Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 03 лютага 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Падчас Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі, што праходзіў 29-30 студзеня, было вырашана стварыць адзіны кіраўнічы ворган беларускай апазыцыі - Каардынацыйна-Кансультацыйную Раду. Прынцыпы фармаваньня рады і рэглямэнт працы павінны былі зацьвердзіць кіраўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, якія былі прадстаўленыя на кангрэсе. І вось, 2 лютага яны сабраліся каб абмеркаваць арганізацыйныя пытаньні.

Трэба прыгадаць, што ўжо йснуе кансультацыйная рада палітычных партыяў. У яе ўваходзяць прадстаўнікі Беларускага Народнага Фронту, Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі, Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада», Аграрнай Партыі, Партыі Камуністаў Беларускай ды іншыя. Аднак камуністы на чале з Калякіным адмовіліся ад удзелу ў Кангрэсе Дэмакратычных Сілаў. А што да Аграрнай Партыі, дык пасьля зьмены ейнага кіраўніцтва - цяпер партыю ўзначальвае амбасадар Беларусі ў Літве, былы віцэ-прэм'ер Уладзімер Гаркун - яна фактычна разарвала ўсе сувязі з кансультацыйнай радай. Таму цяпер фактычна ўсё пачынаецца спачатку.

2 лютага падчас перамоваў вызначыліся 7 партыяў, якія ўдзельнічалі ў кангрэсе і якія хочуць увайсьці ў склад новай Каардынацыйна-Кансультацыйнай Рады. Гэта - Беларускі Народны Фронт, Аб'яднаная Грамадзянская Партыя, дзьве сацыял-дэмакратычныя партыі (Статкевіча й Шушкевіча), Партыя Працы Бухвостава, Сялянская Партыя Лугіна і Рэспубліканская Партыя Астапенкі. Акрамя таго, ёсьць намер уключыць у склад рады 4 найбуйнейшыя грамадзкія арганізацыі - Нацыянальны Выканаўчы Камітэт, «Хартыю-97», Беларускі Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў і Асамблею Дэмакратычных Няўрадавых Арганізацыяў. Такім чынам, разам з партыямі ўсіх будзе 11.

Між тым, раду хочуць скласьці з 7 чалавек. Такім чынам, нехта застанецца па-за ейнымі межамі.

Другое складанае пытаньне - як зрабіць так, каб ніхто не адчуваў, што ягоныя правы ўціскаюцца? І тут таксама ёсьць прапанова - каб кожная з трох найбуйнейшых партыяў (Беларускі Народны Фронт, Аб'яднаная Грамадзянская Партыя і сацыял-дэмакраты Статкевіча) атрымалі права вета. Такім чынам, у выпадку нязгоды зь нейкім рашэньнем, яны маглі б заблякаваць яго. Гэтая прапанова - таксама тэма для сур'ёзнай дыскусіі, таму ўдзельнікі перамоваў вырашылі зрабіць перапынак роўна на тыдзень і зноўку сабрацца разам 9 лютага. У гэты дзень дарэчы плянавалася паседжаньне Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня, але паводле інфармацыі сп. Шарэцкага, яно пераносіцца на 20 лютага.

XS
SM
MD
LG