Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 1999 г.


Вольга Караткевіч, Менск

У нядзелю ў Менску прайшоў II-гі Сойм «Маладога Фронту». 400 дэлегатаў абмеркавалі пытаньні стратэгіі, лідэрства і стаўленьня да сітуацыі ў краіне (Эфір 7 лютага).

«Закрыта. Будынак у аварыйным стане». Такі надпіс убачылі дэлегаты Сойму аб 11.30, калі сабраліся ля палацу культуры аб'яднаньня «Сукно». Пасьля ў самім памяшканьні доўга не ўключалі сьвятла. Тым ня меньш, а 14.30 Сойм распачаўся: дазвол на яго правядзеньне быў дадзены гарадзкімі ўладамі. Заля была поўная. Луналі сьцягі, на сцэне быў надпіс: «Беларусь - гэта сьвятое. Моладзь за Беларусь». Менавіта так завяршаецца і прыняты дэлегатамі маніфэст. Маніфэст заклікае маладых людзей краіны яднацца пад бел-чырвона-белым сьцягам нацыянальнай ідэі, незалежнасьці і эўрапейскай будучыні.

Сярод шматлікіх гасьцей Сойму быў старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі. У сваім вітальным слове ён адзначыў: «Усіх вас, я ўпэўнены, аб'ядноўвае і прывяло на гэты Сойм адно: клопат пра лёс нашай Радзімы. Нельга далей цярпець, калі сумленных сыноў беларускага народу зьбіваюць на вуліцах сталіцы расейскія баркашоўцы. Наваяўленым Мураўёвым і расійскім фашысцкім малойчыкам мы павінны супрацьпаставіць жалезную волю Кастуся Каліноўскага...»

Старшыня Нацыянальнага Выканаўчага Камітэту Беларусі Генадзь Карпенка зазначыў, што гэтым прадстаўнікам новай генэрацыі можна даверыць краіну: «Мы павінны стаць у чаргу да моладзі. У чаргу, каб яны ўзялі нас як кансультантаў, - і працягваў, - Самае добрае, што вы не сьпяшаецеся пераварочваць гэты лад. Ня трэба. Ён сам згніе. Трэба працаваць, і вы працуеце на заўтрашні дзень...»

З выступаў лідэраў «Маладога Фронту» Паўла Севярынца і Яўгена Скочкі, Андрэя Пятрова і Сержука Паўленкі выцякала, што маладафронтаўцы гатовыя як да рэалізацыі радыкальных праектаў, так і культурніцкіх праграмаў. Распрацаваная і эканамічная праграма. Арганізацыя не плянуе кардынальна мяняць стасункаў з БНФ.

Гаворыць Аляксей Фралоў з Цнянскай рады «Маладога Фронту»:

(Фралоў:) «Малады Фронт - гэта неад'емная частка Беларускага Народнага Фронту як шырокага руху, і ўся моладзь у прынцыпе выйшла з гэтай арганізацыі. І таму пытаньне расколу надуманае, і надуманае тымі, хто спрабуе проста рэалізаваць свае амбіцыі».

З замежжа падтрымаць маладафронтаўцаў прыехалі прадстаўнікі «Маладога Руху» з Украіны, а таксама польскія маладыя кансэрватары.

Да маладафронтаўцаў зьвярнулася і вядомая расейская дзяячка Валерыя Навадворская. Яна адзначыла, што ў выпадку анэксіі Беларусі маладафронтаўцы будуць першымі, хто апынецца ў сыбірскіх лягерах. Навадворская заклікала беларускую моладзь дамагчыся, каб вярталіся са змушанай эміграцыі патрыёты. Навадворская цытавала ў звароце верш Максіма Багдановіча «Пагоня».

У якасьці ж неафіцыйнага гімну на Сойме прагучала песьня НРМ «Партызаны». Падчас яе выкананьня разам з маладымі стаялі Сямён Шарэцкі, Станіслаў Багданкевіч, Лявон Баршчэўскі, Генадзь Карпенка і Валеры Шчукін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG