Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 1999 г.


Вышэйшая палата польскага парлямэнту - Сэнат - падрыхтавала два праекты законаў, якія датычаць гэтаксама той часткі грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія пачуваюць сябе палякамі.

Першы закон - гэта стварэньне "карты паляка" і пакліканьне працэдураў, якія будуць пацьвярджаць прыналежнасьць да польскага народу. Другі тычыцца рэпатрыяцыі. Хоць у абодвух праектах гаворыцца пра палякаў, расьцярушаных па ўсім сьвеце, - маюцца на ўвазе перш-наперш тыя, якія жывуць на Ўсходзе, у постсавецкіх краінах. Карту паляка могуць атрымаць эмігранты, асобы, якіх пазбавілі польскага грамадзянства, а таксама тыя, хто ніколі гэтага грамадзянства ня меў, але можа даказаць, што сваім паходжаньнем, дзейнасьцю, знаёмасьцю з польскай мовай, выхаваньнем дзяцей, дэманструе прывязанасьць да польскай нацыянальнасьці. Сувязь з польскім народам можна даказаць прыналежнасьцю да польскіх арганізацыяў, удзелам у змаганьні за польскую справу, салідарнасьцю з палякамі. Прыналежнасьць да польскага народу будзе пацьвярджаць консул, які адначасна прыме прысягу на вернасьць народу і Рэчы Паспалітай.

"Карта паляка" не дае грамадзянства, але дае шэраг прывілеяў. На яе падставе даецца бясплатна польская віза, права неабмежаванага знаходжаньня на тэрыторыі Польшчы, доступ да аховы здароўя і школаў усіх узроўняў нароўні з грамадзянамі Польшчы. "Карта паляка", - піша ў тыднёвіку "Polityka" публіцыст Яніна Парадоўская, - гэта кур'ёз. Нідзе на сьвеце няма такога закону, апрача Славакіі, дзе падобная карта была прынятая ўрадам Уладзімера Мэчыяра, што не абавязкова мусіць быць добрым прыкладам. Карта абдароўвае прывілеямі грамадзянаў іншых краінаў - як зрэагуюць на гэта ўлады тых краінаў, якія не прызнаюць падвоjнага грамадзянства? Да прыкладу, як адрэагуюць улады Літвы ды Беларусі на тое, што іхныя грамадзяне будуць прыносіць прысягу на вернасьць польскаму народу і Рэчы Паспалітай?" - пытаецца Яніна Парадоўская.

Праект Закону аб рэпатрыяцыі - гэта высакародная ініцыятыва польскага Сэнату. Кожнаму рэпатрыянту трэба залічыць ягоныя гады працы па-за межамі Польшчы падчас налічваньня пэнсіі. Аўтаматычна прызнаюцца школьныя пасьведчаньні, унівэрсытэцкія дыплёмы. Палякам з Усходу трэба забясьпечыць кватэры, працу, зямлю (калі нехта пажадае займацца сельскай гаспадаркай). Магчымасьцю рэпатрыяцыі карысталіся б перш-наперш палякі з Казахстану, вывезеныя туды з сёньняшніх зямель Украіны й Беларусі падчас рэпрэсіяў у 30-тыя гады. Ініцыятары закону мяркуюць, што рэпатрыяцыя палякаў з Казахстану каштавала б польскім падаткаплацельшчыкам каля 100 мільёнаў даляраў у год. Крытыкі законапраекту сьцьвярджаюць, што Польшча ня можа прыняць рэпатрыянтаў. Па-першае, яна ня мае на гэта грошай. Па-другое, у краіне і так высокае беспрацоўе. Па-трэцяе, няма нічыйнай зямлі на тое, каб яе каму-небудзь бясплатна аддаваць... З Казахстану ўжо перасялілася ў Польшчу некалькі семьяў, і яны маюць праблемы з жыльлём, працай, адаптацыяй да польскага грамадзтва.

Які будзе лёс гэтых двух законапраектаў - невядома. Ці парлямэнтары пойдуць за голасам сэрца і прымуць іх без уліку эканамічных магчымасьцяў дзяржавы? Вельмі праўдападобна. У гэткім разе могуць перажыць глыбокае расчараваньне тысячы палякаў з Усходу, чые апэтыты гэтым законам будуць празьмерна разбуджаныя.

Мікола Ваўранюк, Беласток

Камэнтар Намесьніка Старшыні Саюзу Палякаў Беларусі Тадэвуша Малевіча (Менск):

«Мы ацэньваем гэтыя праекты як важныя. Але кожны зь іх трэба разглядаць у канкрэтнай сытуацыі. Да прыкладу, вельмі важна, каб мы без перашкодаў, па ільготах маглі пераяжджаць мяжу, і каб там, у Польшчы, мы чуліся не як выхадцы з Усходу, якія едуць на рынкі, а каб маглі камфортна пачуваць сябе ў Польшчы. І мець нават якіясьці льготы з таго, што мы зьяўляемся палякамі.

А рэпатрыяцыя прыдатная для палякаў з Казахстану, з Расеі, з тых мясцовасьцяў, куды яны былі сасланыя. А зь Беларусі, з Украіны, зь Літвы, як мы ўважаем, ня можа быць рэпатрыяцыі. Бо выедзе да Польшчы ў асноўным інтэлігенцыя, якой нам сёньня вельмі бракуе. Мы павінны застацца на гэтай зямлі і мець нармальныя ўмовы для разьвіцьця сваёй культуры».

Камэнтар Леаніда Лыча, доктара гістарычных навук, прафэсара (Менск):

«Падзея даволі рэдкая ў сфэры дачыненьняў паміж мэтраполіяй і нацыянальнымі меншасьцямі на тэрыторыі іншых краінаў. Мяркую, падобнага не йснуе ў іншых дзяржавах. Што ж датычыць сацыяльнага, культурнага статусу палякаў на тэрыторыі Беларусі, мяркую, на такія захады з боку Польшчы ісьці няма аніякай патрэбы. Палякі ў нас карыстаюцца ня меншымі правамі, чым карэнная, тытульная нацыя. Калі ўзяць удзельную вагу польскай моладзі, якая вучыцца ва ўласных нацыянальных школах, і ўдзельную вагу беларускай моладзі, якая вучыцца ў беларускамоўных школах, - паказчыкі будуць на карысьць польскай меншасьці».

Камэнтар Міхася Сьлямнёва, былога Старшыні Камісіі па міжнацыянальных зносінах Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня, былога генэральнага консула Беларусі ў Беластоку, доктара філязофскіх навук, прафэсара:

«У нашую парлямэнцкую камісію зьвярталася шмат маладых людзей з просьбаю замяніць графу «нацыянальнасьць» у пашпарце. Звычайна яны казалі, што іх памылкова (а можа і наўмысна) запісалі замест паляка беларусам. І, на вялікі жаль, не было аніводнага прыкладу, каб нехта сказаў, што яго памылкова запісалі палякам, а ён адчувае прыналежнасьць да беларускай нацыі... Калі будзе складацца гэтая «карта» - у Беларусі будзе шмат зваротаў з просьбаю перапісацца палякам... Канечне, калі чалавек сапраўды адчувае прыналежнасьць да польскай нацыі, вельмі любіць польскую мову, ведае гісторыю польскага этнасу, польскае дзяржавы - хай так і будзе. Але мне падаецца, будуць і такія, хто назаве сабе палякам зь нейкіх мэркантыльных падставаў. Не скарэт, што нашая суседка Польшча вельмі прыцягальная для беларусаў, якія апынуліся ў далёка не найлепшым эканамічным дый палітычным становішчы».

Заключны камэнтар Сяргея Навумчыка (Прага):

«Карта паляка» не дае польскага грамадзянства і таму можа ўяўляцца нечым сымбалічным, такім, што ня мае юрыдычнага значэньня. Але гэта - памылковае ўражаньне.

Што да права аблегчанага ўезду паводле нацыянальнага паходжаньня - гэта выключны ў сусьветнай практыцы выпадак. Кожная краіна аблягчае ўезд на яе тэрыторыю для пэўнай катэгорыі асобаў, калі яны маюць дыпляматычныя пашпарты - членам парлямэнту, ураду, дыпляматам. Гэта адпавядае агульнапрынятым міжнародным стандартам. Вылучэньне ж нейкіх катэгорыяў паводле нацыянальна-этнічнай прыкметы - сапраўды выглядае навацыяй.

«Карта паляка» будзе надаваць яе ўладальніку ня толькі права фактычна бязьвізавага ўезду, але яшчэ і бестэрміновага, неабмежаванага знаходжаньня на тэрыторыі Польшчы, а ў дадатак - магчымасьць карыстацца пэўнай сацыяльнай і мэдычнай дапамогай.

Заўважу, што практычна тое самае прадастаўляе свайму ўладальніку і амэрыканская грын-кард. За тым выключэньнем, што далёка ня кожны хто мае грын-кард, можа карыстацца бясплатнай мэдычнай дапамогай. Уладальнік грын-кард лічыцца рэзыдэнтам Амэрыкі, але ён не прысягае на вернасьць амэрыканскай дзяржаве. Гэта робіццца толькі пры наданьні грамадзянства. А вось ўладальнік «карты паляка» мусіць прысягнуць Рэчы Паспалітай.

Гэткім чынам, у пэўным сэнсе уладальнік «карты паляка» валодае правамі асобы, якая на мове міжнароднага права называецца РЭЗЫДЭНТАМ КРАІНЫ, але яшчэ мае і АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯНІНА, даўшы прысягу. Калі прыгадаць, што цяперашняя Канстытуцыя Беларусі (зрэшты, як і Закон аб грамадзянстве) ня ўтрымліваюць патрабаваньняў прысягаць на вернасьць Беларусі, - робіцца зразумелым, што цяперашнія грамадзяне Беларусі польскага паходжаньня могуць апынуцца, мякка кажучы, у двухсэнсоўным становішчы.

Падобная ў нечым сытуацыя склалася ў Беларусі з расейскімі грамадзянамі, якія ня толькі маюць магчымасьць набыць нерухомасьць, - але і валодаюць правам удзельнічаць у мясцовых выбарах.

Гэтыя прыклады сьведчаць і пра тое, што цяперашняе кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь ня дбае пра інтарэсы Беларусі ня толькі па-за яе межамі, але і ў Бацькаўшчыне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG