Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пасьля заканчэньня кангрэсу яго арганізатары далі свае ацэнкі вынікам гэтага форуму. Вось меркаваньне старшыні Вярхоўнага Савету Сямёна Шарэцкага, каардынатара Хартыі-97 Андрэя Саньнікава і кіраўніка Беларускага Народнага Фронту Лявона Баршчэўскага.

(Шарэцкі:) «Кангрэс - гэта той крок, які стаў, я сказаў бы, зыходным пунктам для аб'яднаньня ў практычнай справе. А вось такой справай у гэтым годзе зьяўляюцца выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. Я думаю, у гэтых адносінах Кангрэс адыграе вялікую ролю. Вы ж бачылі, што наагул усё ўдалося, усе рэзалюцыі амаль аднагалосна прынятыя. Тое, што плянавалася, усё яно выканана на Кангрэсе».

Далей гаварыў Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў:) «Я лічу, што большасьць з таго, што мы плянавалі, удалося выканаць. Прынятая вельмі важная рэзалюцыя аб кансалідацыі сілаў, аб стварэньні Каардынацыйна-кансультацыйнай рады і ёсьць супольная плятформа (вы чулі, як яна абмяркоўвалася). Я лічу, што гэта вельмі добра, таму што там ёсьць мэханізмы супрацоўніцтва і канкрэтныя рэчы (мы павінны рабіць зараз канкрэтныя рэчы), і адказваць за гэта будзе Каардынацыйная рада. Не за тое, каб кіраваць, а за тое, каб нешта рабілася».

(Невяроўскі:) Спадар Баршчэўскі, што, на Вашую думку, удалося выканаць Кангрэсу? Як Вы ацэньваеце ягоныя вынікі?

(Баршчэўскі:) «Я ацэньваю вынікі станоўча, бо ўсе прынятыя рэзалюцыі маюць выразны незалежніцкі зьмест. Можа быць, сапраўды, упершыню ўсе дэмакратычныя сілы, якія называюць сябе дэмакратычнымі сіламі Беларусі, прынялі дакумэнт, у якім першым пунктам стаіць абарона незалежнасьці, абарона беларускай мовы, культуры і гэтак далей. Гэта тое, чаго мы дамагаліся дзесяць год. Што да арганізацыйных формаў, то мы падтрымліваем любую каардынацыю дзеяньняў, і яна ўжо існуе. Я не лічу, што Кангрэс быў тут нейкім важным этапам. У нас ёсьць і ўжо даўно дзейнічае агульны плян дзеяньняў паміж асноўнымі партыямі і грамадзкімі рухамі і гэты плян рэалізуецца, нягледзячы на тое, што нейкага там воргану можа й не было».

(Невяроўскі:) Аб'яднаньне дэмакратычных сілаў, на Вашую думку, удалося?

(Баршчэўскі:) «Я думаю, што яны аб'ядналіся раней, чым гэты Кангрэс...»

(Невяроўскі:) Ці ня лічыце Вы, што прэзыдэнцкія выбары і адпаведная колькасьць кандыдатаў ад розных партыяў могуць раскалоць аб'яднаньне?

(Баршчэўскі:) «Я тут падтрымліваю думку Старшыні Вярхоўнага Савету Шарэцкага, які лічыць, што калі мы хочам праводзіць дэмакратычныя выбары - у іх ня можа быць аднаго кандыдата, а калі мы змагаемся з рэжымам, калі мы робім нацыянальна-вызвольны рух, то тут можа быць адзін нацыянальны лідэр, але гэта пытаньне, пакуль што, так не стаіць».

Такім чынам, Лявон Баршчэўскі лічыць, што пытаньне аб агульнанацыянальным лідэры перад беларускімі дэмакратамі пакуль не стаіць.

Аднак напрыканцы зьезду пытаньне аб адным зь лідэраў апазыцыі нечакана ўзьняў рэдактар гарадзенскай газэты «Пагоня» Мікола Маркевіч. Ён запрапанаваў удзельнікам кангрэсу прыняць зварот «Аб гарантыях бясьпекі пры вяртаньні ў Беларусь Зянона Пазьняка». На думку аўтара звароту, урады й грамадзкасьць Эўрапейскага Саюзу й ЗША павінны запатрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі абяцаньне не прымяняць да лідэра Народнага Фронту рэпрэсіяў у выпадку яго вяртаньня на Бацькаўшчыну. Удзельнікі кангрэсу віталі прапанаваны праект звароту стоячы і прынялі яго адзінагалосна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG