Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 08 лютага 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

«Русское Национальное Единство» (РНЕ). Наш камэнтар.

«Русское Национальное Единство» (РНЕ), якое называе сябе рухам нацыянал-сацыялістычнага накірунку, узьнікла у 1990 годзе. У праграме РНЕ, прынятай на Першым зьезьдзе ў лютым пазамінулага году, галоўнаю мэтаю вызначаецца «адраджэньне Расеі шляхам вырашэньня праблемаў яе нацыянальнай большасьці - рускіх. Пад рускімі разумеюцца прадстаўнікі трохадзінага рускага народу: рускія, украінцы і беларусы». У эканамічнай сфэры РНЕ выступае за «дзяржаўнае рэгуляваньне рынкавых дачыненьняў». РНЕ абвяшчае сябе арганізацыяй «аўтарытарнага тыпу» з жорсткім падпарадкаваньнем. Падзяляецца на атрады, на чале якіх стаяць «камандзіры». Над усімі «камандзірамі» стаіць 45-гадовы Аляксандар Баркашоў, як пішацца ў ягонай афіцыйнай біяграфіі - «сьлесар, які самастойна вывучыў гісторыю, археалёгію і этнаграфію». Баркашоў мае чорны пояс па каратэ ў стылі Шакатан. Летась увосень ён аддаў загад сваім «камандзірам» узброіць усіх сяброў сваёй арганізацыі сапёрнымі рыдлёўкамі.

Рэгіянальныя арганізацыі РНЕ дзейнічаюць больш як у 400 гарадох Расеі, прычым у трыццаці яны зарэгістраваныя афіцыйна. Ёсьць баркашоўцы і практычна ўва ўсіх рэспубліках былога СССР. У Крыме зарэгістраваная Партыя РНЕ, у Таджыкістане ў склад РНЕ уваходзіць значная частка афіцэраў 201-й расейскай дывізіі.

Першай і найбольш грунтоўнай публікацыяй, прысьвечанай баркашоўцам у Беларусі, быў артыкул Славаміра Адамовіча «Звычайны фашызм-2», зьмешчаны ў красавіку 1996 году ў «Нашай Ніве». Між іншым, аўтар паведамляе, што ля вытокаў рэгіянальнага аддзяленьня РНЕ быў і Ўсевалад Янчэўскі - цяперашні лідэр БПСМ.

З моманту свайго ўтварэньня на пачатку 1994 году філіял РНЕ атрымаў доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Слова расейскім фашыстоўцам давалі «Газэта Андрэя Клімава» і «7 дней», у іх абарону выступалі «Советская Белоруссия» часоў Ігара Асінскага і «Знямя Юности» Міхася Кацюшэнкі.

Як паведамляе шэраг выданьняў, у тым ліку й «Наша Ніва» ды маскоўская «Общая Газета», падчас прэзыдэнцкіх выбараў баркашоўцы ахоўвалі штаб кандыдата Лукашэнкі. У ліпені 1994 году байцы РНЕ перакрылі шлях да плошчы Перамогі калёне дэмакратычных вэтэранаў, якую узначальваў Васіль Быкаў. Пры гэтым міліцыя была на баку баркашоўцаў.

Пасьля перамогі на выбарах Аляксандра Лукашэнкі аддзяленьні РНЕ ў Беларусі прыкметна актывізаваліся. Дарэчы, на пачатку 1995 году з розных незалежных крыніцаў паступала інфармацыя пра спатканьне Лукашэнкі з Баркашовым, аднак пацьвердзіць гэтую інфармацыю афіцыйным чынам не ўдалося.

Тым ня менш, паводле ўскосных прыкметаў можна казаць пра больш чым ляяльнае стаўленьне цяперашніх беларускіх уладаў да расейскіх фашыстоўцаў. Пад час сходу баркашоўцаў у Палацы тонкасуконнага камбінату ў сьнежні 1994 году для іх аховы было выдзелена падразьдзяленьне АМАПу. У сваю чаргу, падчас судовага працэсу паводле позвы Зянона Пазьняка да Юрыя Азаронка каля паўсотні баркашоўцаў са свастыкамі на рукавох падтрымлівалі аўтара кінафальшыўкі.

Канстытуцыя пацьвярджае сувэрэнітэт і незалежнасьць Рэспублікі Беларусь. РНЕ выступае за скасаваньне сувэрэнітэту Беларусі, прычым не адвяргае гвалтоўных сродкаў. Прыкметна, што за пяць гадоў дзейнасьці расейскіх фашыстоўцаў на тэрыторыі краіны ні пракуратура, ні праваахоўныя ворганы Беларусі ніколі ня выявілі якой-небудзь рэакцыі.

XS
SM
MD
LG