Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Кіраўнікі палітычных партыяў, якім Кангрэс Дэмакратычных Сілаў Беларусі даручыў распрацаваць парадак і рэглямэнт Каардынацыйна-Кансультацыйнай Рады, 9 лютага правялі другі раўнд перамоваў.

Як і першы, другі раўнд праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Склад удзельнікаў перамоваў быў звыклы. Не хапала, як і ў мінулы аўторак, Мiколы Статкевіча - лідэр Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада» знаходзіцца зь візытам у Нямеччыне. Гэтым разам згаданую партыю прадстаўляў першы намесьнік Статкевіча Мячэслаў Грыб.

Права вэто, якое згодна зь першым раўндам перамоваў можа атрымаць у Каардынацыйна-Кансультацыйнай Радзе кожная з трох найбуйнейшых партыяў дэмакратычнага накірунку, а менавіта - Беларускі Народны Фронт, Аб'яднаная Грамадзянская Партыя і Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя «Народная Грамада» - падобна, значна паскарае працэс перамоваў. Цяпер кожная з названых партыяў ужо ня мае патрэбы турбавацца - што рабіць у тым выпадку, калі хоць і блізкія, але ўсё ж у нечым і розныя сілы будуць прымаць надзвычайнae рашэньнe. У любым выпадку яго можна будзе заблякаваць.

Аднак не па ўсіх пытаньнях адразу ёсьць згода. Вось адзін прыклад: ці павінны ўваходзіць у склад Каардынацыйна-Кансультацыйнай Рады прадстаўнікі абсалютна ўсіх палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, што ўдзельнічалі ў Кангрэсе Дэмакратычных Сiлаў? Адны ўдзельнікі перамоваў лічаць, што так, іншыя разважаюць інакш. Калі прыняць такую схему, дык у склад рады ўвойдзе зашмат людзей, і яна ня будзе мець магчымасьці дзейнічаць эфэктыўна.

Другі прыклад. Здавалася б, простае пытаньне - зь якой пэрыядычнасьцю павінны праходзіць паседжаньні Каардынацыйна-Кансультацыйнай Рады? Аднак і тут пакуль няма згоды.

І ўсё ж, нягледзячы на гэта, удзельнікі перамоваў усё бліжэй набліжаюцца да сваёй галоўнай мэты - стварэньня Каардынацыйна-Кансультацыйнай Рады альбо адзінага кіраўнічага воргану аб'яднанай дэмакратычнай апазыцыі. Усе разумеюць, што нядаўнія рашэньні дэмакратычных партыяў аб няўдзеле ў выбарах у мясцовыя саветы мелі б значна большы эфэкт, калі б яны прымаліся як агульнае рашэньне, а не самастойна кожнай партыяй - ад імя, напрыклад, Каардынацыйна-Кансультацыйнай Рады.

13 лютага мяркуецца правесьці сойм Беларускага Народнага Фронту. Таму кіраўнікі фронту, якія ўдзельнічаюць у стварэньні Каардынацыйна-Кансультацыйнай Рады, папрасілі спыніць перамовы. Маўляў, трэба абмеркаваць тое-сёе падчас сойму. Іншыя ўдзельнікі перамоваў з гэтым пагадзіліся, і таму наступны раўнд будзе ўжо на наступным тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG