Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 лютага 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня на Менскім маторным заводзе адбылася стыхійная акцыя пратэсту. Працоўны калектыў і найперш рабочыя пратэставалі супраць нявыплаты заробкаў.

У мінулую суботу скончыўся тэрмін эканамічнага ультыматуму, які працоўны калектыў маторнага заводу выставіў сваёй адміністрацыі.

Нагадаю, гэты ультыматум прагучаў 28 студзеня на сходзе працоўнага калектыву ММЗ. Каля 600 маторабудаўнікоў, што сабраліся ў актавай залі прадпрыемства, пастанавілі даць тры дні кіраўніцтву заводу на ліквідацыю запазычанасьці па зарплаце. Запазычанасьць узьнікла ў сувязі зь нявыплатамі месячнага заробку за сьнежань мінулага году і авансу за студзень гэтага. У агульнай суме кіраўніцтва ММЗ завінавацілася калектыву 17 мільярдаў беларускіх рублёў.

Шматсоценны сход адхіліў тлумачэньні намесьніка генэральнага дырэктара заводу ў пытаньнях вытворчасьці Дзьмітрыя Агафонава, зь якіх вынікала, што затрымка заробкаў адбылася дзеля незалежных ад адміністрацыі абставінаў. А менавіта - як вынікала зь ягоных словаў - з прычыны эканамічных цяжкасьцяў у краіне і бюракратычных паводзінаў ураду. Аднак рабочыя не прынялі такой аргумэнтацыі. «Мы працуем, - заявілі яны на сходзе, - і наша праца павінна своечасова аплочвацца».

Удзельнікі сходу высунулі жорсткія патрабаваньні. У выпадку нявыплаты запазычанасьці ў адведзены тэрмін яны абвяшчаюць аб недаверы дзейнасьці адміністрацыі і пакідаюць за сабой права не прыступаць да выкананьня працоўных абавязкаў.

Між тым, мінулы тыдзень скончыўся тым, што заводзкае начальства праігнаравала патрабаваньні сходу, і вось сёньня супрацьстаяньне працоўнага калеткыву і адміністрацыі мела тут працяг.

Распавядае лідэр Свабоднага прафсаюзу Менскага маторнага заводу Валеры Захарчанка:

(Захарчанка:) «Сёньня адбыўся стыхійны страйк у інструмэнтальным корпусе. Да інструмэнтальшчыкаў далучыліся рабочыя мэханічных цэхаў заводу. Гэты стыхійны страйк працягваўся тры гадзіны - ад 7 да 10 раніцы. Гэта значыць, рабочыя пачалі акцыю пратэсту супраць нявыплаты заробкаў не прыступаючы да працы».

На стыхійны мітынг прыйшлі прадстаўнікі адміністрацыі заводу, у прыватнасьці - галоўны інжынэр Алег Ждановіч. З удзельнікамі страйку яны падзяліліся гэткай інфармацыяй:

(Захарчанка:) «Патлумачылі людзям, што ў сераду будзе выплачаная заработная плата за сьнежань і аванс за студзень. Рабочыя ў сваю чаргу запатрабавалі скліканьня канфэрэнцыі працоўнага калектыву з справаздачай адміністрацыі аб фінансава-эканамічнай дзейнасьці прадпрыемства. Таму было прынята рашэньне правесьці ў бліжэйшыя дні ў цэхах заводу цэхавыя сходы працоўных калектываў і вылучыць там дэлегатаў на заводзкую канфэрэнцыю».

У інструмэнтальным корпусе, дзе праходзіў сёньняшні стыхійны мітынг менскіх маторабудаўнікоў, разьмешчаныя тры цэхі заводу - інструмэнтальны, цэх мэханізацыі і рамонтна-мэханічны цэх. Тут працуе больш за 1000 чалавек. Наступствам стыхійнага страйку сталася таксама прыпыненьне працы 1-га, 2-га і 5-га мэханічных цэхаў, працаўнікі якіх таксама вырашылі актыўна пратэставаць супраць затрымкі заробкаў.

Дарэчы, вартая ўвагі акалічнасьць - застрэльшчыкамі сёньняшняга стыхійнага страйку на маторным выступілі прадстаўнікі рабочага асяродзьдзя. Што датычыць інжынэрна-тэхнічнага пэрсаналу, які між іншым таксама не атрымвае тут заробкаў, дык яго прадстаўнікі, паводле інфармацыі лідэра Свабоднага прафсаюзу, у адстойваньні сваіх сацыяльна-эканамічных інтарэсаў удзельнічаюць млява й нерашуча.

Прадстаўнікам адміністрацыі маторнага заводу ўдалося сёньня пераканаць рабочых вярнуцца на свае працоўныя месцы ня толькі абяцаньнем зьліквідаваць 3 лютага цяперашнюю грашовую запазычанасьць па зарплаце. На стыхійным мітынгу заводзкае начальства паведаміла таксама аб пераглядзе памеру павышэньня заробкаў для маторабудаўнікоў на 1999 год. Начальства паабяцала рабочым скарэктаваць іх месячныя зарплаты пачынаючы ад студзеня на 35%.

Валеры Захарчанка, камэнтуючы гэтае рашэньне адміністрацыі, адзначыў, што абвешчаную надбаўку варта разглядаць як пэўную перамогу. У бліжэйшую сераду, мяркуе лідэр Свабоднага прафсаюзу, кіраўніцтва заводу павінна паказаць рабочым, ці ўмее яно трымаць слова і чаго вартыя яго абяцаньні.

XS
SM
MD
LG