Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 01 лютага 1999 г.


Віталь Тарас, Менск

Дэкрэт аб некаторых мерах па ўпарадкаваньню дзейнасьці палітычных партыяў; прафсаюзаў і грамадзкіх арганізацыяў быў падпісаны прэзыдэнтам Лукашэнкам 26 студзеня гэтага году і адразу ўступіў у сілу. Як гаворыцца ў заяве Беларускага Гэльсінскага Камітэту, дэкрэт ставіць у жорсткую залежнасьць ад уладаў ня толькі дзейнасьць, але і само існаваньне ўзгаданых інстытутаў.

Дзякуючы новаму парадку рэгістрацыі і перарэгістрацыі, "дзейнасьць прафэсіыйных саюзаў, палітычных партыяў ды іншых грамадзкіх арганізацыяў можа быць забароненая ворганамі выканаўчае ўлады на падставе якога заўгодна пісьмовага ўказаньня за парушэньне імі ня толькі заканадаўства, але й іхняга статуту. Указаньне можа быць зробленае якім заўгодна дзяржаўным ворганам".

Тым самым, адзначаецца ў заяве БГК, груба парушаецца Артыкул 20 Усеагульнай Дэклярацыі правоў чалавека, Артыкул 22 Пакту Аб грамадзянскіх і палітычных правох, артыкулы Канстытуцыі Беларусі, якія гарантуюць грамадзянам магчымасьць аб'яднаньня ў палітычныя, прафсаюзныя ды іншыя аб'яднаньні. На гэтым моманце засяродзіла асаблівую ўвагу Старшыня Беларускага Гельсінскага Камітэту Тацяна Процька.

(Процька:) "Я хачу зазначыць, што гэты дэкрэт у чыстым выглядзе парушае артыкул 36 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у дзьвюх рэдакцыях - і 1994 года, і 1996 году. Ён фактычна вызначае забарону дзейнасьці палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў і грамадзкіх аб'яднаньняў. У Артыкуле 36 вызначана, што кожны грамадзянін нашае краіны мае права на аб"яднаньні. А нам гаворыць дэкрэт пра тое, што дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў забараняецца. І вызначаецца парадак таго, што трэба зрабіць, каб быць зарэгістраваным. Ну, па-першае, гэта вельмі складаны парадак, і практычна кожнае грамадзкае аб'яднаньне можа быць незарэгістраваным. І справа ня толькі ў тым, што камісію, якая будзе даваць дазвол на рэгістрацыю, узначальвае сп. Замяталін. Справа ў тым, што ў Палажэньні аб рэгістрацыі дастаткова юрыдычных зачэпак, якія могуць дазволіць не зарэгістраваць якую заўгодна арганізацыю. Прэзыдэнт, які па Канстытуцыі ў рэдакцыі 1996 года зьяўляецца гарантам правоў чалавека, груба парушае гэтыя правы. І ня толькі парушаецца Артыкул 36 (права на аб'яднаньне), але й Артыкул 79 ставіцца пад сумнеў, бо нельга лічыць прэзыдэнта, які выдае такі дэкрэт, гарантам правоў чалавека".

(Тарас:) Сяньня ўжо 1 лютага, і сяньня пачалася тая самая перарэгістрацыя паводле дэкрэту. Усяго ёсьць пяць месяцаў. Што можа зрабіць грамадзтва, так званы " трэці сэктар" у гэтай сытуацыі?

(Процька:) "У нас на 1 студзеня 1999 году зарэгістравана больш як дзьве з паловай тысячы грамадзкіх аб"яднаньняў. Сто дзевяць дзён адведзена на перарэгістрацыю. За сто дзевяць працоўных дзён фізычна немагчыма зарэгістраваць усе арганізацыі. Гэта па пятнаццаць хвілінаў на кожную - прыняць дакумэнты, праверыць... Усе мы, нават калі будзем вельмі старацца, не пасьпеем перарэгістравацца. Таму я прапаную наступнае. Кожны грамадзянін, які адчувае, што ягоныя правы парушаныя, хай зьвернецца да прэзыдэнта, да адпаведных службовых асобаў і патрабуе (ці просіць - як чалавек сасьпеў) адмяніць гэты дэкрэт. Хай кожная арганізацыя, палітычная партыя гэтаксама зьвернуцца да прэзыдэнта, да кіруючых асобаў з патрабаваньнем адмяніць гэты дэкрэт. Гэта будзе, можа, першая акцыя грамадзянскага супраціву".

Паводле меркаваньня Тацьцяны Процькі, надыйшоў час перайсьці ад канстатацыі фактаў парушэньняў правоў чалавека да актыўных дзеяньняў ў адказ на супрацьпраўныя захады ўладаў.

XS
SM
MD
LG