Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 04 лютага 1999 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

Узбэкістан у красавіку выходзіць з дамовы аб бясьпецы СНД.

Выхад Узбэкістану з ваеннага саюзу СНД - дарэчы, падпісанага якраз у Ташкенце пяць гадоў таму - нельга назваць нечаканым. Прэзыдэнт Карымаў ня раз крытыкаваў краіны СНД, якія дазваляюць Расеі трымаць на сваёй тэрыторыі ваенныя базы і часткі. Карымаў казаў, што такая незалежнасьць больш нагадвае рабства. Прэзыдэнт Узбэкістану заяўляў, што Масква выкарыстоўвае дагавор СНД як прыкрыцьцё дзеля сваіх уласных інтарэсаў. Пагадненьні ў галіне бясьпекі, на думку Карымава, замінаюць Ташкенту адыграваць большую ролю у Сярэдняй Азіі.

У якасьці прькладу тут фігуруе Таджыкістан. Узбэкістан адыграваў там важную ролю падчас грамадзянскай вайны, але пасьля заключэньня міру вывеў свой міратворчы батальён. Ягонае месца адразу занялі расейцы. Узбэкістан ад таго часу ня раз выказваў недаўменьне з нагоды таго, што робяць расейскія войскі ў Таджыкістане. Іхная былая роля - абараняць мяжу з Афганістанам - больш не актуальаня, былыя мяцежнікі цяпер у складзе ураду.

Узбэкістан таксама непакояць магчымыя вынікі візыту прэзыдэнта Таджыкістану Рахмонава ў Маскву ў красавіку - а раптам Масква паставіць Таджыкістану такія самыя зьнішчальнікі і супрацьпаветраныя комплексы, як атрымала нядаўна Арменія.

Ташкент таксама не падзяляе падыходу Расеі да пашырэньня НАТО, да бомбавых удараў па Іраку і да косаўскага канфлікту. Узбэкістан займае ў гэтых пытаньнях выразна адрозную ад расейскай пазыцыю.

Карымаў заявіў, што інтэграцыя краінаў-сяброў Садружнасьці перашкаджае іхнаму сувэрэнітэту і незалежнасьці. Першы у гісторыі СНД крок - заява аб выхадзе з дагавору аб бясьпецы - такім чынам небеспадстаўна разглядаецца ў Ташкенце як умацаваньне бясьпекі сваёй краіны.

XS
SM
MD
LG