Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лютага 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня прэзыдэнт Беларусі сустрэўся з кіраўніком усерасейскай Дзяржаўнай Тэлерадыёкампаніі Міхаілам Швыдкім. Падчас размовы Лукашэнка заявіў, што ў хуткім часе будзе спыненае вяшчаньне на Беларусь аднаго з расейскіх тэлеканалаў.

Падчас сустрэчы прэзыдэнта Беларусі з кіраўніком расейскай дзяржаўнай тэлевізіі абмяркоўваліся супольныя інфармацыйныя праекты. У прыватнасьці сп. Швыдкі абвясьціў, што празь некалькі месяцаў на РТР зьявіцца адмысловая штотыднёвая беларуская праграма.

Больш за год таму была падпісаная дамова аб стварэньні беларуска-расейскай тэлерадыёкампаніі. Беларускі бок вельмі зацікаўлены ў тым, каб прысутнічаць у расейскім інфармацыйным полі. Але Крэмль не сьпяшаецца з тым, каб даць зялёнае сьвятло стварэньню супольнай тэлерадыёкампаніі. Прэзыдэнт Ельцын дагэтуль нават не накіраваў дамову аб кампаніі на ратыфікацыю ў Фэдэральны Сход Расеі. Таму Лукашэнка вымушаны абмяжоўвацца сваёй прысутнасьцю на дзейных сёньня расейскіх тэлеканалах. Сьведчаньне чаму - сёньняшнія ягоныя перамовы з сп. Швыдкім.

Варта заўважыць, што скаргі беларускага кіраўніцтва на неаб'ектыўнасьць расейскіх сродкаў масавай інфармацыі звычайна ня тычыліся РТР. Магчыма, менавіта таму сёньня прэзыдэнт Лукашэнка заявіў, што ў хуткім часе ў Беларусі зьявіцца другі канал нацыянальнага тэлебачаньня, які заменіць адзін з расейскіх тэлеканалаў. «Але не РТР і не канал Культура», - патлумачыў Лукашэнка.

Няцяжка здагадацца, што размова йдзе пра адключэньне ці ОРТ, ці НТВ. Хутчэй за ўсё будзе адключаны першы канал - ОРТ, бо вяшчаньне НТВ, па-першае, ахоплівае толькі частку Беларусі, а, па-другое, гэтая кампанія ў адрозьненьне ад іншых расейскіх каналаў спраўна плоціць беларускаму боку за сыгнал. А з ОРТ у афіцыйнага Менску апошнім часам распачаўся канфлікт. Беларускі бок без узгадненьня з партнэрам пачаў замяняць расейскую рэкляму, якая йдзе ў перадачах ОРТ на Беларусь, беларускай.

Падчас размовы з кіраўніком РТР Швыдкім прэзыдэнт Лукашэнка адзначыў, што другі канал нацыянальнай тэлевізіі будзе «антыкісялёўскі». Меўся на ўвазе кіраўнік сучаснай беларускай тэлевізіі Рыгор Кісель. Сэнс гэтай сэнтэнцыі растлумачыць цяжка. Ці гэта тыповая гульня ў дэмакратыю, ці нават Лукашэнку надакучыла прымітыўная прапагадна БТ.

XS
SM
MD
LG