Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Учора прэзыдэнт Лукашэнка зьняў з пасады міністра ўнутраных справаў Валянціна Агальца і прызначыў на гэтую пасаду генэрала Юрыя Сівакова, які дагэтуль кіраваў унутранымі войскамі Беларусі. Гэтае рашэньне стала працягам кадравых перастановак, распачатых у канцы мінулага году.

Як і леташнія кадравыя зьмены, адстаўка Агальца праведзеная надзвычай мякка. Ён быў вызвалены ад пасады на асабістую просьбу і атрымаў чарговы вайсковы ранг - генэрал-лейтэнант. Прэзыдэнт публічна паабяцаў, што былы міністар атрымае дыпляматычную працу ў адной з краінаў СНД. Нагадаем, што тры гады таму папярэдніка Агальца - Юрыя Захаранку - здымалі з апячатаньнем кабінэту і абвінавачаньнямі ў хабарніцтве і змове з апазыцыянэрамі.

Цяпер людзей, якія б выклікалі ў прэзыдэнта падазрэньні ў неляяльнасьці, у ягоным атачэньні ўжо не засталося. Ляяльных мяняюць на звышляяльных - на тых, хто зможа больш эфэктыўна праводзіць зададзеную лінію. З афіцыйных камэнтароў цяжка зразумець чаму генэрал Агалец быў адпраўлены ў адстаўку. Ва ўрадавых колах ходзяць розныя вэрсіі. Найбольш простая палягае ў тым, што былы міністар ня здолеў стрымаць рост цяжкой злачыннасьці. Але звычайна ў палітычных сыстэмах, кшталту сучаснай беларускай, адстаўка высокага чыноўніка ёсьць вынікам ягонай паразы ва ўнутрыапаратных гульнях. Як перадаюць некаторыя крыніцы, у сп. Агальца ня склаліся адносіны з дзяржаўным сакратаром Рады Бясьпекі Віктарам Шэйманам. Ускосным пацьверджаньнем гэтаму зьяўляецца той факт, што толькі летась камісія Рады Бясьпекі некалькі разоў правярала працу МУС. Кажуць таксама, што напрыканцы мінулага году ў міністра ўзьніклі пэўныя супярэчнасьці з генэральным пракурорам Алегам Бажэлкам. Дзяржсакратар Рады Бясьпекі і генпракурор перамаглі, і Агалец быў вымушаны сыйсьці. Ну і нарэшце кажуць, што на адной з апошніх нарадаў у прэзыдэнта былы міністар выказаў сумнеў у тым, што ў выпадку завайстрэньня сацыяльна-палітычнае сытуацыі ў краіне, шараговы і сярэдні склад міліцыі выканае любы загад.

Жыцьцёвы шлях новага міністра Сівакова падобны да шляху Валянціна Агальца. Ён таксама прыйшоў у МУС з вайсковых структураў. Але ўваччу сучаснай улады ён мае пэўную перавагу перад папярэднікам: два гады сп. Сівакоў папрацаваў у апараце Рады Бясьпекі. Так што ў яго канфліктаў зь Віктарам Шэйманам не прадбачыцца.

Падчас працы ў Радзе Бясьпекі Юрыю Сівакову давялося выконваць вельмі адказную палітычную місію. У 1995 годзе ён быў адным з кіраўнікоў урадавай камісіі ў справе інцыдэнту зьнішчэньня паветранага балёну з двума штатаўскімі аэранаўтамі. Менавіта гэта стала пачаткам імклівага кар'ернага росту сп. Сівакова. Такімі чынам, ягонае сучаснае прызначэньне на пасаду міністра ёсьць, фактычна, прызначэньнем палітычным. Уладзе на ключавой сілавой пасадзе патрэбная асоба, якая здолее прымусіць падначаленых выканаць любы загад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG