Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Нягледзячы на тое, што беларускія ўлады адмаўляюць існаваньне ў краіне праблемы расейскага фашызму, самі прыхільнікі й кіраўнікі прафашысцкай арганізацыі зусім па-іншаму ацэньваюць стан і пэрспэктывы сваіх суполак у Беларусі, а таксама характар свайго ўзаемадзеяньня зь беларускай намэнклятурай.

Тое, што так званая «міжрэгіянальная арганізацыя Расейскае Нацыянальнае Еднасьці» не зарэгістраваная Міністэрствам Юстыцыі і фармальна як бы не існуе, не замінала ёй на працягу апошніх гадоў папаўняць шэрагі прыхільнікаў і ствараць новыя суполкі ў беларускіх гарадах. Паводле словаў цяперашняга кіраўніка расейскіх фашыстаў у Беларусі Глеба Самойлава, які зьмяніў на гэтай пасадзе Андрэя Валіуліна (Валіулін стаў інвалідам і лечыцца ў Падмаскоўі), пярвічныя арганізацыі яны ўжо стварылі ў 11 рэгіёнах, а ўсяго маюць прыхільнікаў больш як у 20 беларускіх гарадах. Пры гэтым фашысцкі функцыянэр сьцьвярджае, што ягоная арганізацыя мае сваіх людзей у многіх дзяржаўных структурах, і гэтыя чыноўнікі ўжо цяпер абараняюць інтарэсы РНЕ і, фактычна, самі зьяўляюцца ўдзельнікамі руху расейскіх нацыстаў.

Самойлаў назваў "выдатнымі" дачыненьні сваёй арганізацыі з праваахоўнымі органамі ў Беларусі. Фашысты ня раз практыкавалі супольнае патруляваньне гарадзкіх вуліцаў разам зь міліцыяй. Найбольш цесныя сувязі, як сьцьвярджае Самойлаў, яны падтрымлівалі са сталічным Першамайскім райаддзелам унутраных справаў. Варта заўважыць, што расейскія фашысты ў Беларусі, у адрозьненьне ад сваіх маскоўскіх гаспадароў, значна больш асьцярожныя ў выкарыстаньні фашысцкай сымболікі. Многія зь іх апасаюцца адкрыта хадзіць па вуліцы ў чорнай уніформе са свастыкай на рукаве і карыстацца фашысцкім прывітаньнем. Гэта, аднак, зусім не азначае іхнага якога-небудзь асаблівага стаўленьня да гэтай праблемы. Свастыку яны называюць спрадвечным расейскім сымбалем сонцавароту, а прывучыць да яе беларусаў хочуць паступова, пачынаючы хоць бы з улётак на сьценах будынкаў. Гэтых улётакў з выявай свастыкі ў Менску ды іншых буйных гарадах Беларусі становіцца ўсё болей. Прычым, паставым міліцыянэрам і камунальнікам, якім жорстка прадпісана зрываць і зьнішчаць выявы Пагоні і бел-чырвона-белага сьцягу, ніякіх інструкцыяў адносна фашыскай свастыкі ад начальства не паступала.

Мэта фашыстаў - навесьці ў Беларусі так званы «расейскі парадак». Дабівацца ейнага дасягненьня яны зьбіраюцца ня толькі ствараючы ваенізаваныя падразьдзяленьні, але і шляхам удзелу ў выбарах, у прыватнасьці - у парлямэнцкіх. Расейскім фашыстам даспадобы многія палітычныя ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі. Яны гатовыя нават аказаць усялякую дапамогу ў ягоных памкненьнях па зьнішчэньні беларускай незалежнасьці. Праўда, некаторыя крокі Лукашэнкі фашысты не ўхваляюць. Так, Лукашэнкаў «патрыятычны саюз моладзі» Самойлаў называе інкубатарам для вырошчваньня новых бюракратаў, якія, седзячы на шыі ўва ўлады, вучацца красьці і браць хабар.

Кіраўніцтва РНЕ не адмаўляе, што ягоныя прыхільнікі на мінулым тыдні ля плошчы Перамогі ў Менску зьбілі прадстаўнікоў «Хартыі-97». Лідэр фашыстаў Самойлаў расцэньвае гэты факт як прыкрую выпадковасьць - маўляў, Саньнікаў і ягоныя спадарожнікі самі справакавалі прыхільнікаў РНЕ, якія раздавалі фашысцкую літаратуру. Пасьля гэтага прызнаньня, любыя заявы беларускай міліцыі і пракуратуры пра тое, што яны ня могуць знайсьці тых, хто зьбіваў Саньнікава, выглядаюць, сама меней, крывадушнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG