Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 лютага 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

4 лютага Камітэт па Правох Чалавека Міжпарлямэнцкага Саюзу на сваім паседжаньні ў Жэнэве прыняў адмысловую рэзалюцыю адносна Беларусі. Такое рашэньне ацэньваецца як пэўная перамога Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня.

Міжпарлямэнцкі Саюз, альбо як яго часьцей за ўсё называюць скарочана МПС - гэта найбуйнейшая парлямэнцкая арганізацыя сьвету. У ейных шэрагах цяпер налічваюцца парлямэнты каля 140 розных краінаў сьвету. Канешне, паводле ўплывовасьці МПС нельга параўноваць з такімі арганізацыямі, як Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ альбо Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы - паколькі Міжпарлямэнцкі Саюз гэта хутчэй клюб для дэпутатаў, але ж клюб міжнародны і старэйшы за іншыя. У прыватнасьці, увосені летась адбылася юбілейная 100-тая сэсія МПС. Праходзіла яна ў Маскве, і на ёй у якасьці прадстаўнікоў беларускага парлямэнту знаходзілася дэлегацыя «нацыянальнага сходу» на чале з Малафеевым.

У структуры МПС ёсьць камітэт па правох чалавека і парлямэнтарыяў. Ён займаецца абаронай людзей - у першую чаргу, зразумела, дэпутатаў - ад парушэньня іх правоў.

Старшыня камісіі па міжнародных справах Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Анатоль Лябедзька зьвярнуўся у гэты камітэт. Ён перадаў туды матэрыялы аб парушэньні правоў Вярхоўнага Савету XIII скліканьня і шэрагу дэпутатаў - такіх, як Кудзінаў, Клімаў, Шчукін, Багданкевіч, Домаш, ды іншыя. Калі пра гэта даведаліся ў «нацыянальным сходзе» і Дзярждуме Расеі, зь іхнага боку на камітэт быў учынены моцны ціск - маўляў, Вярхоўнага Савету XIII скліканьня ўвогуле не існуе. Але ж камітэт праявіў мужнасьць і вырашыў вывучыць пытаньне і разьвязаць справу. І вось, пасьля працяглай карпатлівай працы 2 лютага адбылося паседжаньне камітэту, на якое быў запрошаны Анатоль Лябедзька. На працягу адной гадзіны і сарака хвілінаў ён распавядаў пра парушэньні правоў дэпутатаў у Беларусі, адказваў на пытаньні сяброў камітэту і экспэртаў.

(Лябедзька:) «Тое, што камітэт узяў справу для разгляду, можна расцаніць толькі як перамогу Вярхоўнага Савету ў першую чаргу над расейскай Дзяржаўнай Думай і яе прыдаткам-апэндыксам, якой зьяўляецца «палата прадстаўнікоў» на міжнароднай арэне.

Нягледзячы на катэгарычныя пратэсты расейскіх дэпутатаў, у першую чаргу, камітэт усё ж такі палічыў, што ў Беларусі існуюць парушэньні правоў дэпутатаў Вярхоўнага Савету і разгледзеў гэтае пытаньне. Мне засталося толькі дакласьці больш падрабязна сытуацыю па канкрэтных асобах і па канкрэтных справах У той жа час, у Жэнэве прысутнічала дэлегацыя прэзыдэнцкіх парлямэнтарыяў, якія выступалі пасьля мяне на наступны дзень. Я ня ведаю сутнасьць пытаньняў, якія былі зададзеныя ім, але мне падаецца, што яны былі ня вельмі прыемныя. І літаральна ўчора была прынятая рэзалюцыя па Беларусі, і я думаю, што да канца гэтага тыдня ці на пачатку наступнага, я атрымаю канкрэтную рэзалюцыю, якая будзе вынікам той справы, якая разглядалася на паседжаньні камітэту па правох чалавека і парлямэнтарыяў Міжпарлямэнцкага Саюзу».

Анатоль Лябедзька вёў размову пра поўны тэкст рэзалюцыі, але ж ужо вядома, што галоўны сэнс рэзалюцыі, якую прыняў камітэт па правох чалавека й парлямэнтарыяў, утрымліваецца ў тым, што камітэт выказвае вялікую занепакоенасьць парушэньнямі правоў парлямэнтарыяў у Беларусі.

У рашэньні падкрэсьліваецца, што і Валеры Шчукін, і Сямён Домаш, і іншыя дэпутаты былі абраныя свабодным галасаваньнем і працягваюць заставацца парлямэнтарыямі.

XS
SM
MD
LG