Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лютага 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Партыя Камуністаў Беларуская, двое сяброў Сацыял-Дэмакратычнай Партыі "Народная Грамада", журналіст Аляксандар Фядута і лідэр лібэральных дэмакратаў Сяргей Гайдукевіч вылучаюцца кандыдатамі на мясцовых выбарах. Раней асноўныя апазыцыйныя партыі Беларусі прынцыпова адмовіліся ўдзельнічаць у гэтых выбарах паводле правілаў, навязаных уладамі.

Прэсавую канфэрэнцыю правялі супольна старшыня ЦэнтарВыбарКаму Беларусі Ярмошына, старшыня менскай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Паўлюкевіч і сакратар Менскай гарадзкой выбарчай камісіі Савановіч.

Удзельнікам давялося адказваць на пытаньні журналістаў ня толькі ў сувязі з тэмай мясцовых выбараў, але і ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі, прызначанымі Вярхоўным Саветам на 16 траўня. Сп-ня Ярмошына зноў паўтарыла вядомы афіцыйны тэзыс, згодна зь якім улады не прызнаюць само йснаваньне Цэнтральнай Камісіі па выбарах прэзыдэнта.

Што да дзейнага Закону аб мясцовых выбарах, якія Ярмошына ахарактарызавала як урадавы шлях абнаўленьня муніцыпальнай улады, дык варта нагадаць, што грамадзкія аб'яднаньні пазбаўленыя цяпер права вылучаць сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Перавага нададзеная працоўным калектывам і так званым «ініцыятыўным групам грамадзянаў».

Паводле зьвестак Менскай выбарчай камісіі, да 1 лютага ў Менску быў зарэгістраваны толькі адзін пратакол аб вылучэньні кандыдатаў працоўным калектывам і 164 - ініцыятыўнай групай. Але яшчэ больш цікава, што кіраўнік выбарчай камісіі называў колькасьць кандыдатаў ад розных палітычных партыяў. Так, быццам бы, партыі цалкам афіцыйна ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі. Былі названыя, напрыклад, такія лічбы: 23 прэтэндэнты ад Кампартыі Беларусі, 5 чалавек ад Беларускага Патрыятычнага Саюзу Моладзі і г.д.

У сюжэце, паказаным учора ў праграме Беларускай Тэлевізіі «Панарама», акцэнтавалася ўвага на тым, што па некалькі кандыдатаў вылучылі таксама Партыя Камуністаў Беларуская, Беларуская Народная Партыя ды іншыя, у тым ліку 2 кандыдаты прадстаўляюць Беларускую Сацыял-Дэмакратычную Партыю «Народная Грамада».

У сувязі з гэтым прэсавы сакратар «Грамады» Лявон Дзейка заявіў сёньня ў інтэрвію нашай радыёстанцыі наступнае:

(Дзейка:) «Гэта два дэпутаты сёньняшняга скліканьня Менскага Савету Алег Волчак і Ігар Радзюкевіч. Але партыя іх не вылучала і вылучаць не зьбіралася, бо ў адпаведнасьці з рэзалюцыяй ЦК БСДП, якая была прынятая 23 студзеня сёлета, тэрытарыяльныя арганізацыі БСДП ня будуць вылучаць сяброў партыі кандыдатамі ў дэпутаты. Але далей у нас ёсьць гэткая тэза, закладзеная ў рэзалюцыі: «Разам з тым Цэнтральны Камітэт партыі лічыць, што ў выпадку вылучэньня сяброў партыі працоўнымі калектывамі ці групамі выбаршчыкаў шляхам збору подпісаў, сябры БСДП могуць прымаць рашэньне аб удзеле ў выбарах самастойна». А тое, што партыя ня ўдзельнічае ў выбарах, дык гэта й так ясна».

Нагадаем, што большасьць дэмакратычных партыяў адмовіліся ад удзелу ў мясцовых выбарах, але не выключаюць удзелу ў назіраньні за імі, а таксама магчымасьці падтрымкі дэмакратычных кандыдатаў у асобных акругах.

Варта адзначыць, што ў згаданым тэлесюжэце былі пэрсанальна названыя імёны толькі двух чалавек, чые кандыдатуры вылучаныя ініцыятыўнымі групамі выбаршчыкаў. Гэта журналіст Аляксандар Фядута, які ў свой час спрычыніўся да выбарчай кампаніі Лукашэнкі, а потым працаваў у ягонай адміністрацыі, а таксама кіраўнік Лібэральна-Дэмакратычнай Партыі Сяргей Гайдукевіч. Верагодна, на думку афіцыйнай прэсы, удзел гэтых асобаў у мясцовых выбарах павінен засьведчыць цяперашні ўзровень дэмакратызму ды плюралізму ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG