Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 лютага 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня кіраўнікі палітычных партыяў-удзельніцаў Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі правялі першую рабочую сустрэчу.

Першапачаткова арганізатары Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў меркавалі ўтварыць Каардынацыйна-Кансультацыйную Раду непасрэдна на кангрэсе. Аднак літаральна ў апошні момант было вырашана, што парадак фармаваньня і рэглямэнт працы адзінага воргану беларускай апазыцыі будуць вызначаныя на перамовах паміж палітычнымі партыямі, якія былі прадстаўленыя на кангрэсе. І вось 2 лютага такія перамовы пачаліся.

Сустрэча кіраўнікоў партыяў праходзіла за зачыненымі дзьвярыма. Прычым бадай упершыню за апошні час ніхто з пабочных у залю ня быў дапушчаны. Як патлумачылі арганізатары перамоваў, зроблена так наўмысна, паколькі ўнутраныя спрэчкі няма патрэбы выносіць на ўсеагульную трыбуну.

За стварэньне аб'яднанай апазыцыі выступаюць на словах усе. Так, Лявон Баршчэўскі, які ўдзельнічаў у сёньняшняй нарадзе, яшчэ ў сваёй прамове на Кангрэсе Дэмакратычных Сілаў сфармуляваў праблему так: раней у Беларусі была партыйная апазыцыя рэжыму Лукашэнкі. А паколькі кожная партыя мае свае ўласныя прынцыпы, уласныя плятформы й погляды, дык такая апазыцыя ня можа быць агульнай. Але ж цяпер апазыцыя прэзыдэнту пераходзіць у новую якасьць - нацыянальна-вызвольны рух. А такі рух, як адзначыў сп. Баршчэўскі, ня можа ня быць адзіны.

Аляксей Кароль нагадаў удзельнікам перамоваў, што ініцыятыва стварэньня Каардынацыйна-Кансультацыйнай Рады належыць Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі «Народная Грамада». Больш таго, партыя, якую ўзначальвае Мікола Статкевіч, прапаноўвала стварыць грамадзка-палітычны рух з назовам, які б цалкам супадаў з назовам кангрэсу, а менавіта - грамадзка-палітычны рух «Кангрэс Дэмакратычных Сілаў». Такі крок быў бы правамоцны, бо значная частка дэлегатаў форуму абіралася на рэгіянальных канфэрэнцыях. Такім чынам, аб'яднаньне было б і зьверху, і зьнізу. І хоць такі плян зьдзейсьніць падчас кангрэсу не ўдалося, ёсьць сэнс стварыць хоць бы Каардынацыйна-Кансультацыйную Раду, а яна ўжо паспрыяе фармаваньню ўсяго руху.

Здаецца, усе разумеюць неабходнасьць стварэньня ня толькі аб'яднанай апазыцыі, але й адзінага воргану, які ёй будзе кіраваць. Але ж вось тут і ўзьнікаюць засьцярогі: на каго асабіста будзе працаваць такі ворган, тым больш - напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў? На Чыгіра? На Карпенку? На Пазьняка? А можа яшчэ на кагосьці? Падобна на тое, што кожная партыя, якая ўдзельнічала ў Кангрэсе Дэмакратычных Сілаў, баіцца, каб Каардынацыйна-Кансультацыйная Рада не аддала перавагу каму-небудзь з складу тых, хто ў яе ўвойдзе. Адсюль і такая насьцярожанасьць, і жаданьне яшчэ й яшчэ раз падумаць.

Сродкі масавай інфармацыі ўжо разьнесьлі вестку пра тое, што беларускія дэмакраты аб'ядналіся. Магчыма, прэса і пасьпяшалася, паколькі партыйцы на сёньняшніх перамовах вырашылі правесьці яшчэ некалькі раўндаў абмеркаваньня сытуацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG