Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора падчас нарады ў пытаньнях сацыяльна-эканамічнага стану Беларусі прэзыдэнт Лукашэнка ўпершыню выказаў сваё стаўленьне да ініцыятывы Вярхоўнага Савету аб правядзеньні ў траўні 1999 году прэзыдэнцкіх выбараў.

З папярэджаньнямі на адрас ініцыятараў прэзыдэнцкіх выбараў ужо неаднойчы выступалі і пракуратура, і Міністэрства Юстыцыі. Учора ўпершыню на гэты конт выказаўся і прэзыдэнт. На нарадзе з вэртыкальнікамі ён заявіў: «Як толькі гэтыя дзеячы ў выглядзе рознага кшталту шарэцкіх, грыбаў і шушкевічаў дойдуць да пэўных узроўняў, галава ім будзе скручаная на працягу сутак. У нас хопіць сілы, каб супрацьстаяць гэтаму ахвосьцю».

Потым у размове з журналістамі Лукашэнка сказаў, што ня мае ані фактычных, ані юрыдычных падставаў для правядзеньня парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. «На падставе чаго я прызначу прэзыдэнцкія выбары, калі тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў паводле дзейнай канстытуцыі ня скончыўся? - задаў ён рытарычнае пытаньне і працягваў: - Рэфэрэндум быў легітымны, і апазыцыя ў асобе аджылага Вярхоўнага Савету XIII скліканьня ня мае права яго аспрэчваць».

Паводле словаў прэзыдэнта, ён можа пайсьці на выбары толькі абвясьціўшы аб сваёй адстаўцы. «Але калі я пайду ў адстаўку - дзе гарантыя, што гэтыя фашыствуюшчыя малодчыкі заўтра не перавернуць краіну?» - пытаўся Лукашэнка. Ён выказаў спадзяваньне, што нават цяпер, у гэты цяжкі час апазыцыя ўсё адно прайграе выбары.

Свае меркаваньні наконт заяваў прэзыдэнта выказаў у інтэрвію Радыё Свабода дэпутат Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч:) «Я прыехаў толькі што з Сэулу, дзе абмяркоўвалася пытаньне - ці можна выхаваць чалавека так, калі ён паходзіць зь нейкай невядомай сям'і, каб ён стаў прыстойным чалавекам, грамадзянінам для будучыні? Дык вось, у пэўным узросьце гэта можна зрабіць, лічыць канфэрэнцыя, на якой я быў. Але мне здаецца, што для нашага прэзыдэнта гэта ўжо страчана. А тое, што ён на ўсіх злуецца - гэта факт. І першае, што зрабіў прэзыдэнт у сваім выказваньні - ён пацьвердзіў, што ён быў і застаецца хамам.

Другое, што ён тут зрабіў - ён паказаў, што ён парушае тую самую канстытуцыю, якую ён зацьвердзіў, як быццам бы, на «рэфэрэндуме» і, як быццам бы, гэтую канстытуцыю прыняў народ. Ну калі ж ты падпарадкоўваесься канстытуцыі, як жа ты можаш гаварыць, што ты прызначыш выбары? Прэзыдэнт жа не прызначае выбары! Іх прызначае, паводле ягонай канстытуцыі, гэтак званы «парлямэнт», а паводле нармальнай канстытуцыі - законны парлямэнт, што ён і зрабіў.

Трэцяе. Ён пацьвердзіў, што ён абсалютна ня лічыцца з гэтай «палатай», а таксама і з астатняй намэнклятурай.

Чацьвёртае, што я тут бачу - прэзыдэнт пацьвердзіў, што бандытызм зьяўляецца афіцыйнай палітыкай Беларусі, якую ён узначальвае - вось той «Беларусі». Таму што калі раней ён зьбіваў паветраныя шары, калі раней ён кідаў у турму людзей ні за што ні пра што, дык цяпер ён кажа, што ён паскручвае галовы тым, хто яму не падабаецца. Гэта - ягоны стыль.

Цяпер далей. Пятяе. Пра што ён гаворыць? Ён гаворыць пра «фашыствуюшчых малодчыкаў». Вы ведаеце што, у нас сапраўды ёсьць малойчыкі вельмі падобныя да фашыстаў. Але ж гэта - спараджэньне прэзыдэнта. Яны ж падтрымваюць прэзыдэнта, гэта прадстаўнікі гэтак званага «Русского Национального Единства». Іх ненавідзяць у Расеі, іх ужо б'юць і выганяюць з Расеі. Я думаю, што яны будуць законам забароненыя ў Расеі, і яны тут знаходзяць прытулак. І я не выключаю, што калі ім не спадабаецца прэзыдэнт, дык і яго прытаўкуць. Але яны - ягонае спараджэньне.

Іншымі словамі - эканоміка ў нас ідзе ўніз, выхаду няма і трэба нешта гаварыць. Паглядзіце, як зруйнаваўся міт аб тым, што наш прэзыдэнт папулярны ў народзе. Каб ён быў папулярны, ён бы пайшоў на гэтыя выбары. Але ён баіцца народу і баіцца выбараў. Гэты міт аб яго высокім рэйтынгу - гэта чыстае глупства. Гэта тое, што зроблена на заказ прэзыдэнта і за ягоныя грошы. І цяпер ужо ясна, чаго ён баіцца. Ён больш за ўсё баіцца ўласнага народу. І таму Вярхоўны Савет вельмі правільна пастанавіў, што прызначыў выбары. Я лічу - яны павінны паказаць - каго народ падтрымвае, за кім ён пойдзе».

(Дракахруст:) Які сэнс, на Ваш погляд, маюць словы Лукашэнкі пра гарантыі ў выпадку, калі ён сыйдзе з пасады прэзыдэнта?

(Шушкевіч:) «Няма ніякіх гарантыяў. Ён будзе адказваць перад судом - перад судом справядлівым. Гарантыі ягоныя няхай абараняюць любыя юрысты, але парушаць закон дзеля яго нельга. Ён будзе адказваць паводле таго закону, паводле той Кастытуцыі, на якой прысягаў. І суд вырашыць - якую ён павінен атрымаць кару. Таму што - я так лічу - ёсьць падставы лічыць яго злачынцам».

(Дракахруст:) А Вы ня лічыце, што ён можа ўсё ж такі пайсьці на выбары?

(Шушкевіч:) «Гэта будзе самы разумны крок у ягонай нягеглай сытуацыі. Але ён разумее, што ён іх прайграе, таму ён на іх ня пойдзе».

Наконт пагрозаў з боку прэзыдэнта Станіслаў Шушкевіч сказаў:

(Шушкевіч:) «Ён страшыць і кажа: я з вамі паступлю так, як зь Лявонавым. Але ведаеце што, тут баяцца трэба болей, бо за нашымі сьпінамі вельмі многа актыўных выбаршчыкаў, у тым ліку і ў Менску. Я думаю, што ён проста не рызыкуе, ён хоча нас застрашыць, але застрашыць яму ня ўдасца».

XS
SM
MD
LG