Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 10 лютага 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Праваахоўныя ворганы Беларусі паводзяць сябе ў дачыненьні да сяброў «Русского Национального Единства» як мінімум дзіўна - затрыманыя ўчора РНЕшнікі былі адразу адпушчаныя. 9 лютага на допыт быў выкліканы сябра аргкамітэту «Хартыі-97» Зьміцер Бандарэнка, якога спрабуюць абвінаваціць у нападзе на баркашоўцаў. (Эфір 9 лютага).

У Савецкім РАЎСе Менску нашаму радыё паведамілі, што чатырох РНЕшнікаў, затрыманых падчас антыфашыстоўскага рэйду 8 лютага, выпусьцілі нават ня склаўшы пратаколу затрыманьня. Дзяжурны Савецкага РАЎСу Сідорын адмовіўся паведаміць прозьвішчы затрыманых баркашоўцаў, заявіўшы, што проціпраўных дзеяньняў яны не ўчынялі.

Нагадаю, што РНЕшнікі распаўсюджвалі газэту «Русский Порядок» з выяваю свастыкі і адкрыта вэрбавалі на вуліцы новых сяброў у сваю арганізацыю. Зрэшты, гэтыя дзеяньні яны ўчыняюць кожны панядзелак, але фактаў затрыманьня баркашоўцаў, акрамя ўчорашняга, няма. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, менавіта ў Савецкім РАЎСе Менску РНЕшнікі знаходзяць падтрымку, чым тлумачыцца надзвычай брутальныя дзеяньні супрацоўнікаў Савецкага РАЎСу ў дачыненьжні да затрыманых падчас маніфэстацыяў апазыцыянэраў.

Ня менш дзіўнымі зьяўляюцца паводзіны супрацоўнікаў Партызанскага РАЎСу Менску, куды 9 лютага на допыт быў выкліканы сябра аргкамітэту «Хартыі-97» Зьміцер Бандарэнка. На допыт таксама выклікаўся Андрэй Саньнікаў, але з-за кепскага стану здароўя ад візыту ў Партызанскі РАЎС ён адмовіўся.

Зьміцер Бандарэнка паведаміў нашаму радыё неверагодны факт: на той самы час, што й Бандарэнку, у РАЎС выклікалі баркашоўцаў, якія адкрыта дэфілявалі ў калідорах.

(Бандарэнка:) «Гэтыя людзі ходзяць са свастыкай - са значкамі свастыкі - і гэта не выклікае ніякага зьдзіўленьня ні ў сьледчага, ні ў супрацоўнікаў міліцыі».

Паводле словаў Зьміцера Бандарэнкі, сам допыт быў ня менш дзіўны. Па калідорах і кабінэтах хадзілі баркашоўцы, якіх Бандарэнка павінен быў апазнаваць. Як мінімум гэта азначае, што яны Бандарэнку бачылі. Але факту апазнаньня так і не адбылося. Больш за тое, Бандарэнка таксама ня выключыў, што хартыстам імкнуцца «прышыць» напад на баркашоўцаў. Гэтую выснову Бандарэнка зрабіў паводле пытаньняў, якія задаваў сьледчы - начальнік сьледчага аддзяленьня Партызанскага РАЎСу Васіль Насановіч.

(Бандарэнка:) «Мой сьледчы адразу заявіў, што ў кожнай партыі ёсьць сваё канструктыўнае - і ў камуністаў, і ў БНФ, і ў РНЕ. Я сказаў - і ў фашыстаў таксама? Ён пацьвердзіў: так, і ў фашыстаў таксама. Я кажу - ну, цікава, Вы кажаце літаральна як прэзыдэнт Лукашэнка...»

Паводле вынікаў сьледства стане зразумела, у якой ступені сьледчыя ворганы Беларусі спачуваюць расейскім фашыстам.

XS
SM
MD
LG