Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Расейскі прэм'ер Яўген Прымакоў заявіў, што Расея больш ня будзе дапамагаць тым краінам СНД, якія не выплочваюць ранейшыя пазыкі. Гэтая заява выклікала спадзяваньні шэрагу аналітыкаў на тое, што Масква адмовіцца ад ранейшага курсу на ўсё большае ўцягваньне суседніх краінаў у арбіту ўласных палітычных інтарэсаў (Эфір 6 лютага).

Некаторыя з аглядальнікаў і раней лічылі, што інтэграцыйныя ініцыятывы ня будуць мець посьпеху. Да прыкладу, Рой Элісан, кіраўнік аддзелу Расея-Эуразія ў Каралеўскім інстытуце міжнародных дачыненьняў у Лёндане, лічыць Саюз Беларусі й Расеі выключна палітычным праектам. І больш таго: паводле ягонага перакананьня, гэты саюз можа запаволіць выхад Расеі з эканамічнага крызысу.

Аналітык з Вашынгтону Пол Гоўбл адзначае, што апошняя заява Прымакова - сьведчаньне таго, што Расея гатовая плаціць палітычную цану за эканамічную мэтазгоднасьць. Раней, кажа Гоўбл, было наадварот - Крэмль ахвяраваў вялізнымі эканамічнымі выдаткамі дзеля захаваньня свайго ўплыву на суседнія краіны. Прыкладам - той самы беларуска-расейскі саюз.

Вядома, меркаваньне гэтага аўтарытэтнага палітоляга вартае ўвагі. Аднак зусім магчыма, што заява Прымакова - гэта якраз спроба прыпужаць краіны СНД, зрабіць іх больш паслухмянымі. На карысьць гэтага сьведчыць тое, што верагоднае спыненьне дапамогі расейскі прэм'ер абгрунтаваў якраз тым, што некаторыя краіны не жадаюць ісьці ў фарватэры МЕНАВІТА ПАЛІТЫЧНАГА курсу Расеі.

Тут, між іншым, напрошваецца паралель з той самай Расеяй, якая шмат у чым жыве коштам амэрыканскіх крэдытаў і імкнецца дамагчыся новых, але нязьменна блякуе ледзь ня ўсе міжнародныя ініцыятывы Вашынгтону (апошнія прыклады - сытуацыя вакол Іраку ды Сэрбіі). Ад кіраўніцтва краінаў СНД Крэмль патрабуе таго, што сам рабіць ня лічыць патрэбным. Зрэшты, падвойны стандарт у расейскай палітыцы ўжо мала каго зьдзіўляе.

І яшчэ адна падзея на карысць таго, што новая эканамічная палітыка Крамля можа стацца мэханізмам больш энэргічнага аднаўленьня імпэрыі. Яна, праўда, непасрэдна не зьвязаная з прамовай прэм'ера. Дзяржаўная Дума Расеі даручыла сваім Камісіям падрыхтаваць праект звароту да прэзыдэнтаў краінаў СНД з прапановай адхіленьня Барыса Беразоўскага ад пасады выканаўчага сакратара садружнасьці. Якім бы прагматычным прыхільнікам супрацоўніцтва ні быў Беразоўскі - выглядае, што расейскія палітыкі зацікаўленыя ў асобе, якая б клапацілася не пра СУПРАЦОЎНІЦТВА (хай бы нават і выгоднае Маскве), а пра жорсткае вэртыкальнае ПАДПАРАДКАВАНЬНЕ. Пры якім каманды будуць сыходзіць з Крамля.

XS
SM
MD
LG