Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 студзеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Амаль 700 дэпутатаў парлямэнтаў розных эўрапейскіх краінаў паставілі свае подпісы ў падтрымку арыштаваных беларускіх калегаў Андрэя Клімава і Ўладзімера Кудзінава. Арганізатар акцыі - камісія міжнародных справаў Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня.

Усе дэпутаты Сойму Польскай Рэспублікі, якія прынялі зварот у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі і якія запатрабавалі вызваленьня з турмы Андрэя Клімава і Ўладзімера Кудзінава, далі сваю згоду на тое, каб іхныя подпісы ўвайшлі ў лік тых подпісаў, што зьбіраюцца ў парлямэнтах Эўропы. Менавіта такую інфармацыю атрымаў з Варшавы старшыня камісіі міжнародных справаў Вярхоўнага Савету Беларусі XIII скліканьня Анатоль Лябедзька. Менавіта гэтая камісія, а таксама фракцыя «Грамадзянскае Дзеяньне», у якую ўваходзяць дэпутаты-вязьні, і пачалі акцыю. Ейнай мэтай стала сабраць ня менш за 500 подпісаў у падтрымку Андрэя Клімава і Ўладзімера Кудзінава.

Першымі адгукнуліся на зварот дэпутатаў Беларусі іхныя калегі зь Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Затым да іх далучыліся парлямэнтарыі яшчэ шмат якіх краінаў, сярод іх - Славенія й Фінляндыя, Румынія й Швэцыя, Літва й Нямеччына. Колькасьць парлямэнтаў, якія далучыліся да акцыі салідарнасьці зь беларускімі калегамі, ужо складае аж 21.

Паводле інфармацыі Анатоля Лябедзькі, з дня на дзень чакаюцца матэрыялы з подпісамі дэпутатаў вышэйшых заканадаўчых ворганаў Аўстрыі й Славаччыны. Парлямэнтарыі гэтых ужо правялі збор подпісаў і цяпер аформленыя належным чынам лісты знаходзяцца ў дарозе.

Вялікую колькасьць подпісаў зь Вільні прадстаўнікі парлямэнту Літвы, якія будуць гасьцямі Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў Беларусі, што адкрыецца 29 студзеня, прывязуць непасрэдна з сабою ў Менск.

Такім чынам, задумка ініцыятараў акцыі ня проста выкананая, а й значна перавыкананая. Аднак гэта не дае падставы спыняць добрую справу. Як лічыць сп. Лябедзька, чым больш галасоў парлямэнтарыяў будзе выказана ў падтрымку беларускіх дэпутатаў-вязьняў, тым больш шанцаў, што яны хутчэй выйдуць на свабоду. А па-другое - камісія міжнародных справаў Вярхоўнага Савету XIII скліканьня хоча падаць сваю справаздачу аб акцыі на чарговае паседжаньне дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Плянуецца, што пасьля гэтага ўдзельнікі паседжаньня зьвернуцца ў шэраг міжнародных парлямэнцкіх арганізацыяў з просьбаю, каб тыя ўзьнялі пытаньне аб вызваленьні беларускіх дэпутатаў-вязьняў на міжнародным узроўні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG