расейскіх дэпутатаў значна больш, чым пытаньні, якія абмяркоўвалі Яўген Прымакоу і Сяргей Лінг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG