Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 студзеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня дэпутат Вярхоўнага Савету Валеры Шчукін атрымаў штраф памерам 75 мільёнаў рублёў за ўдзел у мітынгу, які прайшоў у Менску яшчэ 6 сьнежня летась. За два гады гэта ўжо дванаццатае пакараньне вядомага апазыцыянэра. На сёньняшні дзень на агульным рахунку Шчукіна - 45 дзён адміністрацыйных арыштаў і 160 мільёнаў рублёў штрафаў.

Справу Валерыя Шчукіна разглядаў судзьдзя Анатоль Барысёнак, які ў Цэнтральным раённым судзе Менску адказвае за адміністрацыйныя парушэньні. З дванаццаці пакараньняў, атрыманых Шчукіным за два мінулыя гады, палова прысуджаная менавіта судзьдзём Барысёнкам. Двойчы ён адпраўляў Шчукіна за краты і - да сёньняшняга дня - тройчы прысуджваў яму штраф.

Сёньня, мяркуючы з абвінавачаньня, справа таксама йшла да адміністрацыйнага арышту. Вырашалася пытаньне - які ўдзел прымаў Валеры Шчукін у несанкцыянаваным мітынгу 6 сьнежня летась на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Нагадаю, што ў той дзень адзначалася гадавіна Дэклярацыі правоў чалавека. Беларускія праваабарончыя арганізацыі вырашылі адзначыць гэтую дату мітынгам пратэсту супраць парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. Мітынг быў дазволены гарадзкімі ўладамі на плошчы Парыскай камуны, але арганізатары правялі акцыю на Кастрычніцкай плошчы. «Праблема правоў чалавека вартая ўвагі як мага большай колькасьці людзей, таму мы правялі мітынг у больш людным месцы», - заяўлялі потым арганізатары акцыі.

Ужо на другі дзень іх чакала пакараньне. За краты паводле адміністрацыйных арыштаў былі адпраўленыя Юры Хадыка, Алесь Бяляцкі, Мікола Статкевіч, актывіст Народнага Фронту Алег Шагура ды іншыя.

Да Валерыя Шчукіна ўлады дабраліся толькі зараз, але не таму, што ён хаваўся. За гэты час дэпутат Вярхоўнага Савету адседзеў 25 сутак, атрыманых паводле прысудаў спачатку Партызанскага, а потым Савецкага судоў Менску.

На сёньняшні працэс у Цэнтральным судзе Шчукін прыйшоў таксама падрыхтаваны да арышту, хоць віны сваёй ён не прызнаваў.

(Шчукін:) «Адміністрацыйнае права ў адрозьненьне ад крымінальнага не прадугледжвае адказнасьці за ўдзел у нейкім парушэньні, нават няма такога паняцьця - удзельнічаў ці ня ўдзельнічаў. Кожны павінен несьці адказнасьць за тыя парушэньні, якія ён асабіста ўчыніў. Калі я і ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу на Кастрычніцкай плошчы, я не магу несьці адказнасьць за яго арганізацыю ці правядзеньне, бо ня быў арганізатарам», - заявіў Валеры Шчукін суду.

Дэпутат даводзіў, што згодна з Канстытуцыяй мітынгаваць можна дзе заўгодна, акрамя некаторых забароненых месцаў - толькі папярэдне трэба паведаміць гарвыканкаму аб месцы правядзеньня акцыі. Калі гэтае правіла парушанае, адказнасьць ускладаецца на арганізатараў, а ня ўдзельнікаў, даводзіў судзьдзі Барысёнку Валеры Шчукін.

Судзьдзя аднак спаслаўся на паказаньні двух сьведкаў-міліцыянтаў і вырашыў, што Шчукін быў ня проста ўдзельнікам, а актыўным удзельнікам несанкцыянаванага мітынгу - бо выступаў з прамовай, і за гэта заслугоўвае пакараньня - 75 мільёнаў рублёў штрафу, якія належыць выплаціць на працягу 15 дзён.

Як заявіў пасьля суду Валеры Шчукін, плаціць гэтыя грошы яму няма з чаго. Зь ягонай пэнсіі і без таго кожны месяц вылічваюць па мільёне рублёў, а на астатнія неяк трэба жыць.

Агульны штраф дасягнуў 160 мільёнаў рублёў. «Такія грошы мне ніколі ня выплаціць, ды я й не зьбіраюся, бо не прызнаю гэтыя прысуды законнымі», - заявіў Валеры Шчукін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG