Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 лютага 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску знаходзіцца місія Міжнароднага Валютнага Фонду. Нягледзячы на канфідэнцыйны характар працы місіі і яе перамоваў з афіцыйныймі структурамі краіны, прысутнасьць у Беларусі прадстаўнікоў МВФ адчуавецца. Жаданьне атрымаць крэдыты, на думку назіральнікаў, прымушае каманду Аляксандра Лукашэнкі праводзіць узважаную эканамічную палітыку - у прыватнасьці ў сфэры фінансаў.

Адметнасьць фінансавага жыцьця Беларусі апошніх тыдняў - адсутнасьць дэвальвацыі нацыянальнай валюты - у сэктары рэальнай валютнай вартасьці беларускага рубля. Гэтая рэальная вартасьць, як вядома, утвараецца на так званым «ценявым валютным рынку». Тут дзяржава ня ў стане камандаваць абменным курсам рубля - і таму лічыцца, што яго паказчыкі на згаданым рынку у найбольшай ступені адлюстроўваюць сапраўдныя працэсы ў айчыннай эканоміцы. Дык вось - «зайчык» на некантраляваным уладамі рынку зь нядаўняга часу нечакана спыніў сваё імклівае падзеньне і пачаў паводзіць сябе як прадстаўнік стабільнай грашовай сыстэмы. Напрыклад, у сэктары наяўных грошай, даляру так і не ўдалося пераадолець курсавы бар'ер 310 тысяч беларускіх рублёў. Падобная сытуацыя назіраецца і ў сэктары безнаяўных разьлікаў. Пікавы абменны курс склаў тут 470 тысяч рублёў за даляр. Больш таго - апошнімі днямі беларускі рубель на ценявым рынку нават падаражэў, а даляр адпаведна ўпаў ў цане на 20-30 тысяч «зайчыкаў».

Пасьля абвальнай дэвальвацыі рубля напрыканцы мінулага году цяперашняя фінансавая сытуацыя многім грамадзянам й субектам гаспадараньня Беларусі здаецца нязвыклай. Значная частка іх адчула рэальную нястачу беларускіх рублёў і вымушаная са шкадаваньнем купляць іх за даляры паводле нізкага курсу. Што ж здарылася?

Спэцыялісты, адказваючы на гэтае пытаньне, сыходзяцца на тым, што на айчынным фінансавым рынку спыніўся рост рублёвай масы. Інакш кажучы, Нацыянальны Банк Беларусі выключыў станок, які друкуе «зайчыкі» і актыўна насычае імі айчынную фінансавую прастору. Фінансавыя аналітыкі знаходзяць гэтаму простае і, здаецца, слушнае тлумачэньне. НацБанк, мяркуюць яны, вымушаны лічыцца з патрабаваньнямі Міжнароднага Валютнага Фонду, на чыю крэдытную дапамогу сёньня вельмі разьлічваюць улады Беларусі.

Сапраўды, парамэтар «грашовая маса» ўваходзіць у лік бфзфвых характарыстыкаў эканамічнай палітыкі МВФ, на якіх грунтуецца партнэрства Фонду з патэнцыяльнымі крэдытаатрымальнікамі. Справа ў тым, што празьмерная эмісія грашовай масы, як сьведчыць сусьветная практыка, ніколі не была крыніцай эканамічнага прагрэсу. З гэтай прычыны Фонд відавочна наўрад ці станоўча вырашыць пытаньне з кампэнсацыйным крэдытам для Беларусі у тым выпадку, калі Менск захавае ранейшую грашова-крэдытную палітыку. Такую, падкрэсьлім, палітыку, якая зьвязаная зь некантраляванай эмісіяй грашовых паперак Нацыянальным Банкам краіны. Зрэшты, пытаньне грашовай эмісіі для сёньняшніх беларускіх уладаў, як вядома, заўжды мела палітычны зьмест, і, паводле меркаваньняў аналітыкаў, цяжка уявіць, каб яны вытрымалі патрабаваньні МВФ на доўгатэрміновую пэрспэктыву. У прыватнасьці ўжо цяпер аграрнікі краіны дружна настойваюць на павялічэньні дзяржаўных субсыдыяў у сельскую гаспадарку.

Напружаная сытуацыя з наяўнасьцю грашовай масы узьнікла зараз і на некаторых прадпрыемствах прамысловай сфэры. Фабрыкі й заводы, паводле апошніх зьвестак, зь цяжкасьцю знаходзяць шматмільярдныя сумы для выплаты сваім рабочым месячных заробкаў. Голад на беларускія рублі зьведваюць у апошнія тыдні і большасьць камэрцыйных банкаў. Між іншым, банкіры ў сваіх камэнтарах бягучай фінансавай сытуацыі мяркуюць, што дэфіцыт рублёвай масы - зьява часовая. На іх думку, яна зьнікне ужо ў сярэдзіне лютага, калі завершыцца знаходжаньне у Беларусі гасьцей з Вашынгтону місіі Міжнароднага Валютнага Фонду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG