Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 28 студзеня 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Менш за месяц засталося сядзець у турме актывісту «Маладога Фронту» Аляксею Шыдлоўскаму. Днямі наш карэспандэнт атрымаў ад Аляксея ліст.

Палутарагадовы тэрмін зьняволеньня Аляксея Шыдлоўскага канчаецца 25 лютага. Нагадаем, што актывіст «Маладога фронту» засуджаны Менскім абласным судом за напісаньне антыпрэзыдэнцкіх лёзунгаў у Стоўпцах. Амаль дзевяць месяцаў з гэтага тэрміну Аляксей правёў у сьледчых ізалятарах, а астатняе даседжвае цяпер у Менскай калёніі УЖ15/1. Яна месьціцца па вуліцы Кальварыйскай.

Праз два месяцы пасьля папярэдняга, я, нарэшце, атрымаў сьвежы ліст ад Аляксея. Паводле маіх падлікаў, толькі кожны другі ягоны ліст даходзіць да адрасата. Раней я прасіў Аляксея адказаць на некалькі пытаньняў, і у прыватнасьці - ці падпадае ён пад амністыю, абвешчаную прэзідэнтам.

Так, сапраўды, амністыі Аляксей дачакаўся, але ня вельмі тым усьцешаны, бо выйдзе на волю раней усяго на некалькі дзён. А з другога боку, ёсьць і адваротны бок мэдаля. Той, хто выйшаў з турмы паводле амністыі, ня можа, у выпадку чаго, больш разьлічваць на паўторную міласэрнасьць на працягу дзесяці гадоў.

«Цяпер думаю, - піша Аляксей, - як пазьбегнуць амністыі. Хоць больш сядзець не зьбіраюся. Але ж, я і гэтым разам не зьбіраўся...»

Аляксей згадвае таксама прозьвішча дэпутата Кудзінава і з шкадаваньнем адзначае, што яго як прадпрымальніка амністыя не закранула. Зроблена гэта наўмысна, лічыць Шыдлоўскі.

Што да сваіх навінаў, то Аляксей піша: «Ведаю, што мяне вылучылі на пасаду намесьніка старшыні «Маладога фронту». Добра, будзе чым заняцца, калі выйду на волю».

Яшчэ піша, што атрымаў у турме віншавальныя лісты да Новага Году ад Васіля Быкава, ад Сяргея Навумчыка. Узгадвае Аляксей і нядаўняе наведваньне турмы кіраўніком назіральнай групы АБСЭ. «Пасьля візыту доктара Ганса Георга Віка, - піша Шыдлоўскі, - стаўленьне да мяне зьмянілася. Мой ложак перамясьцілі з трэцяга на другі ярус. Лісты ідуць безь перапынку».

Дзякуючы ім, ён дастаткова інфармаваны і цэлую старонку свайго ліста прысьвячае падзеям у краіне.

XS
SM
MD
LG