Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 студзеня 1999 г.


Міхал Стэльмак

Заўтра на Менскім маторным заводзе магчымыя акцыі пратэсту. Тут адгукнулася рэха 10-тысячнага прафсаюзнага мітынгу, які адбыўся каля сталічнага Палаца Спорту 27 студзеня. Рашучасьць удзельнікаў згаданай акцыі пратэсту перадалася працаўнікам гэтага прадпрыемства ў адстойваньні сваіх сацыяльна-эканамічных правоў. З прычыны несвоечасовай выплаты заробкаў калектыў маторабудаўнікоў апынуўся цяпер на мяжы сацыяльнага выбуху.

Менскія маторабудаўнікі прынялі самы актыўны ўдзел у прафсаюзнай акцыі пратэсту 27 студзеня. У мітынгу ля Палаца Спорту ўдзельнічалі як сябры афіцыйнага прафсаюзу гэтага прадпрыемства, так і сябры мясцовай суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. А ўжо на другі дзень, 28 студзеня, тут, на маторным заводзе, пачала напаляцца атмасфэра ў працоўным калектыве. З ініцыятывы лідэраў афіцыйнага прафсаюзу быў скліканы сход працоўнага калектыву. У актавай залі заводу сабралася каля 600 прадстаўнікоў структурных падразьдзяленьняў прадпрыемства.

Як паведаміў нашаму радыё старшыня прафкаму заводу Анатоль Панкевіч, на парадак дня сходу было вынесенае адно пытаньне - справаздача адміністрацыі заводу аб выплаце заработнай платы і яе павелічэньні ў бягучым годзе.

(Панкевіч:) «Прафкам прапаноўваў да 4 лютага зьліквідаваць запазычанасьць па зарплаце за сьнежань, а таксама авансу за студзень бягучага году. У выпадку нявыплаты згаданых грашовых запазычанасьцяў да гэтага дня мы прапаноўвалі выказаць недавер адміністрацыі заводу».

Аднак учорашні сход працоўнага калектыву маторабудаўнікоў пайшоў паводле іншага сцэнару. Яго ўдзельнікі не прынялі запрапанаванай даты 4 лютага, як бачылася вырашэньне гэтага сацыяльнага канфлікту кіраўнікам афіцыйнага прафсаюзу. Асноўная маса маторабудаўнікоў і найперш зь ліку прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу, якія таксама прымалі ўдзел у мерапрыемстве, запатрабавала пераносу даты на 30 студзеня.

Выступіў на згаданым заводзкім сходзе і лідэр Свабоднага прафсаюзу маторабудаўнікоў Валеры Захарчанка. Пра атмасфэру ўчорашняга мерапрыемства і патрабаваньні яго ўдзельнікаў сп. Захарчанка паведаміў наступнае:

(Захарчанка:) «Патрабаваньні жорсткія - калі ня будзе заработнай платы, мне цяпер цяжка спрагназаваць, якія могуць быць наступствы. Калектыў настроены вельмі рашуча. Людзі хочуць неадкладна атрымаць свае заробкі. На сходзе выступіла пяць рабочых. Яны казалі пра тое, што ім няма цяпер за што жыць, няма за што карміць дзяцей».

Паводле словаў сп. Захарчанкі, сход маторабудаўнікоў пастанавіў на працягу ўчорашняга, сёньняшняга й заўтрашняга дзён выплаціць калектыву зарплату. Ён таксама паведаміў, што 28 студзеня грошы на заводзе не выплочваліся. Не выплочваліся яны й сёньня. Застаецца ў запасе ўсяго адзін - заўтрашні дзень. Заўтра, як вядома, субота, але маторны, паводле папярэдне ўсталяванага графіку, 30 студзеня будзе працаваць.

Дарэчы, Валеры Захарчанка - дэлегат Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі. Аднак, паведаміў ён, заўтра, відаць, не давядзецца быць на паседжаньні кангрэсу. Сытуацыя на заводзе можа разьвівацца паводле непрадказальнага сцэнару. Калі грошы для рабочых ня будуць знойдзеныя, то, паводле ягоных словаў, ня выключана, што тут пачнецца стыхійны бунт. Калектыў можа стыхійна штурмаваць будынак адміністрацыі, паколькі наперадзе выхадны, а шмат хто з рабочых ня мае за душою ніякіх харчовых запасаў.

Што сытуацыя ў калектыве менскіх маторабудаўнікоў напружаная - пацьвердзілі мне і ў адміністрацыі прадпрыемства. Дарэчы, гэтая сытуацыя ўскладняецца тым фактам, што генэральны дырэктар заводу Карл Шаўлоўскі цяпер адсутнічае на прадпрыемстве. «Хварэе», - патлумачыў прадстаўнік заводзкай адміністрацыі. Таму на плечы яго намесьнікаў легла зараз вялікая сацыяльная ноша.

Да канца заўтрашняга працоўнага дня, як паведаміў лідэр афіцыйнага прафсаюзу Анатоль Панкевіч, шасьці тысячам маторабудаўнікоў адміністрацыя павінна знайсьці й выплаціць 17 мільярдаў беларускіх рублёў.

XS
SM
MD
LG