Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 лютага 1999 г.


Галіна Айзэнштат, Менск

Завяршыўся візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Комі і ўва Ўдмуртыю. Яго вынікі сьведчаць, што нягледзячы на ранейшыя гучныя заявы беларускага кіраўніцтва, дачыненьні паміж дзьвюма краінамі далей за лёзунгі ня йдуць.

Завяршэньне візыту Аляксандра Лукашэнкі ў два чарговыя расейскія рэгіёны супала з правядзеньнем у Маскве пасяджэньня выканкаму «саюзу Расеі й Беларусі». Старшыня выканкаму расейскі прэм'ер Яўген Прымакоў заявіў, што збліжэньне Расеі й Беларусі павінна йсьці паступова і плянамерна, а кожнаму новаму этапу - папярэднічаць грунтоўная падрыхтоўчая праца.

З гэтага можна зрабіць высновы: пляны Аляксандра Лукашэнкі - на працягу сёлетняга году завяршыць працэс аб'яднаньня дзьвюх краінаў у саюзную дзяржаву - ня будуць рэалізаваныя.

Ускосна гэта пацьвердзіў і сам Лукашэнка падчас цяперашняга свайго візыту ў расейскія рэгіёны. Так, у сталіцы Рэспублікі Комі, выказваючы зацікаўленасьць ва ўзаемным эканамічным супрацоўніцтве - Беларусь спадзяецца на пастаўкі паперы, коксу, нафты, а сама можа пастаўляць сюды прадукцыю машынабудаваньня і лёгкай прамысловасьці - ён заклікаў знайсьці такія схемы разьлікаў, каб абыйсьціся бязь цьвёрдай валюты. Пры гэтым Лукашэнка паабяцаў, што, магчыма, праз тры гады (значыць, на аб'яднаньне не спадзяецца?) удасца пазбавіцца ад бартэру.

Цяпер, зазначу, доля бартэру ва ўзаемаразьліках Беларусі з Расеяй дасягнула аж 60%, што робіць саюзную дзяржаву ня вельмі прывабным партнэрам для Расеі, у якой самой не хапае жывых грошай.

У Іжэўску - гэта ўжо сталіца Удмуртыі - Лукашэнка праявіў інтарэс да супрацоўніцтва ў галіне ваенна-прамысловага комплексу. Да прыезду беларускай дэлегацыі - у яе складзе між іншым быў і дзяржаўны сакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман - на мясцовым электрамэханічным заводзе адрамантавалі і перадалі прадстаўніку беларускага Міністэрства Абароны ракетна-зэнітныя комплексы «Аса», якія знаходзяцца на ўзбраеньні беларускай арміі.

Прапаноўваючы ўдмурцкім уладам аб'яднаць намаганьні ў гэтай сфэры, Лукашэнка зазначыў: «Паверце, на працягу аднаго-двух гадоў вы забудзецеся, што ў вас былі праблемы зь нейкімі там заробкамі, пэнсіямі». Як тут не ўзгадаць вопыт супрацоўніцтва Беларусі зь Яраслаўскім маторным заводам пад патранажам беларускага прэзыдэнта? Лукашэнка выпрошваў крэдыты ў расейскіх фэдэральных уладаў, гэтыя сродкі накіроўваліся ў Яраславаль для вытворчасьці матораў, і, нарэшце, гатовыя маторы паступалі ў Беларусь - для МАЗаў. Аднак, паколькі крэдыты паступалі нерэгулярна і ня ў поўным аб'ёме, Яраслаўскі завод часта прастойваў, а з-за яго цярпеў страты і МАЗ.

Аднак і сёньня ў Маскве на выканкаме беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале з старшынём Савету Міністраў Сяргеем Лінгам зноў узьняла пытаньне аб праграме дызэльнага аўтамабілебудаваньня. Лукашэнка жадае мець хоць нейкія рычагі эканамічнага ўплыву хоць на паасобныя расейскія рэгіёны. У гэтым рэчышчы падпісаны шэраг пагадненьняў і ў Комі, і ўва Ўдмуртыі.

Але вось што цікава: кіраўнікі абедзьвюх рэспублік падкрэсьлівалі - і гэта дарэчы прагучала ўпершыню за ўсе папярэднія паездкі Лукашэнкі ў расейскія рэгіёны - што падрыхтаваныя праграмы супрацоўніцтва павінны быць ухваленыя фэдэральнымі ўладамі. Раней на Маскву расейскія рэгіянальныя эліты не азіраліся і не прымалі ў разьлік яе думку.

І яшчэ адна цікавая акалічнасьць. Падчас цяперашняга візыту Аляксандар Лукашэнка ўпершыню заявіў, што ён выконвае і інфармацыйныя функцыі, бо яго не задавальняе тая інфармацыя пра Беларусь, якая пашыраецца на тэрыторыі Расеі. Разам з тым прэзыдэнт заявіў, што прыяжджае ў Расею не для таго, каб апраўдвацца, а каб выказаць аб'ектыўны пункт погляду на працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі.

Падобна, у адносінах Беларусі й Расеі ўсё вяртаецца назад, а прасоўваньня хоць у нечым наперад - так і няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG