Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 1999 г.


Алесь Лазоўскі, Менск

Ня менш за пяць тысячаў чалавек узялі ўдзел у шэсьці й мітынгу па заканчэньні Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў. Пасьля 15-ай гадзіны калёна з кангрэсаўцамі ды прыхільнікамі незалежнасьці Беларусі ўзяла шлях да плошчы Парыскай камуны - месца дазволенага мітынгу. Калі выключыць сяброў дэмакратычных партыяў, то большасьць дэманстрантаў была падобная да майго першага суразмоўцы.

(Першы суразмоўца:) «Я прыйшоў, каб падтрымаць удзельнікаў Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў. Я за незалежнасьць Беларусі і за адстаўку нашага прэзыдэнта».

(Чуваць скандаваньні прысутных:) «Моладзь за Беларусь! Моладзь за Беларусь!»

(Другі суразмоўца, Мікола:) «Шчыра кажучы, я ўпершыню ўдзельнічаю ў такім мітынгу. А ўвогуле я - не партыйны чалавек. І я думаю, што я мушу тут быць. І кожны чалавек, які жадае лепшага жыцьця для сябе, ня толькі для сябе, але і для сваіх дзяцей - мусіць проста быць разам з тымі, чыёй працай ёсьць кіраваць у будучым.»

(Чуваць скандаваньні прысутных:) «Не-за-леж-насьць! Не-за-леж-насьць! Не-за-леж-насьць!»

(Лазоўскі:) Ці першы раз вы на падобных мерапрыемствах?

(Трэці суразмоўца:) «Не. Гэта ня першы мой прыезд. Як умею - удзельнічаю. І гэта ня першы кангрэс, у якім я ўдзельнічаў. Уражаньне такое, што рэжыму Лукашэнкі прыходзіць канец. Мы бачым гэта па тым, што з кожным днём на такія шэсьці па вуліцах гораду зьбіраецца ўсё болей і болей людзей».

(Лазоўскі:) А колькі часу вам і астатнім давядзецца яшчэ хадзіць на падобныя мерапрыемствы?

(Трэці суразмоўца:) «Не магу дакладна сказаць. Мабыць, ня шмат. Мабыць вясною народ прачнецца ўвесь».

Калёна была аздобленая белымі й чырвонымі колерамі: сьцягамі Беларускага Народнага Фронту, Аб'яднанай Грамадзянскай Партыі, сацыял-дэмакратаў і, як прыкмета канцавога пункту не калёны, але краіны, было й палотнішча Эўрапейскага Зьвязу. У першых шэрагах ішлі вядомыя палітыкі: Сямён Шарэцкі, Генадзь Карпенка, Мікола Статкевіч, Лявон Баршчэўскі і Юры Хадыка (ён, дарэчы, распачаў мітынг, сказаўшы пра значнасьць мінулай гэтымі днямі падзеі).

(Хадыка:) «Кангрэс Дэмакратычных Сілаў стаў у сучаснай палітычнай гісторыі Беларусі, як гаварылі ў старажытнасьці, альфай і амэгаю. Амэгаю - апошняй літарай альфабэту - таму, што заканчваецца працяглы пэрыяд узгадненьняў. А альфаю Кангрэс стаў таму, што ён, вобразна гаворачы, заклікаў да паспалітага рушэньня на выбары».

На мітынгу выступілі таксама Генадзь Карпенка, дэпутат Павал Знавец, рэжысэр Юры Хашчавацкі, а таксама адзін з арганізатараў страйкавага камітэту краіны Сяргей Антончык.

(Антончык:) «Час перамоваў з рэжымам прайшоў. У нас застаўся час дзеяньняў. Я хацеў бы вам сказаць: ці можна прымусіць чалавека, які гуляе два разы на тыдзень у хакей і тры разы ў тэніс, нешта зрабіць? Яго могуць прымусіць толькі дзеяньні, калі будуць забраныя ягоныя дзяржаўныя канькі і зламаная ягоная ракетка. Такімі дзеяньнямі павінен стаць агульнанацыянальны страйк. У нас ёсьць два ці тры месяцы на тое, каб падняць усіх людзей».

Антыпрэзыдэнцкія настроі знайшлі месца і ў іншых выступах, якія, з прычыны марознага надвор'я, былі ляканічныя. Падводзячы рысу, Валянцін Голубеў зачытаў прысутным зварот да іх ад дэлегатаў Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў. Вось вытрымка зь яго:

(Голубеў:) «Мы ўсьведамляем адказнасьць за будучыню Беларусі і разумеем, што ў нас ува ўсіх ёсьць магчымасьць узяць лёс краіны ў свае рукі».

Як заўжды, у дварах, каля якіх ішла калёна дэманстрантаў, было шмат міліцыі, але ёй сёньня справы не знайшлося. Больш таго, у часе прыватных размоваў самі міліцыянты выказваліся супраць усялякіх ваенных саюзаў, магчымасьць якіх не выключаецца пры сёньняшняй уладзе.

XS
SM
MD
LG