Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Увечары 5 лютага ў Менску адбыўся бандыцкі напад на актывістаў грамадзкай ініцыятывы «Хартыя-97» Андрэя Саньнікава, Зьміцера Бандарэнку і Алега Бябеніна. У выніку нападу малойчыкаў са свастыкамі «Русского национального единства» Андрэй Саньнікаў і Алег Бябенін атрымалі сур'ёзныя траўмы. 6 лютага прэсавы цэнтр «Хартыі-97» з гэтай нагоды склікаў журналістаў (Эфір 6 лютага).

Падрабязнасьці інцыдэнту зьмешчаныя ў паведамленьні прэсавага цэнтру. У ім, у прыватнасьці, гаворыцца: «Міжнародны каардынатар «Хартыі-97» Андрэй Саньнікаў і сябра аргкамітэту Зьміцер Бандарэнка вярталіся з працы. У раёне пляцу Перамогі яны зрабілі заўвагу двум маладым хлопцам, якія раздавалі ўлёткі РНЕ. У адказ Саньнікаў атрымаў удар у твар».

Далей у паведамленьні гаворыцца, што ў справакаванай бойцы ўдзельнічалі каля дваццаці чалавек, пераважна падлеткаў. Некаторыя зь іх былі апранутыя ў камуфляж, на некаторых былі павязкі з сымбалем РНЕ - чырвонай свастыкай. Іхнымі дзеяньнямі кіраваў дарослы мужчына ў камуфляжы з павязкай РНЕ. У бойку ўвязаліся таксама прэсавы сакратар «Хартыі» Алег Бябенін і адзін зь мінакоў - афіцэр узброеных сілаў. Ягоны лёс невядомы.

Андрэй Саньнікаў быў дастаўлены ў 2-ую клінічную бальніцу Менску, дзе дактары выявілі ў яго страсеньне мазгоў, пераломы носа і рабрыны. Пасьля аказаньня першай мэдыцынскай дапамогі Саньнікаў адмовіўся ад шпіталізацыі. Пра гэта ён распавёў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, у якой удзельнічалі таксама Бандарэнка і Бябенін. Паводле словаў Бябеніна, яму таксама была аказаная мэдыцынская дапамога ў шпіталі, куды прыехаў сьледчы Цэнтральнага РАУС, каб даведацца пра падрабязнасьці здарэньня. Актывісты «Хартыі» зьвярнулі асобную ўвагу на тое, што супрацоўнікі міліцыі , якія зьявіліся на месцы бойкі на патрульнай машыне, амаль адразу ж зь месца здарэньня зьніклі.

Ці можна лічыць гэтае здарэньне выпадковым? Вось што адказаў нашай радыёстанцыі Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў:) «Я не выключаю ніякіх варыянтаў. Няма зараз падставаў казаць - было гэта выпадкова ці невыпадкова. Але я ведаю, што ўладам вельмі не падабаюцца тыя намаганьні, якія мы прыкладаем, каб бараніць правы чалавека, каб міжнародныя арганізацыі падтрымалі вось гэты дэмакратычны рух. Можа, нехта і адсочваў нас. Хацеў бы падкрэсьліць, што гэта было а палове дзявятай, гэта было не так позна. Я думаю, што, напрыклад, Зьміцера Бандарэнку яны добра ведаюць у твар і маглі за ім сачыць. Можа быць, і мяне ведаюць».

Варта зьвярнуь увагу на тое, што актывісты РНЕ, або, як іх яшчэ называюць - баркашоўцы, ужо не ўпершыню робяць правакацыі ў Менску. Дастаткова згадаць іхны напад на ўдзельнікаў маніфэстацыі апазыцыі 15 сакавіка летась ці нядаўнае наведаньне Беларускага дома друку, дзе яны распаўсюджвалі расейскую газэту «Завтра».

(Саньнікаў:) «Я бачу сувязь паміж тым, што адбываецца ў Расеі цяпер і актывізацыяй «Русского национального единства» ў Беларусі. Таму што там зцяпер улады, і перш за ўсё ўлады Масквы, прадпрынялі даволі рашучыя крокі, каб спыніць гэтую карычневую навалу. Натуральна, што яны зьявіліся тут, так што, я думаю, калі зараз не спыніць тое, што адбываецца - нам нельга зьбірацца разам і казаць і рабіць нейкія заявы, зараз трэба нешта рабіць. Гэта небясьпека вельмі сур'ёзная , гэта небясьпека для кожнага жыхара Беларусі».

Адзін з удзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі Зьміцер Бандарэнка заклікаў усе палітычныя партыі і дэмакратычныя грамадзкія арганізацыі ствараць атрады самабароны супраць фашыстаў. Акрамя таго ён заявіў, што «Хартыя» выступіць зь ініцыятывай правесьці ў бліжэйшы час антыфашысцкую маніфэстацыю ў Менску.

XS
SM
MD
LG