Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 1999 г.


Алесь Мікалайчанка, вёска Вежы, Слуцкі раён

Перамогай Беларускага незалежнага прафсаюзу і ягонай першай вясковай пярвічкі завяршыліся перамовы лідэраў БНП і дырэкцыі саўгасу «Слуцк». Адміністрацыя саўгасу ў прысутнасьці прадстаўнікоў Слуцкага райвыканкаму і Слуцкага райкаму прафсаюзаў работнікаў аграпраму прызнала правы новастворанага асяродку незалежнага прафсаюзу.

Як паведаміў старшыня арганізацыі Незалежных прафсаюзаў у саўгасе «Слуцк» Мікола Сьмірноў, ягоная пярвічка зь першых дзён стварэньня ў леташнім лістападзе сутыкнулася з жорсткім супрацьстаяньнем з боку дырэкцыі саўгасу, ягонага кіраўніка Васіля Ачапоўскага. Таму наступны індывідуальны страйк Міколы Сьмірнова, распачаты ў сярэдзіне студзеня, скіраваны ня толькі супраць невыносных умоваў працы саўгасных шофераў, але й супраць ігнараваньня адміністрацыяй факту зьяўленьня ў грамадзкім жыцьці гаспадаркі суполкі Незалежнага прафсаюзу.

Але каб учорашнія перамовы адбыліся, заўважыў Мікола Сьмірноў, спатрэбіліся неаднаразовыя прыезды ў саўгас кіраўнікоў ды юрыстаў Беларускага Незалежнага прафсаюзу. Урэшце, як знак добраў волі, гэтымі днямі страйковец спыніў сваю акцыю. Тым ня менш, намесьнік дырэктара саўгасу Васіль Бадыль адразу ж паставіў посьпех перамоваў пад пытаньне. Маўляў, і ён сам, і дырэктар гаспадаркі, які на гэты момант знаходзіцца па справах у сталіцы, ня супраць існаваньня ў саўгасе суполкі Незалежнага прафсаюзу, але вось лідэры пярвічкі - "ня тыя людзі", "кепскія працаўнікі"...

Пасьля абмену крытычнымі стрэламі юрыст Беларускага Незалежнага прафсаюзу Тамара Шалмакова здолела растлумачыць сп. Бадылю, што вытворчыя дачыненьні нельга пераносіць на прафсаюзную арганізацыю, і паводле заканадаўства, адміністрацыі з суполкаю БНП належыць заключыць калектыўнае пагадненьне. А ўжо абіраць альбо пераабіраць сваіх лідэраў - гэта ёсьць правам выключна саміх прафсаюзьнікаў. З чым, нарэшце, пагадзіўся і Васіль Бадыль.

У пятніцу саўгасны афіцыйны прафкам разам зь лідэрамі пярвічкі Незалежнага прафсаюзу падасьць у адміністрацыю гаспадаркі адзіны тэкст калектыўнага пагадненьня, які ў выпадку прыняцьця яго дырэкцыяй будзе падпісаны трыма бакамі.

Што ж думаюць пра вынікі перамоваў назіральнікі?

Вось што кажа старшыня Слуцкага райкаму ФПБ прафсаюзу работнікаў аграпраму Людміла Заламай: «Працаваць трэба разам, бо мэты ў нас адзіныя».

А вось меркаваньне сябра Аб'яднанай Грамадзянскай партыі, настаўніцы гісторыі Вежаўскай сярэдняй школы Зінаіды Цімошык: «Заработная плата цяпер зусім нізкая - чатыры, пяць мільёнаў. А кілаграм каўбасы - шэсцьсот тысячаў. Канечне ж, я падтрымліваю Незалежны прафсаюз».

XS
SM
MD
LG