Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Год таму ў Менску быў арыштаваны дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня і вядомы прадпрымальнік Андрэй Клімаў. За час знаходжаньня ў сьледчым ізалятары Клімаў не пагадзіўся ні з водным з выстаўленых яму абвінавачаньняў і наагул ня стаў удзельнічаць у сьледчых мерапрыемствах. Сёньня ў Менску адбыўся пікет у падтрымку Андрэя Клімава ды іншых палітвязьняў.

Андрэя Клімава арыштавалі раніцай 11 лютага мінулага году. Падпільнавалі ў двары ягонага дома на вуліцы Жукоўскага, як злодзеі падпільноўваюць сваю ахвяру ў цёмным завулку. Арышт праводзілі супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, што само па сабе незвычайна - гэтыя "спэцы" дзейнічаюць выключна супраць мафіі. Відаць, Клімаў, які будаваў дамы ў Менску і займаўся апазыцыйнай палітычнай дзейнасьцю, успрымаўся ўладай як вельмі небясьпечны злачынца. Ужо праз 4 гадзіны пасьля арышту на кватэры Клімава прайшоў перагляд, падчас якога жонка Тацяна і даведалася, што мужу інкрымінуюць парушэньне парадку ажыцьцяўленьня прадпрымальніцкай дзейнасьці. Нагадаем, што фірма Клімава будавала прэстыжнае жытло, у тым ліку і дом нумар 7 па вуліцы Лодачнай, дзе плянавалася разьмясьціць і прэзідэнта Лукашэнку. Ужо сам гэты факт ставіць пад сумнеў абвінавачаньне, быццам бы Клімаў ня меў ліцэнзіі. Пазьней ужо ў турме прадпрымальнік быў абвінавачаны таксама ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці. Дарэчы, гэта зьяўляецца традыцыйным абвінавачаньнем для ўнутраных праціўнікаў беларускага рэжыму. Аднак ні з водным з абвінавачаньняў дэпутат не пагадзіўся. На знак пратэсту ён двойчы трымаў галадоўку і дагэтуль не здрадзіў сваёй адмове ўдзельнічаць у сьледчых дзеяньнях, якую абвесьціў у першыя дні пасьля арышту. У выніку пасьля дзейнасьці дзьвюх сьледчых брыгадаў пракуратуры Клімаву так і няма чаго прад'явіць. Нядаўна гэта фактычна пацьвердзіў генэральны пракурор Алег Бажэлка, які паведаміў, што расьследаваньне справы Клімава працягнутае яшчэ на 4 месяцы. Прычынай была названая неабходнасьць правядзеньня гэтак званай будаўнічай экспэртызы. Генпракурор, аднак, не патлумачыў, чаму гэтая экспэртыза не была праведзеная на працягу году.

Сам Андрэй, паводле слоў ягонай жонкі Тацяны Леановіч, лічыць, што яго перасьледуюць выключна за палітычную дзейнасьць. Сапраўды, можна ўзгадаць надзвычайную актыўнасьць дэпутата як напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году, так і пасьля гэтай падзеі. У прыватнасьці, за некалькі дзён да арышту Клімаў распаўсюдзіў вэрдыкт парлямэнцкай камісіі, якая расцаніла дзеяньні прэзыдэнта Лукашэнкі напярэдадні рэфэрэндуму як злачынства. Не выключана, што менавіта гэты крок дэпутата і стаў той кропляй, пасьля якой улады вырашылі пакласьці канец апазыцыйнай дзейнасьці Клімава. Сьледзтва аднак працягвае настойваць на выключна крымінальных матывах затрыманьня дэпутата.

У афіцыйных заявах кіраўніцтва пракуратуры Клімаў таксама фігуруе як прадпрымальнік, які парушыў пэўныя артыкулы Крымінальнага кодэксу. Аднак варта ўзгадаць, што сам арышт Клімава, на якога распаўсюджваўся дэпутацкі імунітэт, быў праведзены з парушэньнем закону. Вось што заявіў на гэты конт на сёньняшнім пікеце ў падтрымку палітвязьняў старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі:

(Шарэцкі:) «Дыктатарскі рэжым парушыў усялякія канстытуцыйныя і прававыя нормы і без дазволу Вярхоўнага Савету арыштавалі ня толькі Клімава, але яшчэ раней Кудзінава. І вось сёньня над Клімавым суду ніякага не было, а ўжо прайшоў год. Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, які ў нас рэжым - дыктатарскі, антынародны».

Усё больш людзей у Беларусі, дый ва ўсім сьвеце далучаюць свой голас да патрабаваньня вызваліць дэпутата з турмы. Сёньня на пікеце, які адбыўся на вуліцы Гарадзкі Вал, да гэтага патрабаваньня далучыліся яшчэ сотні менчукоў.

XS
SM
MD
LG