Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 1999 г.


На наступным тыдні ў аўторак у Беларусі пачынаецца перапіс насельніцтва. 25 лютага ў перапісную кампанію ўключаецца Казахстан, на працягу двух гадоў гэтую працэдуру павінны прайсьці і іншыя постсавецкія краіны. Аналітык нашага радыё Пол Гоўбл у сувязі з гэтым зазначае, што падчас перапісу дзяржавы непазьбежна пераканаюцца, наколькі палітычнай справай зьяўляецца статыстыка.

Гаворачы пра будучы перапіс, Пол Гоўбл прадбачыць, наколькі драматычнаю будзе гэтая кампанія, колькі дыскусіяў яна спародзіць. Для такой высновы ён бачыць як мінімум некалькі прычынаў.

Па-першае, давядзецца прайсьці праз сур'ёзнае змаганьне дзеля таго, каб высьветліць, якія менавіта пытаньні трэба задаць падчас перапісу. Напрыклад, ці варта, каб у перапісных аркушах стаяла пытаньне наконт этнічнай або нацыянальнай прыналежнасьці - ці дастаткова будзе пазначыць толькі грамадзянства? Калі задаваць пытаньне наконт этнічнай прыналежнасьці, то вынікі перапісу ў некаторых краінах могуць прадэманстраваць сур'ёзныя зьмены ў колькасным складзе нацыянальных групаў. У выпадку Ўкраіны, напрыклад, назіральнікі прадбачаць, што этнічнымі расейцамі назаве сябе нашмат менш народу, чым падчас апошняга перапісу, які адбываўся яшчэ за савецкім часам - у 1989 годзе. Фіксацыя падобных зьменаў амаль напэўна пацягне за сабой вялікія палітычныя наступствы, таму, несумненна, многія будуць выступаць за выключэньне нацыянальнага пытаньня зь перапісу. З другога боку, калі зусім абыйсьці гэтую тэму - наступствы таксама будуць нядобрымі. Многія этнічныя меншасьці несумненна расцэняць гэта як намер дамінантнай нацыі праглынуць, альбо, прынамсі, праігнараваць іх. Значыць, нацыянальныя групы будуць настойваць на тым, каб падчас перапісу акцэнтавалася ўвага на нацыянальнасьці - бачачы ў гэтым магчымасьць абароны свайго статусу ў постсавецкіх дзяржавах.

Па-другое, адзначае Пол Гоўбл, вялікай палітычнай праблемай стане пытаньне аб тым, якую інфармацыю абнародваць і калі. Многія людзі яшчэ ад савецкага часу захавалі звычку ня надта шмат зьвестак аб сабе паведамляць дзяржаве. Некаторыя ня ўпэўненыя, што інфармацыя, выкладзеная ў апытальніку, ня пойдзе далей і не абернецца потым супраць іх саміх. Вядома, абвяшчаецца, што матэрыялы перапісу будуць выключна канфідэнцыйнымі. Зь іншага боку, любая спроба афіцыйных асобаў неяк выкарыстаць атрыманую інфармацыю непазьбежна спародзіць падозраньні, што чыноўніцтва перайначыла вынікі апытаньня на сваю карысьць.

І, нарэшце, трэцяе, што адзначае Пол Гоўбл: атрыманая інфармацыя спрычыніцца да новага вітку барацьбы за пераразьмеркаваньне палітычных уплываў і бюджэтных асыгнаваньняў - гэтая барацьба будзе цягнуцца яшчэ шмат часу і пасьля заканчэньня перапісу. Калі з матэрыялаў перапісу будзе вынікаць, што патрабуецца, напрыклад, зьмяніць памер выбарчай акругі або павялічыць бюджэтныя фонды - тыя сілы, каму гэта выгодна, натуральна, будуць настойваць на абнародваньні вынікаў. І наадварот: тыя, што ад гэтага страцяць - будуць катэгарычнымі праціўнікамі галоснасьці.

І ў рэшце рэшт, калі высьветліцца, што перапіс быў няпоўным - а журналісты напэўна ж завостраць увагу на выпадках, калі нехта будзе прапушчаны - насельніцтва ў такіх рэгіёнах будзе расцэньваць недакладнасьць у лічбах як палітычную змову.

XS
SM
MD
LG