Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 лютага 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Сёньня ў Менску двое рабочых Менскага трактарнага заводу распачалі бестэрміновую галадоўку. Іх патрабаваньне да адміністрацыі - выкананьне калектыўнай працоўнай дамовы.

Георгі Мухін і Віктар Ладуцька - сябры суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў на Менскім трактарным заводзе, а традыцыйна прадстаўнікі незалежных структураў выкарыстоўваюць для змаганьня за свае правы больш радыкальныя спосабы. Адзін зь іх - у выглядзе бестэрміновай галадоўкі - абралі апэратар станкоў зь лічбавым праграмным кіраваньнем Мухін і сьлесар-рамонтнік Ладуцька.

Мухін абвясьціў галадоўку а 7.15 раніцы. Пра далейшыя падзеі распавядае старшыня Рэспубліканскага Страйкавага Камітэту Сяргей Антончык:

(Антончык:) «Мухін абвясьціў пра тое, што ён ад сёньняшняга дня пачынае - не спыняючы працы - галадоўку. Працуе, ня будзе есьці, пасьля застаецца на працоўным месцы ці ў пакоі адпачынку. Сёньня аб 11 гадзіне там прайшло паседжаньне Свабоднага прафсаюзу мэталістаў цэху. На гэтым паседжаньні сябра гэтага прафсаюзу Ладуцька таксама абвясьціў пра ўдзел у гэтай галадоўцы. Галадуюць двое».

(Лазоўскі:) Гэтая галадоўка бестэрміновая?

(Антончык:) «Бестэрміновая. Яны патрабуюць ад адміністрацыі цэху выконваць калектыўнае пагадненьне. І пытаньне тут ня толькі ў гэтых патрабаваньнях. Пытаньне ў прынцыпе выкананьня ўзятых на сябе абавязкаў. Калі адміністрацыя бярэ на сябе абавязкі - яна павінна іх выконваць».

Так лічыць старшыня Рэспубліканскага Страйкавага Камітэту Сяргей Антончык. Дарэчы, Георгі Мухін - ягоны намесьнік.

Што да патрабаваньняў, высунутых галадоўшчыкамі, дык іх тры: першае - аплата за дні вымушаных прастояў; другое - увядзеньне даплаты за шкоднасьць вытворчасьці; трэцяе - выдача сродкаў аховы і мыйных сродкаў. Пакуль гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя, галадоўка будзе працягвацца. Рабочыя маюць намер падчас яе правядзеньня выконваць працу.

Ня выключана, што пытаньне галадоўкі будзе абмеркаванае сёньня заводзкай радаю Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Але рашэньне галадаваць Мухін і Ладуцька прымалі самастойна, як гэта падкрэсьліў старшыня рады Вячаслаў Козел:

(Козел:) «Свабодны прафсаюз гэтую акцыю не праводзіць, і яны не зьвярталіся да нас ні зь якімі прапановамі. Эта вылучна іхная ініцыятыва».

(Лазоўскі:) У вас сёньня будзе зьбірацца рада Свабоднага прафсаюзу. Ці будзеце разглядаць пытаньне акцыі вашых сяброў?

(Козел:) «Калі будзе заява - будзем разглядаць. А заявы пакуль ні ад кога не было што да гэтай акцыі. Ну, натуральна, размова будзе, але прымаць рашэньне без заявы мы ж ня можам...»

У прафкаме афіцыйнага Прафсаюзу аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня трактарнага заводу раніцай пра галадоўку нічога ня ведалі. Камэнтар даў начальнік цэху дэталяў малых сэрыяў, у якім працуюць галадоўшчыкі. Ён зьбіраўся пасьля абеду ўручыць ім пісьмовы адказ у справе патрабаваньняў. А на словах ён патлумачыў, што аплата Мухіну прастояў была зробленая ў памеры 2 мільёнаў рублёў - 2/3 тарыфнай стаўкі. Наконт даплатаў за шкоднасьць - рабочае месца Георгія Мухіна не атэставанае на гэты конт. Атэстацыя паводле запыту Свабоднага прафсаюзу мэталістаў мусіць быць праведзеная да 21 лютага. А што да сродкаў аховы - тыя былі выдадзеныя. Мыйныя сродкі не паставіў вытворца. Калі тыя прыбудуць - дык рабочыя іх атрымаюць.

На маё пытаньне - ці дазволяць рабочым галадаваць у цэху пасьля заканчэньня зьмены, начальнік адказаць ня здолеў, сказаўшы, што гэта - прэцэдэнт, і каб знайсьці выйсьце зь яго - трэба пракансультавацца зь юрыстамі.

XS
SM
MD
LG