Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Напад на актывістаў «Хартыі-97» у Менску выклікаў абурэньне ўсяе дэмакратычнае грамадзкасьці. Разам з тым прапановы стварыць агульную антыфашыстоўскую дружыну для супрацьстаяньня прыхільнікам РНЕ выклікала неадназначную рэакцыю прадстаўнікоў апазыцыі. Так, кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту лічыць дзеяньні фашызаванай моладзі толькі часткай грамадзкай праблемы, якая патрабуе больш сур'ёзных і шырокіх падыходаў.

Нагадаем, што на другі дзень пасьля інцыдэнту, у выніку якога пацярпелі актывісты «Хартыі-97», зь іхнага боку прагучаў заклік да партыяў і грамадзкіх арганізацыяў - ствараць атрады самаабароны, а таксама правесьці супольную маніфэстацыю супраць фашызму ў Менску. Калі апошнюю прапанову большасьць дэмакратычных сілаў падтрымвае, дык ідэя стварэньня дружынаў выклікае пэўныя сумневы. Вось што сказаў у інтэрвію нашай радыёстанцыі выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі:) «Я думаю, што вельмі небясьпечна страляць з гарматы па вераб'ях. Рэч у тым, што мы маем абсалютна засьведчаную інфармацыю - магу сказаць, што ў нас ёсьць дастаткова блізкія да гэтых колаў інфарматары - «Русское Национальное Единство» ў Беларусі не зьяўляецца рэальнай сілай. Гэта некалькі дзясяткаў маладых чалавек векам 16-20 гадоў. Праўда, у іх інструктары, паводле нашых зьвестак, дасьведчаныя, якія праходзілі службу ў прэзыдэнцкіх структурах. Але яны - не пагроза нашаму грамадзтву ў такім выглядзе, як яны йснуюць. І ствараць супраць іх такія дружыны - гэта менавіта ствараць ім непатрэбную рэкляму, мала таго - магчымасьці ўзмацненьня. Рэч у тым, што йснуе такі рух пэўных аматараў музыкі, як skinhead'ы, якія могуць пры пэўных умовах падтрымаць гэтыя фашыстоўскія рухі. Ствараць дружыны з прычыны гэтай групоўкі падлеткаў, вельмі юных людзей - гэта будзе толькі залішняя для іх рэкляма».

(Тарас:) Але ці азначае гэта, што ў Беларусі няма праяваў фашызму, у прыватнасьці на дзяржаўным узроўні? У спробах фармаваньня пэўнага кшталту «славянскай ідэалёгіі»?

(Баршчэўскі:) «Безумоўна, праблема значна больш шырокая, і тут мы падтрымаем і абвешчаную маніфэстацыю - мы ўчора казалі актывістам «Хартыі», што мы ўсімі сіламі падтрымаем - і іншыя захады, якія накіраваныя менавіта супраць зьявы, а ня супраць канкрэтнай групоўкі вось гэтых людзей, якія далёка не вычэрпваюць гэтую зьяву. Фактычна, праявы фашызму і антысэмітызму - яны, на жаль, ёсьць на значна больш высокім, значна больш фінансаваным і арганізаваным узроўні. Вось з гэтым трэба змагацца ўсімі сіламі, усімі намаганьнямі і аб'яднаньнем усіх дэмакратычных, усіх антыфашыстоўскіх сілаў».

Да сказанага трэба дадаць, што ў панядзелак ад імя кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту была прынятая заява з асуджэньнем нападу купкі фашыстаў на грамадзкіх актывістаў. У заяве адзначаецца, што міліцыя ня толькі не зрэагавала на гэты інцыдэнт, але фактычна патурала злачынцам. У дакумэнце ў прыватнасьці гаворыцца: «Лукашэнкаў рэжым, які вынішчае беларускую мову і гістарычную памяць, які руйнуе дэмакратыю і незалежнасьць, у той самы час стварае ўмовы для прыезду ў мірную Беларусь расейскіх фашыстаў. У Беларусі няма ані гістарычнага, ані псыхалягічнага грунту для фашызму. Рэжым, які адкрыта самкнуўся з расейскімі нацыстамі - антынародны і антыбеларускі».

Што да пазыцыі афіцыйных уладаў, дык яны празь дзяржаўны друк і тэлевізію спрабуюць накінуць думку пра тое, што напад фашыстаў на безабаронных людзей у цэнтры Менску - наагул малазначны эпізод, які спрабуюць, маўляў, разьдзімаць незалежныя СМІ. Аб тым, што фашыстоўскія або блізкія да іх ідэі адкрыта прапагандуюцца ў дзяржаўным эфіры і ў дзяржаўных выданьнях - зразумела, няма й размовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG