Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 1999 г.


Браніслава Станкевіч, Ворша

Яшчэ некалькі гадоў таму прамысловая фірма «Лёс», якая знаходзіцца ў Барані - горадзе-спадарожніку Воршы - была адным з самых пасьпяховых прадпрыемстваў у Беларусі. А сёньня - гэта адно з самых стратных прадпрыемстваў, працаўнікі якога знаходзяцца апошнім часам у стане пэрманэнтнай забастоўкі.

Як паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода старшыня свабоднага прафсаюзу фірмы «Лёс» Васіль Леўчанкаў, страйкавы рух на прадпрыемстве не зьніжае сваёй інтэнсіўнасьці, бо сёньняшнім становішчам тут не задаволены ніхто. Нізкія заробкі, якія выплочваюцца часьцей за ўсё зь вялікім спазьненьнем, здольныя давесьці працаўнікоў да адчаю, таму на прадпрыемстве пастаянны дэфіцыт кадраў, бо сыходзяць з працы і спэцыялісты-прафэсіяналы і звычайныя рабочыя. А тыя, хто застаўся, упарта спрабуюць уласнымі сіламі дамагчыся нармальнага жыцьця. І невыпадкова менавіта на фірме «Лёс» ці не самая вялікая ў аршанскім рэгіёне суполка свабоднага прафсаюзу.

Страйкі з эканамічнымі патрабаваньнямі сталіся на прадпрыемстве вельмі частай зьявай. Ужо сёлета забастоўку правялі ліцейшчыкі першага ўчастку мэханічнай вытворчасьці. 13 студзеня адміністрацыя прадпрыемства папрасіла рабочых вярнуцца на свае працоўныя месцы, паабяцаўшы да 22 студзеня вырашыць пытаньне аб падвышэньні расцэнак працы.

Аднак 22 студзеня рабочыя адказу так і не дачакаліся. Таму 25-га, у панядзелак, актывісты страйку зноў не прыступілі да працы і зьвярнуліся да адміністрацыі, якая зноў-такі папрасіла іх пачакаць 2-3 дні.

Зрэшты, у самім кіраўніцтве фірмы сёньня таксама няма ладу. Толькі за апошнія два гады тут трэці раз зьмяніўся дырэктар, бо кіраваць стратным прадпрыемствам і цяжка і непачэсна.

Летась фірме споўнілася 125 гадоў, і ні разу ад часу заснаваньня ў якасьці маленькага драцяна-цьвіковага заводу да сёньняшняга дня прадпрыемства не было ў такім бядотным стане. Наадварот - яшчэ гадоў дзесяць таму завод пад колішняй назвай «Чырвоны Кастрычнік» быў вядомым на ўвесь Савецкі Саюз гігантам радыёэлектроннай прамысловасьці. Сёньня фірма «Лёс» належыць Міністэрству Сувязі. І выпускаюцца тут у пераважнай большасьці ня толькі ранейшыя УКХ-радыёстанцыі, якія калісьці мелі вялікі попыт, а банальныя паштовыя скрыні, дзьвярныя кручкі ды вазоны пад кветкі. Яны бядотнае фінансавае становішча зусім не ратуюць.

Адпаведна прыйшоў у заняпад і невялікі гарадок Барань, дзе фірма «Лёс» - адзінае прамысловае прадпрыемства на 14 тыс. жыхароў. Цяпер яны ператвараюцца ў жабракоў на родным прадпрыемстве ці ўвогуле папаўняюць шэрагі беспрацоўных.

Але ёсьць на «Лёсе» і тыя, хто не апанаваны тугой па разваленым Савецкім Саюзе і колішнім адносна сытым жыцьці. Яны нават сёньня вераць у магчымы росквіт нацыянальнай эканомікі і ў моц рабочага руху. Пераканаўшыся ў пасіўнасьці адміністрацыі, двое «лёс»-аўскіх актывістаў свабоднага прафсаюзу ўвайшлі ў заснаваны 15 студзеня ў Воршы рэгіянальны страйкавы камітэт.

XS
SM
MD
LG