Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 лютага 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Затрыманьнем чатырох сяброў Расейскага Нацыянальнага Адзінства завершыўся сёньня першы антыфашыстоўскі рэйд, арганізаваны ў Менску Маладым Фронтам. РНЕўцаў затрымаў міліцэйскі патруль, да бойкі не дайшло.

Зьбіцьцё прадстаўнікоў «Хартыі-97», якое выклікала шырокі грамадзкі рэзананс, стала нагодай для першага антыфашыстоўскага рэйду Маладога Фронту. Каля сарака сяброў МФ, сярод якіх былі і дзяўчаты, а 18-тай гадзіне накіраваліся да традыцыйнага месца збору РНЕаўцаў - пляцу ля Філярмоніі, што на станцыі мэтро Якуба Коласа. Але знайсьці прадстаўнікоў РНЕ аказалася ня так проста. Пабачыўшы сшыхтаваную калёну Маладафронтаўцаў, РНЕўцы схаваліся ў падземны пераход. Ужо там мінакам раздавалася газэта з фашыстоўскай свастыкай «Русский Порядок», журналістам, якія таксама накіраваліся ў пераход раздаваліся нумары пэйджэра, празь які можна скантактавацца зь беларускім кіраўніцтвам «Русского Национального Единства».

Калі ў падземны пераход спусьціліся Маладафронтаўцы, прыкметы фашыстоўскай заангажаванасьці пачалі губляцца. Лідэр МФ Павал Севярынец, які распачаў размову з голенымі пад нуль чатырма хлопцамі, распавёў нашаму радыё:

(Севярынец:) «Калі я спытаўся: "Ці належыце вы да РНЕ?", яны сказалі "Не, не, хлопцы, вы што..." Так што, па вялікім рахунку, яны хаваюцца. І тое, што яны хаваюцца - гэта, натуральна, добра. Калі чалавек, які прапаведуе ідэалёгію, і хавае гэта, то значыць яму сорамна. Значыцца, у гэтай краіне ўсё такі ёсьць сілы, здольныя забясьпечыць здаровую атмасфэру. І гэтыя сустрэчы па панядзелках, можа быць, стануць своеасаблівымі сэмінарамі для высьвятленьня самога фэномэну РНЕ, фэномэну Маладога Фронту, і ўвогуле вось гэтай маладзёвай агрэсыўнасьці».

Але сёньняшні, так бы мовіць, палітычны сэмінар спынілі міліцыянты, якія адчулі, што тэрміналёгія РНЕўцаў пачала выходзіць далёка па-за межы літаратурнае лексыкі. Расейскіх фашыстаў, абшукаўшы, запіхалі ў міліцэйскі ўазік і адвезьлі ў пастарунак, адкуль, зрэшты, іх даволі хутка выпусьцілі.

Бойкі не адбылося, але, як заўважыў Павал Севярынец:

(Севярынец:) «Мы заснуем сыстэму грамадzкай бясьпекі. Мы ўжо зараз пачалі яе ствараць. Калі кожная ўлётка РНЕ, калі кожны яе прыхільнік, кожная тусоўка будзе падлягаць уліку - мы пастараемся, прынамсі ў горадзе Менску, пакуль што трымаць гэты працэс пад кантролем.

Калі нават дойдзе да адкрытага сутыкненьня - мы прыцісьнем гэтых хлопцаў да сьценкі і распавядзем, якое месца іхнае ў гэтай краіне, што такое фашызм у Беларусі, куды падзеўся кожны трэці жыхар у 1941-45 гадох у гэтай краіне...»

Паводле словаў Севярынца, колькасны склад Расейскага Нацыянальнага Адзінства не перавышае ў Беларусі 200 чалавек. У Менску - сотня. Севярынец лічыць, што мэта МФ - ня столькі барацьба з сябрамі РНЕ, колькі стварэньне кантэксту, у якім фашыстоўскі экстрэмізм будзе немагчымы.

XS
SM
MD
LG