Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 лютага 1999 г.


Юрась Карманаў, Варшава

Сёньня ў Варшаве знаходзіцца старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня Сямён Шарэцкі. Ён вядзе перамовы ў польскім Сойме.

Візыт беларускага сьпікера носіць працоўны характар і адбываецца за зачыненымі дзьвярыма. А 17-тай гадзіне паводле менскага часу распачалася сустрэча сп. Шарэцкага зь віцэмаршалкам польскага Сойму Станіславам Заёнцам.

Як паведамілі нашаму радыё ў прэсавай службе Сойму, ніякай афіцыйнай інфармацыі наконт сустрэчы няма й ня будзе. Гэтая акалічнасьць сьведчыць пра канфідэнцыйны характар сёньняшніх перамоваў. Як стала вядома зь неафіцыйных крыніцаў, Сямён Шарэцкі будзе імкнуцца дамагчыся ад польскага Сойму ня толькі маральнай падтрымкі прэзыдэнцкіх выбараў, абвешчаных у Беларусі на травень. І само сабой, беларускі сьпікер падзякуе польскаму Сойму за заяву, у якой польскія парлямэнтары выказалі адназначную падтрымку беларускім дэмакратам і дэмакратыі, а таксама Вярхоўнаму Савету Беларусі XIII скліканьня як адзінаму легітымнаму заканадаўчаму воргану Беларусі.

Нагадаю, што заява была зробленая два тыдні таму і выклікала жорсткую рэакцыю з боку беларускага Міністэрства Замежных Справаў.

Да апошняга часу афіцыйная Варшава захоўвала асьцярожнасьць адносна кантактаў з афіцыйным Менскам. Набліжэньне даты прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама агрэсіўныя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі прымушаюць Варшаву вызначыцца. Зрабіць выбар палякам дапамагае беларуская апазыцыя.

XS
SM
MD
LG