Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 лютага 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

На першым паседжаньні Цэнтральнай Выбарчай Камісіі па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, абвешчаных Вярхоўным Саветам XIII скліканьня, быў утвораны пазабюджэтны фонд. Фонд мусіць акумуляваць сродкі, неабходныя для правядзеньня выбарчай кампаніі.

Распарадчым дырэктарам фонду даў згоду стаць Станіслаў Шушкевіч. Ягонымі функцыямі будзе разьмеркаваньне пералічаных сродкаў і кантроль за іх выкарыстаньнем. На гэты час вядома, што ЦВК адкрыў рахунак у Менску, на якім акумулююцца ахвяраваньні беларускіх грамадзянаў і арганізацый. Разам з тым было абвешчана пра магчымасьць адкрыцьця падобнага рахунку ў адным з маскоўскіх банкаў дзеля большых гарантыяў захаванасьці пералічаных сродкаў. Патлумачыць сытуацыю з рахункамі мы папрасілі распарадчага дырэктара фонду Станіслава Шушкевіча:

(Шушкевіч:) «Я заўсёды займаюся пытаньнямі, якія маюць дачыненьне да Беларусі. Ёсьць у мяне пэўныя выказваньні, сыгналы, пэўныя пажаданьні, звароты вялікай колькасьці грамадзянаў, што яны хочуць падтрымаць гэтую кампанію і ведаюць, што супраць іх усё будзе рабіцца, што толькі хочаш. Я маю дачыненьне да беларускіх структураў, і мы сьцьвярджаем, што ёсьць у Беларусі тыя, хто гэта падтрымае. Мы хочам пайсьці законным шляхам, але калі будзе нешта рабіцца наконт таго, каб падтрымалі беларусы замежжа, або наогул тыя, хто спачувае станаўленьню дэмакратыі ў Беларусі, я думаю, што могуць быць іншыя захады».

(Лазоўскі:) Такім чынам, Вы не выключаеце, што падчас фінансаваньня будучай выбарчай кампаніі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь магчыма й выкарыстаньне сродкаў замежных грамадзянаў?

(Шушкевіч:) «У саюзе Беларусі й Расеі. Калі ж ёсьць саюз, чаму ж тыя, хто хоча быць у саюзе, нармальным, сапраўдным, тыя, з кім мы хочам мець добрыя адносіны, а не па пакту Лукашэнкі-Ельцына. Чаму ж там няма тых беларусаў - там жа многа беларусаў, паглядзіце, колькі. Гэта нашыя грамадзяне. Так што я думаю, што там можа быць адкрыты рахунак».

(Лазоўскі:) Усё ж такі цяпер нават перад тымі асобамі, якія б хацелі ўнесьці свае грошы, існуе небясьпека, што іх могуць «вылічыць»...

(Шушкевіч:) «Яны могуць зрабіць гэта ананімна: вы прыходзіце ў банк (мы высьвятлялі гэта) і можаце ўнесьці грошы на такі рахунак.

Я адно гарантую: што ні на якія іншыя мэты, акрамя арганізацыі гэтых выбараў, яны ня пойдуць. Я бяру на сябе абавязак за гэтым сачыць, каб тут не было ніякіх адступленьняў ад таго накірунку, які мы прынялі».

Станіслаў Шушкевіч кажа, што для яго быў бы натуральным удзел у будучай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі - ня толькі з юрыдычнага, але й з фінансавага пункту погляду.

(Шушкевіч:) «Тады б і дзяржава прыняла ўдзел у тым, каб забясьпечыць гэтыя выбары - гэта й належыць ёй па закону. Ну а калі яна ня прыме - нам цяжка будзе зрабіць такі шырокі каштарыс, як гэта робяць у дзяржаве. Пакуль што я такога каштарысу ад Цэнтральнай Выбарчай Камісіі не атрымаў».

(Лазоўскі:) Ці прапрацоўвалі Вы такое пытаньне, калі сабраных сродкаў усё ж такі ня хопіць на дзейнасьць ЦВК?

(Шушкевіч:) «Тады мы будзем рабіць гэта на энтузіязме, як рабілі многае да гэтай пары».

Пасьля правядзеньня выбараў, як паведаміў суразмоўца, фондам будзе дадзеная справаздача па выкарыстаных на выбарчую кампанію сродках. Форму гэтай справаздачы абярэ камісія. А пакуль ЦВК пад старшынствам Віктара Ганчара накіравала ў сродкі масавае інфармацыі паведамленьне пра адкрыцьцё пазабюджэтнага фонду зь інфармацыяй па аго банкаўскіх рэквізытах. На гэты рахунак, як падкрэсьліў Станіслаў Шушкевіч, ужо пачалі пералічаць сродкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG