Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Справа аб забойстве прэзыдэнцкага кантралёра Яўгена Мікалуцкага вернутая з Найвышэйшага Суду Беларусі на дадатковае расьсьледаваньне ў пракуратуру краіны. Такім чынам, крымінальная калегія Найвышэйшага Суду палічыла недастатковымі доказы, сабраныя сьледчымі, чыю працу прэзыдэнт Беларусі ўжо пасьпеў назваць «бліскучым расьсьледаваньнем».

Зьвесткі пра тое, што судзьдзі не прынялі да разгляду вынікі расьсьледаваньня справы Яўгена Мікалуцкага, зьявіліся яшчэ некалькі дзён таму. Але толькі сёньня праз афіцыйныя сродкі масавай інфрамацыі стала вядома, што справа Яўгена Мікалуцкага сапраўды вернутая ў пракуратуру на дадатковае расьсьледаваньне. Цікава адзначыць, што гэтую інфармацыю распаўсюдзіла не пракуратура краіны, а Найвышэйшы Суд - у сёньняшнім паведамленьні агенцтва БЕЛТА.

Між тым яшчэ два дні таму генэральны пракурор краіны Алег Бажэлка ня здолеў адказаць на дакладнае пытаньне - ці вернутая справа Мікалуцкага на дадатковае расьсьледаваньне. «У мяне такой інфармацыі няма. Паводле нашых зьвестак справу дагэтуль вывучаюць у Найвышэйшым Судзе», - казаў у панядзелак Алег Бажэлка.

Сёньня яму пярэчаць крыніцы з Найвышэйшага Суду. У прыватнасьці, у арганізацыйным упраўленьні суду не хавалі зьвестак пра тое, што справа Мікалуцкага была адпраўленая ў пракуратуру яшчэ два тыдні таму і паводле ўсіх нормаў ужо павінна была патрапіць да пракурораў.

«Справу Мікалуцкага адхілілі на разьмеркавальным паседжаньні Крымінальнай калегіі», - паведаміла мне супрацоўніца ўпраўленьня. У перакладзе зь бюракратычнай мовы гэта азначае, што вынікі расьсьледаваньня, праведзенага пракуратурай, ня вытрымалі ўжо першага экзамэну судзьдзяў.

Нагадаем, што Яўгена Мікалуцкага забілі ў пачатку восені 1997 году. Справа адразу трапіла на асабісты кантроль прэзыдэнта Лукашэнкі. Ня дзіва, што да расьсьледаваньня былі прыцягнутыя найлепшыя сьледчыя з пракуратуры краіны ды спэцыялісты з КГБ і міліцыі. Ужо празь некалькі дзён пасьля выбуху ў Магілеве былі праведзеныя першыя арышты асобаў, якіх потым абвясьцілі падазраванымі ў забойстве прэзыдэнцкага кантралёра.

А з пачатку мінулага году пракуратура краіны ўпэўнена пачала заяўляць, што ведае забойцаў і пасьпяхова давядзе расьсьледаваньне да суду.

Летась улетку, падчас дыпляматычнага скандалу ў Драздох справа Мікалуцкага нечакана набыла яшчэ больш грознае гучаньне. Прэзыдэнт Лукашэнка заявіў, што забойцы Мікалуцкага рыхтавалі замах і на прэзыдэнта, і ня выключыў, што ніткі змовы цягнуліся менавіта ў Дразды. Аднак далей міжнародная вэрсія не атрымала разьвіцьця, і калі ў кастрычніку летась генэральны пракурор Алег Бажэлка абвясьціў расьсьледаваньне завершаным, у справе, паводле ягоных словаў, фігуравалі толькі трое грамадзянаў Беларусі.

Супраць чацьвертага ўдзельніка тэракту і арганізатара замаху на прэзыдэнта - Валерыя Ткачова - крымінальная справа была спыненая з той прычыны, што Ткачоў скончыў жыцьцё самагубствам у магілеўскім сьледчым ізалятары, - паведамілі праз афіцыйныя СМІ сьледчыя.

Літаральна ў той самы час прэзыдэнт Лукашэнка назваў іх працу «бліскучым расьсьледаваньнем», а генэральны пракурор Алег Бажэлка выказаў спадзяваньне, што суду над забойцамі Яўгена Мікалуцкага засталося чакаць нядоўга. Пры гэтым генэральны пракурор заўважыў, што працэс павінен быць закрыты, бо ён закранае пэўныя дзяржаўныя таямніцы.

Пэрспэктыва закрытага суду ў справе Мікалуцкага адразу выклікала пратэст з боку грамадзтва, праваабарончых арганізацыяў і родных абвінавачваных асобаў. Недзяржаўныя СМІ Беларусі пашырылі інфармацыю аб заяве маці аднаго з абвінавачваных Янчэўскага, якая пагражала самаспаленьнем у выпадку, калі суд пачнецца за закрытымі дзьвярыма. «Мой сын не прызнае сябе вінаватым. Ён паведамляе з турмы, што зь яго зьдзекуюцца, яго зьбіваюць», - казала маці журналістам.

Невядома, што больш падзейнічала на рашэньне Крымінальнай калегіі Найвышэйшага Суду - пратэсты грамадзянаў ці хібы сьледчых, але ў выніку судзьдзі палічылі доказы віны, сабраныя ў пракуратуры, недастатковымі і далі сьледчым яшчэ адзін шанец выканаць даручэньне прэзыдэнта.

Дарэчы, факт вяртаньня справы ў пракуратуру дагэтуль там ня тое, што не камэнтуецца, а нават не прызнаецца. Кіраўнік прэсавай службы пракуратуры краіны Аляксей Таранаў і сёньня заяўляе: «Кіраўніцтва нічога не паведаміла мне наконт справы Мікалуцкага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG